Па меры таго, як палонныя з бляшанкамі і кацялкамі ў руках размяшчаліся на абодвух ярусах нараў, адусюль чуліся іх пахвальныя водгукі аб кандзёры.
— Ого! Сягоння нішто сабе прыварак!
— Нават скалкі плаваюць!
— Канечне, кухар збольшага павылоўліваў іх зверху.
— Без гэтага не абышлося!
— Але ўсё роўна кандзёр—тлусты!
— I не толькі з выгляду, але і на смак нічога!
Нягледзячы на тое, што Ярмолік прынёс у пакой абсохлую зайцаву тушку, якая, відаць, загадзя была вынята з катла, у носе заказытаў нязвычны, даўно забыты пах свежаніны. «Дзічына, а пахне свойскай свежыною, — здзівіўся Міхась. — Мы адвыклі ўжо ад паху свежаніны».
— Адхапіць кавалак мяса кухар не пасмеў, але наварысты сок з тушкі сцадзіў, — зларадна пакпіў Казнадзей. — Нябось, сабе паўкацялка халадцу выгадаў!
Аднойчы Сіліч заўважыў праз акенца, як кухар зладзеявата ўмінаў ружаватыя камы. Хлопец не сумняваўся, што ўрвіцель сцягнуў з агульнага катла апошнія бульбіны і замест прыправы дзеля акрасы стоўк ix сабе з вараным бураком. «Хоць i не тлуста, затое —густа i з выгляду апетытна», —абурыўся тады хлопец і сказаў суседзям пра бачанае.
I нязвычным пахам, i прывабным выглядам тушка неймаверна распальвала апетыт у галодных людзей. Па нявопытнасці Леанід з Міхасём гатовы былі разгавецца ёю, расперазаўшы дзягі. Але Ярмолік ведаў, што з галадухі чалавеку небяспечна есці многа мяса, дый бачыў, з якою прагнасцю вачамі паглынаюць тушку іншыя палонныя. Таму ён рашыў і дагадзіць абодвум хлопцам, якім вартавы аддаў сваю здабычу, i заадно пачаставаць дзічынаю ўсіх палонных у пакоі. Бо калі раздзяліць мяса толькі паміж напарнікамі і сябрамі, дык яны ўсё роўна не наядуцца ім навекі, а ў астатніх выклічаш зацятую зайздрасць.
Вострым самаробным нажом Ярмолік умела, па-майстэрску разбіраў тушку. Леаніду з Міхасём адпаласаваў па кумпяку, Хяндогу з Казнадзеем—па лапатцы, сабе выразаў кавалак азадку, а ўсю рэшту, каб нікога не пакрыўдзіць, невялікімі порцыямі раздаў усім палонным у пакоі.
— Пасля вялікага посту ўсім не грэх разгавецца скаромнінаю, — дабрадушна пажартаваў ён суседзям па нарах пасля свайго свяшчэннадзейства.
Спярша Сіліч паскнарнічаў і пакрыўдзіўся на суседа за самаўпраўства: маўляў, чужым дабром распараджаецца, як сваім. Але ўбачыўшы, з якім натхненнем шчыруюць над выдзеленымі порцыямі астатнія палонныя, адчуў ніякаватасць за прагнасць і эгаізм, які здаўся закарузлым у параўнанні з Ярмолікавым сталым калектывізмам і зайздроснай таварыскасцю. «У простага чалавека ўсё атрымліваецца прасцей і прыгажэй. Не тое што ў інтэлігентнага недавука!»
Па нямецкай гаворцы адчувалася, што язык у Сіліча падвешаны, але пісаць па-нямецку хлопец руку не набіў. Шпрэхаць ён сяк-так шпрэхаў, а шрайбаваць яму, ненапрактыкаванаму, было цяжэй. Таму, калі Кольб прынёс аловак з папераю, Міхась папрасіў Леаніда, каб той напісаў, якія матэрыялы спатрэбяцца для чучала і якім спосабам выдубіць заячую шкурку. Хлопец адчуваў, што сябру напісаць гэта па-нямецку лягчэй, чым яму самому.
Але затое праз нейкі тыдзень, як толькі вартавы перадаў ім начынне, Сіліч не адышоў ад Ярмоліка да таго часу, пакуль той не зрабіў чучала.
Хлопец уважліва назіраў, як сусед адпаведна памеру шкуркі замест хрыбта i ног зайца звязаў драцяны каркас і шчыльна абматаў ачоскамі яго шыйны ўчастак і канцавіны. Як распляскаў і забіў верхні канец дроту ў драўляны корак, які наглуха ўмацаваў у вялікай патылічнай адтуліне чэрапа. Вачніцы набіў пакуллем і ўставіў у яго вялікія пукатыя гузікі, а ў шкурку вушэй усунуў кавалкі тонкага кардону. Міхасю было цікава, як Ярмолік нацягваў на чэрап шкурку галавы і прасоўваў у канцавіны шчыльна абмотаны ачоскамі дрот. Потым туга набіў шкурку пакуллем і зашыў ніткамі разрэз на жываце. А вострыя канцы дроту, што вытыркаліся з ног, распляскаў і пазабіваў у дошчачку. Заяц стаяў на падстаўцы, як жывы. Нават не верылася, што гэта —чучала.
Сіліч не сумняваўся, што многія ахоўнікі, якія яшчэ нядаўна асуджалі Кольба за тое, што ён аддаў палонным зайца, цяпер пазайздросцяць уладальніку гэтага нязвычнага сувеніра. Хлопец глядзеў на яго як на аддарунак вартавому за чалавечны ўчынак i, вядома, не спадзяваўся, што Кольб заплаціць за працу палоннаму, які зрабіў чучала. А вартавы потым чатыры разы, праз дзень-два, прыносіў Ярмоліку па паўбуханкі хлеба, што ў сваю чаргу саслужыла тады якую-ніякую падтрымку, як дадатковая надбаўка да ўбогага рацыёну кожнага з пяцярых суседзяў.
Читать дальше