Пасля абеду, калі непадалёку ад іх стаяў дарожны майстра, каля яго на абочыне спынілася легкавая аўтамашына. З яе вылез нямецкі афіцэр. Між імі распачалася гаворка. Калі да іх падышоў вартавы з крыжам, хлопцы насцярожыліся і вяла корпаліся, як быццам занятыя працаю, а на самай справе толькі і паглядалі ў бок немцаў. Але нічога асаблівага там не заўважалі. Немцы штосьці ажыўлена абмяркоўвалі. Потым майстра ці то ўгледзеў непарадак на працы, ці то жадаючы паказаць перад афіцэрам, што ён руплівы служака, нечакана рушыў да купкі палонных, якія згрувасціліся вакол кучы патрушчаных руінаў. Вартавы з крыжам па-ранейшаму размаўляў з афіцэрам. Калі афіцэр ужо быў наважыўся сядаць у аўтамашыну, канваір, напэўна, зацікавіў яго нейкай навіною. Бо афіцэр у чаканні затрымаўся, а вартавы звярнуўся да хлопцаў:
— Няхай падыдзе сюды палонны з сувенірам!
— Падыдзіце да іх, ён заве, — растлумачыў Леанід Багдану Платонавічу.
— Вымайце з мяшка выраб і з ходу паказвайце,—шапнуў Міхась.
Багдан Платонавіч спрытна перакінуў з-за плячэй на сагнутую левую руку рэчмяшок і, на хаду разбэрсваючы яго завязку, нетаропка пайшоў да немцаў. Правай рукою ён выняў дно адпілаванай гільзы, перахапіў яе леваю, што падтрымлівала верхні край павіслага за почапку рэчмяшка, і, як азартны шахматыст фігуры, з вартасцю пачаў выстаўляць на паднос кілішкі. Яны кляцалі, як патроны, якія затвор падае з магазінніка ў патроннік.
У афіцэра перахапіла дыханне і ажно палезлі на лоб вочы, а вартавы ў нямым здзіўленні таксама глядзеў на сувенір, як баран на новыя вароты.
— У гэтай свінні залатыя рукі! —нарэшце прамовіў па-нямецку афіцэр, беручы ў Багдана Платонавіча прыбор і ў захапленні разглядаючы выгравіраваны надпіс. — Прыма! Што ён хоча за яго?
— Філяйхт іст брот,— няўпэўнена адказаў вартавы і, звяртаючыся да палоннага, запытаўся: — Хлеб?
Багдан Платонавіч сцвярджальна кіўнуў галавою.
— Віфіль? Ганц веніг одэр філь? — зноў запытаўся вартавы з паблажлівай усмешкаю на твары.
Ягоная ўсмешка трошкі падбадзёрыла Багдана Платонавіча, і той паказаў два растапыраныя пальцы.
— Цвай ляйб брот,—растлумачыў вартавы.
— Хуберт, хадзі сюды, — звярнуўся афіцэр да шафёра, які з кабіны таксама зацікаўлена разглядаў у ягоных руках бліскучы сувенір.
Шафёр хуценька адчыніў дзверцы кабіны і паслухмяна падбег да афіцэра.
— Яволь! — шчоўкнуў ён абцасамі.
— Пакладзі ў машыну,—працягнуў яму афіцэр прыбор. — Знайдзі там дзве буханкі хлеба і аддай яму, — кіўнуў ён галавою ў бок палоннага.
Абедзвюма рукамі шафёр асцярожна ўзяў дно гільзы з расстаўленым] на ім кілішкамі і, нібы навічок-афіцыянт, важна панёс да задніх дзверцаў легкавушкі, нясмела вызваліў правую руку, адчыніў дзверцы і, сагнуўшыся, нязграбна ўсунуўся да пояса ў машыну. Афіцэр тым часам абышоў легкавушку і з другога боку залез у пярэднія дзверцы.
Хлопцы пачалі хвалявацца.
— Няўжо ашукае і паедзе? — прашаптаў Сіліч.
Шафёр трохі затрымаўся, корпаючыся на заднім сядзенні. З-за ягонай сагнутай постаці не відно было, што ён робіць там: загортвае і хавае кілішкі ці шукае буханкі хлеба? Нарэшце ён высунуў плечы і галаву, выпрастаўся, левай рукою прыціскаючы да грудзей белае бярэмка, зачыніў дзверцы, падышоў да Багдана Платонавіча і грэбліва працягнуў яму два пакункі. Палонны недаверліва паглядзеў на іх, нерашуча апусціў у рэчмяшок, зашморгнуў завязку, насунуў на яе пятлю почапкі, пад якую прадзеў руку, і, закідваючы клунак за плечы, пайшоў на сваё месца, не азіраючыся на легкавушку, якая плаўна кранулася і паехала. Палонныя, што корпаліся паблізу і бачылі ўсё гэта, суправаджалі яго паглядамі, поўнымі тужлівай зайздрасці.
А вартавы задаволеным позіркам правёў аўтамашыну і, як быццам нічога і не адбылося, уразвалку рушыў па абочыне.
— Данке,— ціха падзякаваў яму Леанід, калі канваір праходзіў міма.
— Няма за што. Падзякуйце майстру залатых спраў, — кіўнуў ён галавою ў бок Багдана Платонавіча і, не спяшаючыся, з насупленымі брывамі і задуменным тварам пашыбаваў далей.
У лагеры на нарах Багдан Платонавіч па-суседску падзяліўся заробкам i з Хяндогавай тройняю, да якой хінуўся ўсёй душой. Міхась з Леанідам і Казнадзей з Ярмолікам нецярпліва чакалі, пакуль ён і Хяндога трыбушылі абодва пакункі.
— Так загорнуты, што не толькі вільгаць, а нават вада не пранікае ўсярэдзіну, — прыцмокнуў губамі Багдан Платонавіч, асцярожна адклейваючы край упакоўкі,— Шкода рваць цупкую, усё адно як навошчаную паперу. На што-небудзь спатрэбіцца.
Читать дальше