I Хяндога заварушыўся сам і разварушыў абодвух сяброў.
У абедзенны перапынак яны знайшлі ў кювеце некалькі парозкніх буйнакаліберных патронаў. Кожны ўзяў па адным.
— Не трэба надта заядацца, няхай і іншым дастанецца, — пажартаваў Хяндога. Але потым схамянуўся: — А ў народзе ж прынята класці на магілу цотную колькасць кветак. Можа, і свечкі запальваюць у цот. Ці ў немцаў іншая завядзёнка? Каб не прагадаць, давайце на ўсякі выпадак возьмем чатыры патроны.
— Хопіць і трох, — запярэчыў Казнадзей. — Па адным на кожнага.
— Правільна,— падтрымаў яго Ярмолік. — Калі яны запальваюць цотны лік свечак, хай ставяць дзве, а трэцюю хаваюць на запас.
Багдан Платонавіч параіў суседзям, як зрабіць падсвечнікі. Нават ахвотна дапамог сім-тым. Абломкам нажоўкі зверху паразразаў крыжнакрыж шыйкі патронаў і паказаў, як паадгінаць убакі надрэзаныя долькі, нібы пялёсткі на кветцы. Суседзі старанна вышаравалі пяском латунь. Потым, каб на ёй не засталося ніякіх драпін, да бляску адпаліравалі паверхню попелам. Прыйшлося трохі праваждацца з адагнутымі пялёсткамі, якія нязручна было абгладжваць і чысціць. Тавар меў даволі прывабны выгляд і быў гатовы на продаж.
Аднак, як толькі суседзі сабраліся збываць вырабы, адбылася непрадбачаная' затрымка, якая выклікала ў іх замяшанне.
Дзень той з самай раніцы выдаўся хмурны і ў поўдзень таксама не прадвяшчаў праяснення. Палонным было трошкі лягчэй: над гравійкаю стаяў свежы халадок, знясіленых не палілі сонечныя промні.
Удалечыні паказалася легкавушка. Нягледзячы на тое, што палонныя расступіліся перад ёю, вызваляючы праезд, яна прыкметна збавіла хуткасць i рухалася запаволена, як быццам кагосьці выглядаючы. Нарэшце аўтамашына з’ехала на абочыну і спынілася там, дзе стаяў вартавы з жалезным крыжам. Пакуль з яе вылазіў афіцэр, туды падышоў яшчэ дарожны майстра з перакладчыкам Ванькам.
— Дзе той палонны, што збыў мне гэты падман? — па-нямецку злосна запытаўся афіцэр, разгортваючы ў руках газету, на якой ляжалі кілішкі з буйнакаліберных патронаў.
Адчувалася, што вартавы з жалезным крыжам трошкі збянтэжыўся.
— Хто прадаў гэта пану афіцэру?! — гучна выкрыкнуў перакладчык, тым самым выручаючы разгубленага вартавога, што стаяў, па-ранейшаму нічога не цямячы.
— Я! А што такое?—нясмела адазваўся Багдан Платонавіч, машынальна вытыркваючы ўгору і зноў апускаючы руку.
— Ком хэр! — паклікаў афіцэр.
Палонны разгублена ўторкнуў у кучу патрушчаных руінаў лапату, каб яна нікому не замінала, і нерашуча пайшоў да немца.
— Русішэс швайн, — нецярпліва крыкнуў афіцэр, пакуль палонны падыходзіў да яго.
— Украінішэс швайн, — дзёрзка ўдакладніў Багдан Платонавіч, спыняючыся перад немцам і з горкаю іроніяй тлумачачы: — Яна болей пародзістая, бо выкармлена на чарназёме.
— Вас загт эр? — не разумеючы, што сказаў палонны, запытаўся афіцэр у перакладчыка.
Пакуль той з цяжкасцю перакладаў сказанае, твар афіцэра ад нецярплівасці наліваўся чырванню.
— Ты дыверсант, рэзідэнт? Ты хацеў атруціць нямецкага афіцэра? Чаму на іх выступіла ядавітая зелень? — аўтаматнымі чэргамі выкрыкваў ён за пытаннем пытанне і напаследак тыцнуў палоннаму газету з кілішкамі.
Багдан Платонавіч разгублена ўзяў яе абедзвюма рукамі, усё яшчэ не разумеючы, чым выкліканы афіцэраў гнеў.
Калі Ванька пераклаў тое, што выкрыкваў немец, палонны нарэшце трошкі сумеўся і пачаў нясмела апраўдвацца:
— Яны паляжалі ў вільгаці, таму і пазелянелі. Калі патроны пакінуць у вільготным месцы, яны адсырэюць так, што не выстраляць. — А потым, употайкі заўважыўшы, як пасля Ванькавага перакладу ягонага тлумачэння афіцэр паступова ўціхамірваецца, хітравата ўсміхаючыся, да,даў: — Зробленая для ўжытку рэч не павінна ляжаць без справы. Кілішкамі трэба часцей карыстацца. Шнапс дэзінфіцыруе метал.
Трэба было бачыць, як па-рознаму рэагавалі на гэтую сцэну дарожны майстра і канваір з жалезным крыжам. З насупленага выразу майстра ўвесь час не сыходзіў цень неразумення. А вартавы пасля таго, як зразумеў, што адбываецца, насілу ўтойваў на твары ўсмешку.
Багдан Платонавіч тым часам вызваліў правае плячо з-пад лямкі рэчмяшка, разбэрсаў яго, пакорпаўся ўсярэдзіне і выняў кісет. Расшморгнуў яго і дастаў шматок сукна, абцярушанага ружаватым парашком. Нетаропка пачаў праціраць анучкай кілішкі, пасля кожнага густа абмокваючы суконку ў парашок. Кілішкі ўвачавідкі зазіхацелі. Калі ён працёр усе, хацеў адсыпаць трошкі парашку немцу і ўжо адарваў кавалак газеты. Але афіцэр апярэдзіў яго, сілком вырваў з рук кісет з анучкаю, забраў газету з кілішкамі і моўчкі пайшоў да легкавушкі. Усё гэта адбылося настолькі нечакана, што палонны не паспеў апамятацца. На душы ў яго зрабілася прыкра ад таго, што ён на імгненне паддаўся чалавечай слабасці і ўжо гатоў быў падзяліцца парашком з гэтым ненавісным тыпам. «Хай бы кілішкі, перад тым як з іх будуць піць, акісліліся нябачнай ядавітай зеленню, ад якой гэтыя вылюдкі патруціліся б, як птушкі». У маленстве ж ён-чуў, што бывалі выпадкі, калі ад ядавітай зелені, якой акісляўся медны посуд, атручваліся людзі.
Читать дальше