Пасля таго, як палкоўнік перамовіўся аб нечым з Брэсам, камендант уголас паклікаў:
— Паўль, хадзі сюды!
Паўло неахвотна выйшаў са строю і нехаця рушыў за брамку. Брэс нешта растлумачыў яму i рукою паказаў на крэсла за столікам. Паўло нерашуча заняў вакантнае месца, відаць, разумеючы, што яно прызначалася для кагосьці іншага.
Палкоўнік злосна прашвэркаў два сказы, якія лейтэнант адразу ж пераклаў:
— Раз вы добраахвотна не выходзіце гуртам, прыйдзецца сілком выводзіць па адным. Паліцаі, выцягвайце ix!
Прадчуваючы небяспеку, строй насцярожана скурчыўся i пад ударамі наглядчыцкіх кіёў сутаргава захадзіў хадуном.
Выгараджаная перад школаю тэрыторыя была цеснаватая для палонных, сагнаных з абодвух лагераў. Каб зручней размясціць іх тут, паліцаі з наглядчыкамі вымушаны былі выстраіць калону ў шэсць шарэнгаў. Зашчэмленая паміж будынкам і агароджаю, яна раз-пораз балюча ўздрыгвала, як суцэльная жывая істота, з якой нацкаваныя, нібы сабакі, наглядчыкі жыўцом выгрызалі непадатлівыя ахвяры.
«Сярожа!», «Петрык!», «Андрэйка!» — жаласліва лямантавалі няшчасныя, просячы літасці ў прыганятых. Але найміты ў адказ толькі злосна пакрыквалі: «Маўчы!», «Не трапячыся!», аднаго за адным асуджаных выштурхваючы аўтаматчыкам, якія выстройвалі іх па два дзесяткі і заганялі ў грузавікі пасля таго, як Паўло запісваў нейкія звесткі пра кожнага.
Палонным некалі было сачыць за тым, менавіта каго павалаклі ўжо са строю, таму што кожны быў заняты самім сабою i, насцярожана скурчыўшыся, толькі і думаў, як бы не прыглянуцца раз’юшаным наглядчыкам i не трапіць ім у лапы.
Сіліч спачатку інтуітыўна адчуў, як у яго за спінаю, брыдка лаючыся, валтузіцца нехта з паслугачоў, і толькі потым убачыў, што Задзіра з нейкім паліцаем павалаклі пад рукі Леаніда. Сябра ўпарціўся з усяе сілы, не перастаўляў ног і калодкамі да самай зямлі разворваў зляжалы снег. Міхасю чамусьці здалося, што гэта прымусова вырываюць з калоны не людзей, а зубы — са сківіцы. Яму зрабілася балюча-балюча, як быццам у яго самога замест хворага вырвалі здаровы зуб.
— Пан, я не салдат, —заканючыў перад палкоўнікам высокі сутулы здаравяк, якога два паліцаі ледзь выпхнулі за брамку. —Я — наглядчык з дома псіхічна хворых. Іх расстралялі вашы салдаты, а мяне прывезлі ў лагер.
Палкоўнік не разумеў, што ён лямантуе. Лейтэнант пераклаў словы здаравяка.
— О, дык ты ж—асілак! Табе лёгка будзе выцягваць раненых,— знайшоўся палкоўнік.
Аўтаматчыкі далучылі здаравяка да купкі адлічаных палонных.
Час ад часу ў паветры чуліся глухія ўдары кіёў, якімі як быццам выбівалі шорсткія палавікі ці шчыльныя дываны.
Двое паліцаяў загрудкі вывалаклі са строю Вырвіна, але той як клешч упіўся ў калону. На дапамогу ім кінуўся Задзіра, які наўзмах агрэў кіем перш па адной, а пасля па другой руцэ палоннага.
Калі выштурхнутага Вырвіна за брамкаю падхапілі аўтаматчыкі, ён разгубленым няўцямным позіркам паглядзеў на каменданта і толькі абыякава махнуў рукою.
Апусцелыя месцы ў вышчарбленай калоне імгненна запаўняліся: спрытнейшыя спяшаліся схавацца ўглыб яе, а болей марудлівыя спераду i ззаду адразу ж змыкалі разарваныя шарэнгі, не жадаючы заставацца прыступнымі, бо спадзяваліся, што наглядчыкам цяжэй падступіцца да шчыльнага строю i нязручна вырываць з яго кожную ахвяру паасобку.
— Як ні хітрыў чалавек, а ўсё роўна нічога не выгадаў, — пачуў Сіліч за спінаю Хяндогаў голас. — Не схаваўся ў лесе, а добраахвотна вярнуўся за калючы дрот. Але і тут не далі спакойна адседзецца.
Хлопец убачыў, як справа два паліцаі павалаклі са строю Гладыша. Той, як ні ўпіраўся, але не здолеў супрацьстаяць дужым бамбізам, што выштурхнулі яго праз брамку.
— Гер камендант! Гер шэф! — звярнуўся Гладыш за дапамогай да Брэса, калі аўтаматчыкі падхапілі яго пад пахі.
Але камендант наўмысна адвярнуўся, робячы выгляд, што нічога не чуе i не бачыць.
«Значыць, недарэмна некаторыя падазравалі, што Гладышава жонка за золата выкупіла мужа з лагера. Бо інакш чаго б Гладыш напаследак шукаў заступніцтва ў каменданта?»
— Сколачы! — выдыхнуў у Міхасёў карак Хяндога — i насцярожаны хлопец убачыў, што два паліцаі павалаклі да брамкі Казнадзея.
«Яшчэ добра, што Паўла Брэс пасадзіў за столік. Па знаёмству ён адразу выцягнуў бы мяне са строю, — падумаў хлопец, не трапляючы зуб на зуб ад хвалявання. — Няўжо яны думаюць, што набранае гэтакім чынам войска сапраўды будзе ваяваць на ix баку?»
Читать дальше