Як быццам цяпер усёю істотай ён фізічна адчуваў, наколькі закарэла паверхня яго цела. Праўда, ён разумеў, што гэтакі стан яшчэ не можа быць апраўданнем забыўчывасці. У якіх бы жахлівых умовах ні жыў чалавек, як бы ні існаваў, але, нават думаючы толькі пра хлеб надзённы, усё роўна ён павінен практыкаваць і трэніраваць сваю памяць, каб не даць ёй прытупіцца або, крый божа, зусім атрафіравацца.
«Няўжо я патрохі дзічэю і ператвараюся ў малпападобную істоту, у якой пад уплывам навакольнага асяроддзя чалавечыя пачуцці паступова выцясняюцца жывёльнымі інстынктамі?» — схамянуўся Сіліч, і ў ім зноў варухнулася і пачало абуджацца забытае жаданне.
Варта яму толькі заікнуцца вартавому наконт лішняга аркуша паперы— і той, вядома, заадно прынясе яго. Цяпер самы зручны момант. Нават упрошваць Кольба не прыйдзецца: ён ахвотна згодзіцца перадаць Міхасёву запіску сялянам, калі пойдзе да іх па аўсяную муку. А тыя перададуць яе далей, у іншую вёску. I гэтак з рук у рукі вестка дойдзе да маці. Як яна абрадуецца, калі даведаецца, што сын жывы! Спячэ хлеба ці скавароднікаў. Возьме з кубла сала. Збярэ ўбогую перадачу i прынясе сыну.
Чамусьці Міхасю раптам прыгадаліся расказы бабулі пра тое, як яна з ягонай маці і цёткаю хадзілі ў Кіева-Пячорскую лаўру пакланіцца мошчам святых. А цяпер маці вымушана будзе ўбачыць мошчы жывога сына і адмольваць ягоныя грахі, укленчваючы перад руінамі пана вялікага Ноўгарада.
Што натварылі на яго зямлі нашчадкі праклятых крыжакоў! Адпомсцілі за ўсе ганебныя прамашкі сваіх бясслаўных продкаў. Адным махам расправіліся і з Ноўгарадам, і з Кіевам, і з Полацкам. Іх крывавае нашэсце не ідзе ні ў якое параўнанне з былымі міжусобіцамі паміж князямі гэтых старажытных гарадоў, якія то ўваходзілі ў Кіеўскую Русь, то адасабляліся ў самастойныя княствы і феадальныя рэспублікі.
З гісторыі Сіліч ведаў, што ў канцы дзесятага стагоддзя наўгародскі князь Уладзімір, раззлаваны тым, што Рагнеда, дачка полацкага князя Рагвалода, адмовілася выйсці за яго замуж, напаў на Полацк, забіў князя з сынамі і ажаніўся з Рагнедай. А ў пачатку адзінаццатага стагоддзя полацк! князь Брачыслаў авалодаў Ноўгарадам і адасобіў Полацкае княства ад Кіеўскай Русі.
Яшчэ пазней, у 1068 годзе, у выніку паўстання народнага апалчэння і ўцёку з Кіева князя Ізяслава там часова захапіў уладу сын Брачыслава полацкі князь Усяслаў.
Канечне, Ноўгарад ад Полацка бліжэй, чым Кіеў. Ісці сюды маці не гэтулькі, як да Кіева-Пячорскай лаўры. Толькі зімою дабірацца кепска. Трэба было летам падаць ёй вестку пра сябе. Улетку зручней ісці босай. Лягчэй несці хатуль за плячамі. Зімою яна можа падбіцца ў дарозе. Дый яшчэ заб’юць нямецкія захопнікі, што з непрывычкі мерзнуць ад нашага холаду. Яны пагаляцца на яе кажух і валёнкі. Мала таго, што ён сам пакутуе ў палоне, дык яшчэ і маці загіне праз яго.
Паўтара года, як ён пайшоў з войскам абараняць бацькаўшчыну. I даваяваліся яны да таго, што захоплены ворагамі ў палон. Цяпер яго родную зямлю дратуюць падкаваныя боты фашыстаў. Замест таго, каб выручаць з бяды маці, ён яшчэ спадзяецца на яе дапамогу. А чым яна можа памагчы яму? Перадачаю? Галоднага і знясіленага не выратуе ўбогая перадача. Лепей хай маці не ведае, што ён у палоне. Няхай думае, што ён загінуў у баі. Яна ўжо змірылася з такой доляю. Хай не ўбіваецца i не перажывае за яго. Весткаю пра сябе не стане ён знеслаўляць бацьку і сарамаціць аднавяскоўцаў. Бо што яны падумаюць пра яго? Гэтулькі вучыўся чалавек, а застаўся недарэкам. Можа, яму яшчэ ўдасца ўцячы i прабрацца да сваіх або прабіцца да лесавікоў. Не можа быць, каб нашы людзі не атабарыліся ў дрымучых барах ды пушчах.
І ў гэтых мясцінах можна будзе помсціць за маці. Вось тады не сорамна будзе падаць ёй вестку пра сябе.
На гравійцы гэтыя думкі на розныя лады вар’іраваліся ў ягонай галаве. Хлопца наводзіла на ix і спадарожнічала ім ягонае маўклівае сноўданне з насілкамі.
А варта было калоне рушыць у напрамку да лагера, як настрой змяніўся i ранейшыя думкі выцесніліся з галавы зусім іншымі намерамі і турботамі.
Нават нармальны чалавек, прызвычаены есці ў пэўныя гадзіны дня, і той інстынктыўна адчувае набліжэнне гэтай пары. А што ўжо казаць пра людзей, змардаваных голадам і знясіленых дакучлівай працаю? Яны не толькі абвострана адчуваюць набліжэнне часу яды, але яшчэ задоўга да яго пачынаюць глытаць сліну. Таму няцяжка ўявіць, пра што маглі думаць Міхась з Леанідам i Хяндога з напарнікамі, якія паўгода не бачылі ў вочы мяса, а цяпер прадчувалі, што неўзабаве пакаштуюць не поснага кандзёру, а наварыстага булёну i адведаюць згатаванай у ім зайчаціны.
Читать дальше