Аляксандр засмяяўся. Ён паклаў руку на плячо старому:
— Царква, дзядзька Цярэшка, тая ж цюрма для душы чалавека. А колькі зямлі папоўскай па ўсёй Расіі! Чыя яна? Наша! На фронце равуць грывастыя стаеннікі з крыжамі ў руках, забіваць бласлаўляюць, на смерць жывых саборуюць, а за што? От і мазгуй, чыя вера лепшая.
У ліхтары дагарала свечка. Вагон стукаў і рыпеў, зыбаючыся на стыках і стрэлках. За акном чарнела асенняя ноч. Аляксандр на самай верхняй паліцы ўгледзеў шчыгульныя хромавыя боты, што вытыркаліся з-пад афіцэрскага шыняля, цёмную патыліцу, а вуха і твар былі прыкрыты вайсковай фуражкай без какарды.
— Нейкае ваша благароддзе едзе ў наш бок,— кіўнуў на паліцу.
— Садзіўся аскубаны афіцэрык без палётаў, і гузікі сукном паабшываныя. Здэцца, з Ермаліцкай пароды. Як зашыўся ў Бабруйску, дык дасюль не чхнуў ні разу. Відаць, не ў свой вагон сеў,— адказаў стары Цярэшка.
Цягнік спыняўся каля нейкіх слабенькіх агеньчыкаў, чухкаў паравоз, знадворку чутна была лаянка асіплых галасоў. За акном праплывала жоўтая пляма ліхтара, спалохана вішчаў гудок, і зноў павольна ляскалі колы, калыхаўся састаў і поўз у цемрадзь.
У вагоне храплі, чухаліся і мармыталі спрасоння. Стаяў цяжкі дух разапрэлых ануч і аўчын, пякельнага самасаду і дзёгцю. У цёмных кутках дзядзькі гаманілі пра надзелы, пра казённы і панскі лес, пыталіся адзін у аднаго, ці надоўга тая слабода, ці не боязна дзяліць зямлю, каб потым гэта бокам не вылезла.
Аляксандр прыткнуўся на краёчку лаўкі, прыплюшчыў вочы, але не спаў. Ён прыслухоўваўся да ўсяго, пра што гаманілі. Сялянскія трывогі і няўпэўненасць былі зразумелыя яму: людзям не верылася, што зямля можа быць іхняй — скінулі цара, а паны як былі, так і асталіся, і той жа стражнік з мешалкаю пры боку хадзіў па сяле і не аднаго такога Цярэшку ні за панюх табакі загнаў у кутузку. От і баяцца яшчэ. А яны ж цяпер самі — сіла. Толькі адкрый ім вочы, каб паверылі ў сябе, каб зразумелі, што стрэслася ў свеце.
Аляксандр успамінаў усё, што бачыў і перажыў за гэты тыдзень. Няўжо прайшоў толькі тыдзень? Ён зірнуў на свае каляныя чаравікі. Здавалася, з іх яшчэ не атросся пыл петраградскіх вуліц, а шынель пахне дымам кастроў, што палалі ля Смольнага і на плошчы перад Зімнім. Ён бег разам з матросамі і салдатамі па гэтай плошчы, лез праз чыгунныя вароты, туліўся да шурак дроў, да мокрых сцен. Потым па мяккіх дыванах ступаў з прыступкі на прыступку, усё вышэй і вышэй, у такім бляску, што аж сляпіла вочы. Бачыў, як матросы выводзілі напалоханых чырванамордых міністраў у расшпіленых мундзірах і накінутых на плечы палітонах, як салдаты ў вялізных залах, у пераходах, калідорах і цёмных бакоўках шукалі Керанскага.
Круцілася ў галаве кола ўспамінаў: даўжэзныя гаманлівыя, поўныя салдат і матросаў калідоры Смольнага. Здавалася, ён і цяпер чуе бразгат вінтовак і кацялкоў, грукат падкаваных ботаў каравула. Запомнілася, як з вялікіх дзвярэй, трымаючы ў руцэ доўгую тэлеграфную стужку, выставіўшы наперад плячо, нібыта разразаючы тугі вецер, прабег па калідоры невысокі з лысінаю чалавек. Усе расступіліся, давалі яму дарогу. Ён з некім вітаўся, нешта гаварыў і так, як з'явіўся, нечакана знік за высокімі дзвярамі. Услед за ім каціўся шэпт: «Ленін, Ленін пайшоў! Бачыў Леніна? Гэта ж ён».
Зноў нарастаў грукат прыкладаў і крокаў. Аляксандр прахапіўся. Стукалі колы. Насупраць, скурчыўшыся, як малое дзіця, спаў дзядзька Цярэшка. Храплі і мармыталі ў сне мужчыны і кабеты. Прыткнуўся шчакою да жалезнага прэнта і роўна соп Анупрэй. Толькі круціўся на мулкай паліцы «аскубаны» афіцэрык. Убачыўшы Аляксандра, ён прыкінуўся, што спіць.
Аляксандр прыхінуўся да акна, хацеў пазнаць, дзе яны едуць. Да чорнай шыбіны папрымярзалі снежныя крупы, пашарэла зямля, і больш нічога не было відно.
Так болей ён і не заснуў, аж пакуль не прыехалі ў Ратміравічы. Далей цягніку не было куды ісці — тупік.
Загуў, замітусіўся, загаманіў вагон. Свечка даўно дагарэла. Спрасонку ўсе таўкліся, штурхаліся, тыцкаліся, як сляпыя. З-пад ніжніх лавак сунуліся нечыя ногі, на іх наступалі тыя, што праціскаліся ў праходзе, спатыкаліся і лаяліся на чым свет стаіць, зверху на галовы спаўзалі клункі, лубяныя каробкі і торбы, ссоўваліся спіны ў кажушках і світках.
— Параска, га, Параска, дзе ты там? Ці не ў цябе мая торба?
— Куды прэш, каб табе паўлазіла!
— Мірон, уставай, прыехалі!
— От даваяваліся, што няма і свечкі,— гугнявіў сіпаты голас.
— І сноўдаемся, як тыя авечкі,— у лад яму адказала бойкая жанчына.
Читать дальше