Белапалякі пачалі акружаць камандзіра. Ён ужо не адстрэльваўся, але ўсё яшчэ стаяў, прыпёршыся шырокімі плячыма да сцяны. Пад нагамі дымілася лужына крыві. Асцярожна падкрадаліся легіянеры. Ім хацелася схапіць партызана, хоць параненага. Калі яго акружылі і паручнік крыкнуў: «Рэнкі до гуры!» — Максім Ус не паварушыўся. Ён так і стаяў, прыпёршыся плячом да сцяны. Боты прымерзлі, вінтоўка звалілася ў снег.
Легіянеры ўпершыню ўбачылі чалавека, які памёр стоячы.
А атрады кароткімі перабежкамі прабіваліся к лесу. Людзі правальваліся ў глыбокі снег, ад холаду і стомы дранцвелі рукі, ледзьве варушыліся сцягнутыя марозам губы. Але партызаны стралялі і паўзлі, паўзлі і стралялі. Снег паружавеў ад водбліскаў далёкіх і блізкіх пажараў, неба было ў чырвоных падпалінах.
Каля руднянскіх могілак засакатаў кулямёт. Па ім ударылі з вінтовак, і ён захлынуўся. Хлопцы з узвода Валодзькі з двух бакоў папаўзлі да могілак. Кулямётчык канаў, але яшчэ хроп на снезе. Прыгінаючыся, за кустамі ўцякала трое легіянераў. Партызаны хацелі «касануць» па іх з кулямёта, а ён, як на тое ліха, замерз. Не кідаць жа яго чорту лысаму. Зачапілі і пацягнулі за сабою.
У лес уваходзілі на змярканні. Было відно, як у Карпілаўцы, Дуброве і ў Смыковічах дагараюць хаты і свірны. Ні крыкі, ні гул пажару не даляталі сюды. Толькі шумелі прыцярушаныя снегам хвоі, атрасаючы з галін густую замець. Па лесе перагукваліся партызаны:
— Амяллян, дзе ты?
— Карп, ты жывы?
— Карпілаўскія, сюды!
Камандзіры збіралі сваіх партызан. У кожным узводзе некага не далічваліся. Не верылася, што загінуў Максім Ус, што засталіся ляжаць на снезе маладыя таварышы. А яшчэ раніцою яны смяяліся, частавалі адзін аднаго самасадам, беглі, стралялі, паўзлі па полі.
Стомленыя, галодныя партызаны туліліся спінамі да хвояў і моўчкі адпачывалі. У кожнага дома асталіся свае. Што з імі? Можа на селішчы дагараюць галавешкі, а бацьку, маці, жонцы і дзецям няма куды прытуліцца...
На пянёк ускочыў Максім Ляўкоў. На ім быў падраны кажушок, вялікая авечая шапка і старыя падшытыя валёнкі. З-за папружкі тырчалі наган і дзве гранаты. Да старшыні пачалі падыходзіць партызаны.
— Таварышы,— ціха пачаў ён.— Сёння мы страцілі многіх сяброў. Легіянеры паляць нашы хаты, здзекуюцца з блізкіх. Мы не ўстоялі перад гарматамі і кулямётамі, але і не здаліся. Будзем збіраць сілы, каб хутчэй выбіць ворага з нашай воласці. Адпомсцім за таварышаў, вызвалім нашы сем'і ад панскіх здзекаў.
У лесе ёсць у нас некалькі буданоў, але ў іх у такую халадэчу не ўседзіш. Можа вясною яны нам і спатрэбяцца, а цяпер пойдзем у Граб'ё, апамятаемся, падумаем, што будзем рабіць.
— Чаго там думаць? Адна ў нас работа,— выгукнуў маладзенькі высокі Амяллян Падута,— біцца за савецкую ўласць.
Да Ляўкова праціснулася Параска. Яна з-за пазухі дастала скрутачак у белай хусцінцы і падала Максіму.
— На, старшыня, схавай. Можа скора спатрэбіцца.
Ляўкоў развязаў хустачку. У яго руках было чырвонае палотнішча рэўкомаўскага сцяга. Ён падняў яго высока над галавой.
Па цёмным лесе, прадзіраючыся праз гушчар, праз замеценыя снегам вывараты, правальваючыся ў сумёты, ішлі партызаны шукаць сабе прыстанку.
У вёсках галасілі жанчыны па забітых сынах і мужах, па братах і каханых. Плакалі замурзаныя і закураныя пагарэльцы, просячыся ў хату да радні або да суседзяў.
А пад вечар пайшлі па дварах «канаркі». Так адразу празвалі палявую жандармерыю з жоўтымі аколышкамі на канфедэратках. Вушы белапалякі закрывалі чорнымі аксамітнымі навушнікамі, у кішэнях насілі маленькія бляшаныя грэлкі з запаленым усярэдзіне вугалем. Ад іх заўсёды пахла прыпаленай воўнаю.
«Канаркі» не ішлі абы-куды, а заварочвалі толькі ў тыя хаты, на якія нехта падтыкаў. Бо адкуль бы ім ведаць, дзе хто жыве, колькі ў каго сыноў і дзе яны.
Наводзіла жандараў засцянковая шляхта. А тыя ўрываліся ў хату, сцягвалі з печы старых дзеда ці бабу, свістаў бізун, чуліся крыкі і енкі.
Вельмі ж ужо лютаваў канапаты, з тлустай мордаю Зігмунд Смальц. Ён не глядзеў ні вока ні бока: так хвастаў шомпалам, што аж пырскала кроў.
Чалавек сорак збітых мужчын і кабет сагналі да воласці. Яны панура чакалі, што ім скажуць, куды пагоняць далей. Наўкол салдаты з карабінамі рыпалі падкаванымі ботамі па ўтаптаным снезе. На ганак выйшаў куртаты камендант з бурачковым тварам. Ён нават не паглядзеў на людзей, што стаялі перад ім.
— Ежэлі вашы галганы не пшыдуць до гміны і не жуцяць зброю, іх ойцы і маткі бэндуць растшэляны.
Читать дальше