— Толькі прыйдзецца аперыраваць, можа нават адняць нагу. Вы згодны?
— Хоць зарэжце, абы не мучыцца,— працадзіў Лявон.
На другі дзень панеслі Адзінца на аперацыю. Нага і пальцы былі сінія, як пераспелыя слівы.
— Ампуціраваць.
Доктар і яго памочнікі дзівіліся трываласці і цярплівасці гэтага чалавека. Каб не пачалася гангрэна, прыйшлося адняць левую нагу трохі ніжэй калена, ампуціраваць пальцы на другой назе і на абедзвюх руках.
— На сяле гэта ўжо не работнік, але жыць будзе,— спачуваў і разам з тым радаваўся Марзон.
Калі Адзінец трохі ачуняў, да яго на ложак падсеў доктар.
— Ну, як сябе адчуваем?
— Палегчала трохі,— адказаў Лявон.
— Ды і вы палегчалі, прыйшлося трохі падкараціць вас. Што скакаць будзеце, не абяцаю, а з кійкамі цяпер многія ходзяць. Вы маладзец, Лявон Яўхімавіч: такое не кожнае жалеза вытрымае.
— А рудабельскі бальшавік выцерпеў. Цяпер таіцца няма чаго — падтыкнуў паскудны шэршань. Так што вы, доктар, каля мяне не вельмі завіхайцеся. Усё адно крышка.
— Не плявузгайце глупства, таварыш Адзінец,— узлаваўся Марзон і выбег з палаты.
Адно слова «таварыш», а як яно ўзрадавала Лявона, як захацелася верыць у паратунак, спадзявацца на гэтага невялічкага жвавага доктара.
Адзінец тады яшчэ не ведаў, што ў 1917 годзе доктар Марзон працаваў у Земскім Саюзе разам з Міхаілам Васільевічам Фрунзе. Потым пераехаў у Бабруйск, стаў старшынёй дэмакратычнай земскай управы, увесь час дапамагаў падпольшчыкам і партызанам. Не ведаў, што не так даўно белапалякі арыштоўвалі Уладзіміра Восіпавіча, але на абарону доктара падняўся ўвесь горад.
Цяпер адно слова «таварыш» было падобна на пароль, па якім свае пазналі сваіх, верылася, што доктар Марзон не аддасць яго на здзек і пагібель.
Лявон ляжаў адзін у маленечкай палаце, бо адначасова быў тыфозным і хірургічным хворым. Ён нудзіўся ў адзіноце, хацелася пагаварыць, можа даведаўся б што-кольвек пра сваіх, а тут ён бачыў санітарку, сястру, якая ўмела так далікатна здымаць бінты, ды часам забягаў доктар і радаваўся, што хворы ідзе на папраўку, што добра зарубцоўваюцца швы, што трымаецца амаль нармальная тэмпература.
— А калі зойдзе хто старонні, ляжыце з заплюшчанымі вачыма і не варушыцеся,— папярэджваў Марзон.
Разы са два прыходзіў у бальніцу паручнік з палявой жандармерыі, цікавіўся, ці не ўцёк іх падвопытны бальшавік. Доктар казаў яму, што становішча хворага безнадзейнае, што ў дадатак да тыфусу і абмаражэння ў яго цяжкая пнеўманія. Ён прыводзіў паручніка ў палату, паднімаў коўдру, паказваў забінтаваныя куксы і абыякава махаў рукой. Аднаго вечара доктар зайшоў у палату, прычыніў дзверы і ціха сказаў:
— Платон Фёдаравіч кланяўся вам.
Адзінец памкнуўся ўстаць.
— Ц-с-с! — прыклаў палец да вусікаў Марзон.— Нічога не пытайцеся. Лепш слухайце. Сёння ноччу мы развітаемся. Што б з вамі ні рабілі, маўчыце. Памятайце, вы — труп, і трымайцеся, як труп. А далей будзе ўсё добра.
Калі наступіла ноч, на двор ціха ўехала фурманка і спынілася каля морга. У палату зайшлі два санітары з насілкамі. Лявону зрабілася крыху страшна, што яго ў адной бялізне панясуць на холад, што наперадзе нейкая невядомасць. Суцяшала толькі адно імя — Платон Фёдаравіч.
Санітары ў ложку нацягнулі на яго штаны і фуфайку, асцярожна паклалі на насілкі, зверху прыкрылі прасціною і панеслі па вузкіх бальнічных калідорах. З суседніх палат выглянула некалькі хворых, якіх не браў сон.
— Што, абмарожаны богу душу аддаў? — спытаў чарнявы насаты дзед.
— Адмучыўся! — адказалі санітары.
— Царства яму нябеснае,— перахрысцілася жанчына, захутаная ў коўдру. Ад тупату і рыпення дзвярэй папрачыналіся многія хворыя, праз праталінкі ў шыбінах яны бачылі, як адчынялі дзверы «трупярні», уносілі насілкі, як выходзілі адтуль санітары.
Толькі ніхто не бачыў, як з другіх дзвярэй морга Платон Равінскі і Шолам Агал вынеслі Лявона Адзінца, паклалі яго на сані, закруцілі коўдрамі, прыкрылі кажухом і па цёмных закавулках і пустырах павезлі за пераезд на кватэру старога чыгуначніка Уладзіміра Стрэле.
А раніцой уся бальніца ведала, што ноччу памёр абмарожаны камісар.
У моргу ляжаў труп пакалечанага цягніком чалавека з забінтаванымі куксамі, якраз як у Адзінца.
7...
Партызан набілася ў кожную хату пад самую столь. Сушыліся світкі, анучы і рукавіцы. У кутах цьмяна пабліскавалі запацелыя стрэльбы. Спалі покатам на палках, на печы, на падлозе, трызнілі і кідаліся, камандавалі і ўсхліпвалі спрасонку.
Читать дальше