— Пергаментная, — удакладніў Хяндога. — Яны даўно рыхтаваліся да вайны. Усё рабілі з разлікам, з нямецкай пунктуальнасцю. Нават хлеб упакавалі ашчадна, каб не заплеснеў і не зачарсцвеў ад часу.
— Нешта ж ён не пахне, —здзівіўся Багдан Платонавіч, ніткаю разразаючы буханку на тры роўныя часткі.
— Хлеб чужыны без паху, — глыбакадумна падтакнуў Ярмолік.
— Можа, ён не аржаны, — усміхнуўся Хяндога. — У іх жа ўсё натуральнее замяняюць эрзацы.
Суседзі не загадвалі, каму даваць якую пайку. Не згаворваючыся,. абодва дзялільшчыкі аддалі сябрам акрайцы, сабе ўзялі сярэдзіны буханак. У гэтым адчувалася не камандзірская заклапочанасць пра падначаленых і не спагада старэйшых малодшым, а сціпласць і чалавечая сумленнасць.
— Дык у ім жа ніякага смаку! — здзівіўся Казнадзей, калі разжаваў і праглынуў першы кус, і ўжо са шкадаваннем прамовіў: — Не такі духмяны і пульхны, як наш, што надоечы перадалі жанчыны. Нават той, што даюць у лагеры, смачнейшы. Мабыць, выпякаюць яго ў нейкай мясцовай пякарні.
— Хто ведае, колькі гадоў праляжаў гэты на іхніх складах? — невядома да каго звяртаючыся, уздыхнуў Хяндога. — I ўсё-такі, што ні кажыце, але ён лепей за траву. Нейкая ж спажыўнасць у ім ёсць, калі яны самі ядуць яго. Трэба памазгаваць, як бы ад іх ён часцей перападаў і нам,— загадкава заключыў ён, на штосьці намякаючы.
«У ягонай галаве ўжо выспявае нешта, — западозрыў Міхась. — Што значыць чалавек справы. Адразу ж нешта плануе, маракуе, як дзейнічаць».
А Хяндогу было над чым задумацца.
Пасля таго, як вартавыя старанна параскройвалі боханы, прывезеныя сялянкамі, ён зразумеў, што пры такой пільнай прыдзірлівасці немцаў жанчыны пабаяцца перадаць палонным зброю. А калі нават i рызыкнуць зрабіць гэта, перахітрыць вартавых усё роўна не ўдасца. Дый яшчэ самі могуць ні за што паплаціцца жыццём. Ну, а калі справа паварочваецца іншым бокам, тады няма чаго гарод гарадзіць. Аўчынка вырабу не варта. «Самі ж мы яшчэ не зломкі. Мужчынам сорамна быць нахлебнікамі. Нягожа сядзець на ўтрыманні жанок, што пакінуты на волю лёсу i невядома, як самі мадзеюць. Не жабракі ж мы, каб перабівацца міласцінаю. У нас ёсць рукі і ногі. А імі можна нешта зрабіць, калі кумекаць галавою. Бач жа, гэты сусед якія рэчы з металалому робіць! Нават хлеб за іх немцы плацяць. Канечне, ён майстравы чалавек, у яго рукі ўмелыя. Але нястача любога навучыць майстэрству. Абы рукі былі ды галава на плячах».
— Не кожны змайструе такую рэч з гільзы ды з буйнакаліберных патронаў, — ні да кога канкрэтна не звяртаючыся, наіўнавата прамовіў Хяндога, жадаючы пераправерыць сваю думку i адначасова завязаць дзелавую гаворку з Багданам Платонавічам.
— Чалавечыя рукі не такое робяць, — сціпла адказаў той i болей памяркоўным тонам растлумачыў: —Калі б сякі-такі інструмент, дык яшчэ не тое можна было б зрабіць. А гэта — дзіцячая цацка.
— Дзе ж возьмеш інструмент у такіх умовах? —не адступаў Хяндога.
— Гэтулькі жалеззя валяецца пад нагамі! Падабраў што-небудзь прыдатнае дый аб камень ці аб цагліну адтачыў зубіла.
— З адным зубілам надта не разгонішся. Што ім зробіш?
— Зубілам шыйку гільзы адсячы, як плюнуць. Латунь мякчэйшая за жалеза. Аб цэглу абточвай завусеніцы і падраўноўвай краі. А надраіць да бляску і дзіцё здолее. Канечне, лепей пачынаць з простых рэчаў. З гільзы гатовая ваза для кветак, калі трохі рукі прыкласці. А з буйнакаліберных патронаў можна зрабіць падсвечнікі.
— Падсвечнікі могуць быць ходкім таварам, — умяшаўся ў гаворку Сіліч. — Немцы набожныя. Падсвечнікі яны будуць браць нарасхват!
— Сілком вырываць з рук дарма! — насмешліва ўставіў Ярмолік.
— Дарма і скула не сядзе! Няма дурных, каб па сваёй ахвоце працаваць бясплатна! — не сцярпеў Хяндога. — За наш тавар хай плацяць натураю, хлебам. Калі гэты вартавы з жалезным крыжам хоць трохі паспрыяе нам, немцы нідзе не дзенуцца, будуць купляць нашы вырабы. Толькі вы, Багдан Платонавіч, трошкі падвучыце нас, нягеглых. Збольшага на практыцы пакажыце, што да чаго. Мы пастараемся пераняць ваш вопыт.
— Бяда ўсяму навучыць, — лагодна адказаў Багдан Платонавіч, даючы зразумець, што ён гатоў памагчы.
У душы Хяндога дзякаваў яму за тое, што Багдан Платонавіч зрабіў пачын у заманлівай справе і навёў на думку распачаць занятак, з якога можа быць карысць. Што значыць практычны чалавек з умелымі рукамі! I як гэта ён, Хяндога/раней не дадумаўся да гэтага? Заклікаў палонных налягаць на падножны корм, прыносіць ламачча для паліва, каб гатаваць траву. Спадзяваўся, што разам з усім гэтым удасца пранесці ў лагер якуюнебудзь зброю, калі яна знойдзецца ў кюветах. Рабіў стаўку на жанчын. Думаў, што праз іх можна будзе раздабыць што-небудзь. Дзеля гэтага нават гатоў быў жабраваць, перабівацца міласцінаю тых, каго сам не здолеў абараніць, а пакінуў на здзек ворагам. Дык не сядзі склаўшы рукі, а пераймай вопыт знаходлівага чалавека ды бярыся за незнаёмы занятак. Вучыся рабіць забаўкі, за якія немцы плацяць хлеб. Варушы мазгамі, глядзіш, а там датумкаеш, дадумаешся яшчэ да чаго-небудзь.
Читать дальше