Ці таму, што раніцаю адлёг мароз і падзьмуў заходні вецер, ці ад празмернага напружання і нервовай узбуджанасці хлопец не адчуваў ніякага холаду, хаця наглядчыкі правалаводзіліся з палоннымі ўжо нямала часу.
Калі чацвёра апошніх аўтаматчыкаў хацелі дадаць да купкі адлічаных яшчэ некалькі палонных, каб дагрузіць астатнюю аўтамашыну, за брамкаю адбылася затрымка.
— Пан, я не ваеннаабавязаны. У мяне белы білет. Я каўбаснік з мясазавода. Мяне ўзялі з земляных работ, дзе мы капалі супрацьтанкавы роў, — збіўчыва лапатаў дробны лядашчы палонны, якога адзін паліцай лёгка выправадзіў за брамку.
— Што ён кажа? — насцярожыўся палкоўнік.
Лейтэнант паслужліва пераклаў.
— Там таксама будзе мяса, — не раздумваючы, выпаліў палкоўнік i паказаў рукою, каб аўтаматчыкі далучалі лядашчага да апошняй купкі.
Нарэшце гвалтоўная мабілізацыя закончылася. Камендант упусціў Паўла за агароджу і зачыніў за ім брамку. Калі фельдфебель узяў у рукі партфель, папярэдне схаваўшы ў яго самапіску і гросбух, аўтаматчыкі склалі столік з крэслам і залезлі ў кузаў задняй аўтамашыны.
Напэўна, для бяспекі нямецкія чыны занялі ў грузавіках месцы адпаведна званням: у кабіну першага сеў фельдфебель, у кабіну другога — лейтэнант, у кабіну трэцяга—палкоўнік. Адразу ж адзін за адным стрымана завуркаталі рухавікі — і калона аўтамашын рушыла ў дарогу. Следам за ёй камендант крывым цыркулем ног мераў адлегласць ад агароджы да барака. Сягоння ён упершыню не аддаў ніякага загаду раскілзанаму і нявыраўненаму строю.
Не чакаючы каманды разгубленых паліцаяў і наглядчыкаў, змучаныя ў чаканні вырашэння сваёй долі, расслабленыя палонныя самавольна пакідалі калону і валачыліся ў будынак.
На тым месцы, дзе штодзённыя пастраенні па кандзёр шчыльна ўтрамбавалі снег, на якім толькі што адбылася разбойная валтузня, цяпер чарнела перамешанае з зямлёй котлішча, здратаванае сотнямі няўклюдных калодак.
Набухлыя хмары, што нізка навіслі над зямлёю, не ўтрымалі снежнага цяжару і зацерусілі зверху рэдкімі белымі камякамі. Нібы мёртвыя матылькі, яны падалі і падалі на дол, зацярушваючы выбітае, як бубен, котлішча і глыбокія шурпатыя каляіны, выціснутыя коламі цяжкіх грузавікоў...