Мікола Цэлеш
Хмары над Бацькаўшчынай
Палімпсэст, або Ўратуе нітка, што ня будзе рвацца
Ёсьць рукапісы, зьмест якіх сьцярты́
ледзь знаць,
Ці нат’ другі напісан сэнс бязбожна.
Іх палімпсэстамі прынята здаўна зваць,
І першы іхні змысл пайме ня кожны.
Уладзімер Жылка
Нажаль, гэтую кнігу аўтар ўжо не пагартае....
Творы, выбраныя ім самім для публікацыі і зьмешчаныя ў зборніку «Хмары над Бацькаўшчынай», -- толькі невялікая частка напісанага Міколам Цэлешам. Аднак яны дазваляюць ня толькі адчуць адметнага пісьменьніка са сваёй тэмай і сваім мастацкім бачаньнем, але й гаварыць пра тую ролю, якую мелі й будуць мець яго апавяданьні -- рэалістычныя замалёўкі жыцьця -- у аднаўленьні гістарычнай праўды.
Канец 20-х і 30-я -- гады, што пакінулі жахлівы сьлед у лёсе беларускага народу. Нацыянальны ўздым, які абяцаў сапраўднае адраджэньне беларускае мовы й беларускае культуры й даў шэраг таленавітых працаўнікоў на ніве народнай, узнавіў надзеі на лепшую долю, -- зьмяніўся ганеньнем на ўсё нацыянальнае, спусташэньнем сялянства, зьнішчэньнем інтэлігенцыі, трыумфам таталітарызму й вялікадзяржаўнага шавінізму.
Як шмат напісана ў беларускай савецкай літаратуры пра гэты час, і як мала ў гэтым праўды! Няма сэнсу казаць пра тых, хто адкрыта фальсыфікаваў рэчаіснасьць, падмяняў праўду жыцьця непрыхаванай прапагандысцкай маной. Тыя-ж, хто меў вочы, ня меў голасу, бо цэнзурна-ідэалягічная машына да апошняга ўшчэнт руйнавала нават падабенства праўды. А між тым, не зразумеўшы таго, што адбылося, не данёсшы гэтую праўду да людзей, нельга спадзявацца на новы пасьпяховы ўздым нацыянальнай самасьвядомасьці, на ліквідацыю вынікаў тых трагічных гадоў: хто забывае, не асэнсоўвае мінулае -- асуджаны зноў перажыць яго.
Мікола Цэлеш быў Сьведкам. Ён бачыў, як ідзе заняволеньне сялян, як вытраўляецца з чалавека гаспадар, як планамерна нішчыцца нацыянальная інтэлігенцыя, як рабуюць і расьцягваюць багацьце зямлі беларускай. Нельга сказаць, што сэнс падзей даўся яму лёгка, што разуменьне прыйшло як прасьвятленьне. Але ці не самы цяжкі быў шлях да мужнасьці белае зваць белым, чорнае -- чорным. Так сфармуляваў для сябе Цэлеш прызначэньне інтэлігента, пісьменьніка, беларуса.
Адкрыты ліст Міколы Цэлеша ў рэдакцыю газэты
«Бацькаўшчына» (16.6.48)
Усякі народ шануе сваю інтэлігенцыю: паэтаў, пісьменьнікаў, артыстаў, мастакоў... Былі ў гісторыі ня раз прыклады, што народ разьбіваў вязьніцы й вызваляў сваіх інтэлігентаў. Былі й такія прыклады, калі каралі й князі хавалі ў сваіх палацах таго ці іншага паэта ці пісьменьніка, які адважыўся сказаць праўду й гэтым выклікаў нянавісьць у пэўнай часткі грамадства.
Такая пашана да гэтых людзей не таму, што яны рэдкія, іх мала, а таму, што яны, як ніхто больш, бачаць патрэбы свайго народу, бачаць няпраўду і сваёй працай, сваімі творамі стараюцца вывесьці людзей на сьветлы і праўдзівы шлях. У няшчасьці, якое спадае на цэлы народ, гэтыя людзі перажываюць найвастрэйшы боль і нясуць нярэдка сваё жыцьцё на алтар змаганьня за волю і шчасьце свайго народу...
Мы, беларусы, увесь наш народ, перажываем цяпер такое няшчасьце. Невялікая частка з нас выкінута за межы нашай зямлі, сярод іх ёсьць колькі паэтаў, пісьменьнікаў, артыстаў і г. д. Ніхто ня скажа, што каму-колечы з нас, эмігрантаў, лёгка. Аднак найцяжэй ім, паэтам, тварцам культуры, найменш прыстасаваным у жыцьці. Няма на сьвеце большай асалоды для іх, як жыць разам з народам, у сваім краі і -- тварыць, тварыць для шчасьця ўсіх.[ 1 1 Арыгіналы лістоў захоўваюцца ў Беларускім Інстытуце Навукі й Мастацтва (Нью-Ёрк). Архіў Міколы Цэлеша.
]
Самы раз аддаць тут належнае эміграцыі, рэху народу, па словах П.Крэчэўскага, сказаць пра тую надзвычай важную ролю, якую адыграе літаратура эміграцыі ў гісторыі кожнай нацыі. Вядомы той надзвычайны росквіт, якога дасягнула творчасьць Адама Міцкевіча, Юліуша Славацкага, Зыгмунта Красіньскага ў выгнаньні пасьля паўстаньня 1831 года, той уплыў, які аказалі іх творы на ўсё наступнае жыцьцё польскага грамадства. Добра вядома выключная роля Аляксандра Герцэна і яго свабоднай рускай прэсы ў жыцьці рускага грамадства. Зусім нядаўна ў рускую літаратуру вярнуліся Іван Бунін, Уладзімер Набокаў, Уладыслаў Хадасевіч і многія іншыя выдатныя пісьменьнікі. А зь імі вярнуўся велізарны, зусім не раскрыты або аднабакова асьветлены, пласт расейскага жыцьця.
Читать дальше