— Як, жывога чалавека, у такі мароз? — абурыўся Пятрок.
— Мільч, мільч, пся маць,— закрычаў паліцыянт.
Стары выграб з палукашка сена, кінуў яго ў кут, трасучыся ад плачу, памог пляменніку дайсці да гэтага смяротнага лагла, прыкрыў пасцілкаю, перахрысціў, як нябожчыка, і, захлынаючыся слязьмі, ціха сказаў:
— Прашчай, Лявоніха.
Зарыпелі вялікія дзверы, бразнуў і заскрыгатаў замок. Пятрок ускочыў у пустыя сані, хвастануў лейцамі заінелага коніка.
Назаўтра, як добра ўвіднела, начальнік жандармерыі загадаў вывезці і закапаць акалелага бальшавіка, каб часам не распаўзлася зараза.
Праз некалькі хвілін прыйшоў той самы доўгі паліцыянт і далажыў:
— Ён жывы. Просіць піць.
— Жывы? — здзівіўся начальнік.— Пачакаем да вечара.
І вечарам Лявон быў жывы. Быў жывы і назаўтра і на трэці дзень. Толькі распухлі і пачарнелі на руках пальцы, а нагамі ён ужо не мог паварушыць.
У жандармерыі толькі і гаварылі пра жывучага рудабельскага камісара, хадзілі паглядзець на яго. Лявон ціха стагнаў і трызніў у гарачцы, клікаў Ульяну, прасіў дзядзьку Петрака, каб наганяў хутчэй. Калі рыпалі дзверы, ён замаўкаў і толькі ціха-ціха прасіў піць.
На трэці дзень у стайню зайшоў сам начальнік. Ён загадаў падняць посцілку. Паліцыянт кійком ссунуў яе з Лявона. Счарнелыя тоўстыя пальцы набрынялі, як налівачы. Але камісар быў жывы. Гэта здзівіла начальніка. Трое сутак на такім марозе не вытрымаў бы і здаровы чалавек, а гэты ўстаць не можа, а жыве. І начальнік загадаў зараз жа адвезці арыштаванага ў Бабруйск і здаць у бальніцу: «Проста для цікавасці, для вопыту. Што за конскае здароўе!»
Паліцыянты тут жа, каля воласці, падхапілі фурманку, падагналі яе да стайні, узвалілі Лявона на сані і павезлі. Абмарожаныя рукі і ногі торгалі, пяклі, балелі, як свежыя раны, нарывалі, як скулле. Лявон кусаў губы і маўчаў, чакаючы пагібелі — адзінага збавення ад нечалавечых пакут. На марозе жар меншаў, і ён думаў пра Ульяну, дзе яна, што робіць? Хоць бы яе не зачапілі. Успамінаў таварышаў: як там кончыўся бой, хто адалеў, а хто загінуў? Чуў толькі, як білі гарматы, у сёлах гулі пажары, ведаў, што партызаны адступілі ў лес. А што далей?
«А далей,— думаў Лявон,— зайдуся на гэтай сцюжы ад тыфусу, голаду і холаду, вывернуць з саней у канаву ваўкам, от і ўсё». На змену адчаю прыходзіла надзея: «Не, не можа быць, каб усё. Трэба датрываць хоць да Бабруйска. Можа з бальніцы ўдасца наказаць таварышам. Там жа, пэўна, нехта астаўся ў падполлі. Толькі б датрываць...»
І Лявон збіраў апошнія сілы, раўней дыхаў, прыслухоўваўся, як тахкае сэрца, як доўга і нудна звініць у вушах. Ён то правальваўся ў дрыготкую цемру, нібы на дно бяздонной ракі, то зноў выплываў, чуў, як рыпяць палазы і хрупаюць па настылым снезе падковы.
Да Бабруйска ён усё ж датрываў. У бальніцу прыехалі ноччу. Памкнуўся ўстаць, але так і зваліўся назад — ногі былі, бы чурбаны.
Санітары ўнеслі Лявона ў калідор, хацелі сцягнуць чобаты, але яны папрымярзалі да ступакоў. Рукі ў цяпле зайшліся да крыку, нібы тысячы іголак пазаганялі пад пазногці. Канваіры паклікалі доктара, нешта яму гаварылі, пісалі нейкую паперу і, упусціўшы клубы холаду, шумна выйшлі з бальніцы.
Як толькі зачыніліся дзверы, невялічкі рухавы доктар імкліва падышоў да хворага. Над Лявонам нахіліўся малады твар з рэдзенькай бародкаю, праз тоўстыя шкельцы акуляраў здзіўлена глядзелі вялікія цёмныя вочы.
— Адкуль? Прозвішча? Імя? Па бацьку?
Лявон ледзь чутна адказваў.
— Значыць, з Рудабелкі? — перапытаў Марзон.— Та-ак. Ясна. Прыйдзецца ратаваць, Лявон Яўхімавіч,— суцяшаў доктар.
Марзона ведалі не толькі ў Бабруйску. Маладому хірургу верылі, на яго спадзяваліся ў кожнай воласці, у кожнай вёсцы павета. «Калі доктар Марзон не дасць рады, дык і божа не паможа,— гаварылі ў далёкіх і блізкіх сёлах.— Вельмі ж свойскі чалавек.. Відаць, не панскага заводу».
Уладзімір Восіпавіч усю ноч не адыходзіў ад Адзінца. Хвораму ставілі банкі, абкладалі грэлкамі, паілі гарачым малаком, расціралі цела і рабілі ўколы. Счарнелыя рукі балелі да крыку, нага гарэла агнём і торкала тысячамі іголак. Доктар круціў галавою і злосна вурчаў нейкія незразумелыя словы:
— Вандалы, гуны, узурпатары! Што яны зрабілі з чалавекам! А быў жа Геркулес.— Потым звярнуўся да Лявона: — Мне загадана вылечыць вас. Вылечыць і аддаць жандармерыі. Апляці гаршчок і аддай дурню разбіць.
Ад гарачкі і страшэннага болю Лявон не ўсё чуў і не ўсё разумеў, што гаварыў доктар. Але ўжо верыў ў яго дабрату і справядлівую сілу.
Читать дальше