...Мы, дзеці, радаваліся не толькі таму, што дае карысць. Мы цешыліся i ад таго, што ўжо можна пачапіць змайстраваныя з бацькам шпакоўні на бярозы, што каля ix ужо заявіліся чарнаватыя свістуны, падбіраюць i носяць у аблюбаваныя домікі сухую траву i апалае з курэй пер'е, любаваліся, калі шпачыха сядзела на яйках, а яе гаспадар радасна свістаў побач. Мы з нейкім незвычайным натхненнем ганяліся за майскімі жукамі (хрушчамі), чулі жабіныя спевы ў нашай копанцы, узбуджаліся ад кацянят, якія нечакана выпаўзалі са свайго тайнага сховішча i пачыналі, жаласна мяўкаючы, поўзаць-тыкацца па нашым двары (якраз у такую часіну наш бацька сачыў, якое кацяня кошка падбярэ першым i схавае, тое ён пакідаў, а астатніх... Я i сам, варвар, пазней некаторых лішніх кацянят, ездзячы на веласіпедзе ў школу ў суседнюю вёску, звозіў у торбе ці на згубу, ці на чуласць іншых людзей). Было, нідзе не дзенешся, i такое, i яшчэ іншае...
...Радасць, па-сённяшняму простая, звычайная, a часамі дзіўная, а то i дураслівая, была бязмежная:
язда-пацешка верхам на рахманым парсюку альбо на дурным то дурным, але непаслухмяным, па-свойму фанабэрыстым баране, першая спроба ўзабрацца з плота на спіну каня i, не адчуўшы пад сабой звыклай зямлі, паехаць, ледзь не заплюшчваючы вочы ад галавакружнай вышыні, ці, як здавалася, ад шалёнага бегу;
узрушэнне, калі здалёку пачуецца самалётны гул, а пасля пакажацца ён i сам, зусім невялікі, як бусел. Бяжыш пад ім, пасля ўслед, махаеш рукою i галёкаеш на ўсе грудзі. Мара на доўгія гады стаць лётчыкам;
ажыўленасць, калі ідзеш з бацькам у лес рэзаць дровы ці збіраць грыбы з сабакам, які вар'яцее ад волі, утрапёна носіцца то туды, то сюды, падбягае, ускоквае на заднія лапы, a пярэднімі лёгка штурхае ў грудзі, ліжа табе твар. Вялікай навіной выпадковая сустрэча з вожыкам, зайцам альбо з лісой, асцярожлівасць (нават i ў бацькі), кал i наткнется на лася ці на дзікаву сям'ю;
здзіўленне, што перарастае ў вусціш, ад таго, што ў адну марозную светлую ад яркага месяца ноч па недалёкай ад нас пагонцы каля Масавічоў спакойна i смела ішла з Падзеры да вёскі агромністая ваўчыная зграя, за якой мы з бацькам назіралі з нашага двара. Вусціш быў таму, што заціхлі, анямелі ўсе сабакі як на хутарах, так i ў вёсцы. Тая зграя, як мы бачылі, зусім крыху не дайшоўшы да вёскі, па яе дарозе-сцежцы непарушна падалася ў Налібацкі лес, у пушчу. Леснікі пасля казалі, што тую агромністую, але паслухмяную, ціхую зграю вяла мацёрая ваўчыца;
вялікая ахвота i прага схадзіць з маці альбо ўжо аднаму ў вёску, дзе шмат блізкіх адна ад адной сяліб, дзе дарогабрукаванка, па якой ездзяць не толькі на калёсах, але час ад часу i на матацыкле ці на машыне, дзе шмат люду, дзяцей, дзе ёсць магазін, а там можна купіць не толькі каністру газы, але i шмат чаго іншага, скажам, цукерак-падушачак i лікёравых пернікаў (там я па Мішкавым пад'юшчванні ў школьныя ўжо гады купляў раз-другі за ўкрадзеныя дома яйкі цыгарэты «Бокс» — «Будет Обратно Карточная Система», як аднойчы з жартам сказаў у нашай хаце за чаркай госць-упаўнаважаны з Івянца). У вёску я калі-нікалі з маладымі хутарскімі хлопцамі i дзяўчатамі хадзіў вечарамі ў кіно, купляючы ў кіншчыка білет-квіток за пяць капеек альбо за яйка (той жа Мішка білета ніколі не купляў, зашываўся за шырмаю ў які цёмны куток ці глядзеў разам з іншымі безбілетнікамі праз акно).
Урачысты быў паход пешшу ці паездка на веласіпедзе за вёрст сем па стаўбцоўскай дарозе ў Дзераўную — самую вялікую вёску нашых мясцін. Дзераўная ўражвала сваім вялікім памерам, у ёй было столькі вуліц i вулак, што я баяўся там заблудзіцца, а да ўсяго там былі клуб, школадзесяцігодка, амбулаторыя, аптэка, бальніца, пошта, самыя розныя магазіны, а пазней у цэнтры, на перакрыжаванні вуліц, заявілася i сталоўка, было шмат шыкоўных дамоў, люду i, як тады мне здавалася, як нідзе, нямала варожых да іншых вяскоўцаў падлеткаў. Там трэба было заўсёды трымаць вуха востра, пачнеш лічыць варон — тыя тут жа штосьці ўкрадуць з твайго веласіпеда (у мяне найчасцей у Дзераўной знікала з веласіпеда помпа).
Ды найярчэйшая асаблівасць Дзераўной — яе даўні, з 1590 года, дагляны касцёл. Цяпер я ведаю, што ён — кальвінскі збор, перабудаваны, помнік готыкі i рэнесансу, а тады ён мяне проста ашаламляў i сваёй тоўстай i высокай, не дастаць рукой, каменнай агароджаю, i сваім агромністым, як уяўлялася, ажно да самага неба, гмахам, вялікімі белымі сценамі з вузкімі, паўкруглымі ўверсе вокнамі, з вострай вежаю, на якой быў вялікі бліскучы крыж. Як я чуў, якраз тады яго, гэты касцёл, улады хацелі зачыніць, зрабіць з яго склад ці нават узарваць, як учынілі такое ў іншых вёсках, але дзераўнянцы з іншымі сваімі парафіянамі пачалі выстаўляць каля касцёла сваю варту, не падпускаць да яго начальства i салдат з узрыўчаткай, напісалі ліст, сабралі пад яго не адну тысячу подпісаў i паслалі з ім дэлегацыю ў Мінск ажно ў «самое Цэка». Карацей, касцёл адстаялі, i я ў ім адбываў першую споведзь, пасвячаўся ў католікі.
Читать дальше