Разам з добраахвотнікамі ахоўваць дарогу астаўся былы матрос.
Бой завязаўся толькі пасля поўначы, калі асноўныя сілы партызан даволі далёка адышлі па лясных сцежках.
Як толькі на паваротак выткнуліся жаўнеры, Раговіч секануў па іх густою чаргой, паводзячы з боку на бок кароткай рулькаю кулямёта. Месяц зацягнуўся аблокамі, цені расплыліся, таму і тыя і другія стралялі ў белы свет, як у капейку. Партызанскі заслон не вельмі спяшаўся адыходзіць, а белапалякі не надта насядалі: ваяваць з дзядамі ды з кабетамі было прасцей і бяспечней, чым адкрыта лезці пад партызанскія кулі.
Кулямёты сакаталі злева і справа ад Раговіча. Значыць, сапраўды, легіянеры хацелі неспадзеўкі акружыць вёску. Каб не папярэдзіў стары Салавей, так бы і накрылі абодва атрады. А цяпер не дагоняць, ды яны і не вельмі рвуцца даганяць.
Партызанскія заслоны памалу адыходзілі ў лес. Страляніна сціхала, пакуль не змоўкла зусім.
Рудабельская партызаны лясамі адыходзілі на Парычы, а там, за Бярэзінаю, ужо стаяла Чырвоная Армія. На яе помач і спадзяваліся рудабельцы: патроны канчаліся, вінтовак на ўсіх не хапала, мала было і людзей. А белапалякі толькі ў Рудабелку прыгналі паўтары тысячы салдат, прыкацілі гарматы і штук трыццаць кулямётаў. От і паспрабуй іх адолець. Хоць з восені ў лесе і паставілі буданы з плашак, але ў такую халадэчу ў іх не ўседзіш. Параіліся камандзіры паміж сабою і вырашылі на зіму прабівацца за Бярэзіну.
Ідучы, па самыя пахі грузлі ў снезе, мароз абпальваў насы і шчокі, яны чарнелі і аблузваліся, распухалі ад холаду пальцы, заядалі вошы, голад падцягваў жываты і круціў перад вачамі зорную мітульгу. А партызаны ішлі і ішлі лясамі, спадзеючыся акрыяць, набрацца сіл, узброіцца і, як толькі сыдзе снег, ударыць па легіянерах і назаўсёды ачысціць сваю воласць.
Максім Ляўкоў прыпыніўся, пачакаў фурманку, на якой ехала Параска. Яна па самыя вочы захуталася саматканаю хусткай, пасівелай ад інею.
— Ты часам, Параска, не ведаеш, куды дзеўся наш рэўкомаўскі сцяг? — запытаў Максім.
— Чаму ж не ведаць? Тут ён.— І яна правяла кажушнаю рукавіцай па высокіх грудзях. Ляўкоў усміхнуўся.
— А я падумаў, што ты на нішчымніцы так раздалася. Ну, маладзец. Беражы, хутка спатрэбіцца.
За Бярэзінаю абодва атрады ўліліся ў восьмую дывізію шаснаццатай арміі.
Партызаны адпарыліся ў вясковых лазнях, аблаталіся, падабуліся ў вайсковых капцёрках, да шапак папрышпільвалі чырвоныя зорачкі, адзеліся ў гімнасцёркі, таму-сяму выдалі шынялі і ўсіх залічылі на вайсковы паёк. Разам з чырвонаармейцамі рудабельцы трымалі абарону, хадзілі ў разведку, часам наляталі на суседнія гміны і пастарункі. Параска, прыкідваючыся то бежанкаю, то варажбіткаю, дабіралася аж да рудабельскіх хутароў. Аднойчы і да Бабруйска дапяла. Вярнулася, а землякоў абрадаваць не было чым: усіх рудабельскіх заложнікаў «канаркі» расстралялі ў крэпасці.
Слёзы змешваліся з пякельным гневам, з прагаю хутчэй адпомсціць за смерць і пакуты, вызваліць родзічаў і блізкіх ад шомпала і бізуна.
Партызаны чакалі вясны.
А ў воласці разгулялася шляхта. Людзі глядзелі і казалі: «Ускруцілася гайня, як перад пагібеллю». У мясаед у кожным засценку гулялі такія вяселлі, што аж дым курэў. Па тры дні пілі і елі, «да памрацэння гловы» скакалі мазуркі і падэкатры. На масленіцу з гіканнем і свістам у лёгкіх саначках у абдымку з пазнанцамі і прыгожымі ўланамі каталіся расчырванелыя шляхцянкі. Яны знарок прыязджалі ў Карпілаўку пафарсіць перад «мужыччом». Хоць і не ўмелі, але стараліся гаварыць «по-польскему». Шулякі ўжо называлі сябе Шулякоўскімі, Шпакі — Шпакоўскімі. Шапялявыя шляхцючаняты ўжо старанна расказвалі вершык:
— Кто ты естэсь?
— Поляк малы.
— Які знак твуй?
— Ожэл бялы.
Няхай бы гулялі сабе ў «паньства», хай бы цешыліся. Але павыпаўзалі колішнія бандзюкі з банды Казіка Ермаліцкага і Плышэўскага, наняліся ў паліцыянты, гарцалі па сёлах услед за Смальцам, паласавалі бізунамі і шампаламі блізкую і далёкую партызанскую радню, выграбалі з хат усё да каліва. Вынюхвалі, вышуквалі, чыю б яшчэ душу прадаць пану каменданту.
З хаты Рамана Салаўя шляхцюкі не спускалі вачэй: ведалі, што стары ходзіць да партызан, можа і за фронт цягаецца. На дзень, другі прыйдзе дамоў, аташчалы, увесь пакамечаны, крутнецца і зноў знікае на некалькі тыдняў. Даўно некуды сышла і ягоная Марылька. У хаце ўпраўляецца адна Ганна. Дзень і ноч таўчэцца і маўчыць: не пажаліцца нікому, ні з кім не загаворыць — адна і адна.
Читать дальше