— За боскія прычындалы мы цану назвалі па-боску, — апраўдваўся Хяндога. — Паверхня трох патронаў ПТР ненамнога большая за паверхню гільзы ад саракапяткі. Так што шараваць пяском ці адно, ці другое — аднолькава. Ну, а надпіс на вазе для кветак разы ў тры даўжэйшы, чым на ладсвечніку. Хай гэты белабрысы унтэр паліць у іх свечкі на памінках сваіх сяброў! Ці каб у ягонай Нямеччыне паставілі ў гэтых падсвечніках свечкі за спачын яго самога! Бач жа, на чужых харчах раз’еўся, як вяпрук!
Неўзабаве гандаль сувенірамі пачаў пашырацца. Галодныя людзі ўбачылі, што знайшоўся пралаз, праз які можна даставаць хлеб. Удалы пачын зрабіў Багдан Платонавіч. Астатнія толькі як маглі капіравалі і пераймалі яго працу. Нескладана было трошкі ўкараціць гільзу ад саракапяткі ці зверху рассячы і паадгінаць пялёсткамі шыйку буйнакалібернага патрона. Аб цагліну падраўноўваліся і абгладжваліся абсечаныя краі. У дадатак пры гэтым шараванні яшчэ атрымліваўся ружовы парашок, якім да зіхатлівага бляску начышчалася паверхня латуні. Той самы парашок, што вынайшаў Багдан Платонавіч і які адабраў у яго афіцэр.
Адвольна, самі па сабе ўстанаўліваліся цвёрдыя цэны на сувеніры: ваза для кветак або тры падсвечнікі каштавалі буханку хлеба.
Вядома, у вырабе гэтых рэчаў ніхто не мог угнацца за Багданам Платонавічам. Прычынай таму былі яго ўмелыя рукі, дый памагаў яшчэ абломак нажоўкі, знойдзены на складзе. З шырачэзных гаўбічных гільзаў і з буйнакаліберных патронаў ён па-ранейшаму рабіў прыборы для шнапсу, а з гільзаў ад 85-міліметровай зенітнай і ад 122-міліметровай карпусной гарматы — прыгожыя попельніцы. Адпілоўваў дно гільзы і да абрэзаных і абгладжаных краёў яе, на роўных адлегласцях адну ад адной, прыклёпваў тры ўвагнутыя пласцінкі, на якія курцы маглі класці цыгаркі. А ў цэнтры, у адтуліну, што вяла да капсулы, замацоўваў арла з выгравіраванымі ў елачку крыллямі, якога зубілам высякаў з рэшты распілаванай латуні. За кожны такі выраб немцы давалі два боханы хлеба.
Чуткі пра гандаль сувенірамі разнесліся па навакольных вайсковых часцях. На гравійцы часцей сталі спыняцца грузавікі, з кузаваў якіх вылазілі нямецкія салдаты. Яны расходжвалі сярод палонных і пыталіся, хто з іх прадае сувеніры. Вырабы размяталіся нарасхват і падчыстую.
Сіліча здзіўляла, што немцы так ганяюцца за гэтымі прымітыўнымі сувенірамі, якія сам ён не ўзяў бы і задарма. «Мабыць, у іх побыце пашырана мяшчанская завядзёнка? А можа, заваёўнікі ласыя на чужое дабро?» Яму было дзіўна, што ніхто з пакупнікоў бясплатна не адбірае ў палонных вырабы. Ці немцы адзін перад адным саромеліся рабіць гэта і выстаўлялі напаказ сваю культурнасць, ці як заваёўнікі праяўлялі цярпімасць I паблажлівасць да галоднай дармавой рабсілы? Вартавыя, што стаялі паабапал усцяж палосаў адчужэння, не звярталі ўвагі на бойкі гандаль: напэўна, як тылавікі, пачціва ставіліся да франтавікоў.
Бачачы, як ідзе ходкі тавар, многія палонныя, ужо не знаходзячы гільзаў ад супрацьтанкавых снарадаў, замянілі іх звычайнымі сямідзесяцішасціміліметровымі ад палкавых гарматаў. I ўжо нават не адсякалі шыйкі, а толькі выгравіроўвалі збоку надпіс ды надрайвалі выраб да бляску. У выніку таксама атрымліваліся своеасаблівыя вазы для кветак, праўда, хаця і шыракаватыя, але затое трохі завужаныя зверху.
Аднойчы, выдзёбваючы дату «1942» у надпісе на вазе, Сіліч упершыню звярнуў увагу на тое, што яна па напісанню зрокава вельмі падобна да 1242 года, калі адбылося Лёдавае пабоішча на Чудскім возеры. Як гэта ён раней не заўважыў такога? Аказваецца, ужо мінула ажно семсот гадоў з тае пары. За гэты час у жыцці змянілася прыкладна дзесяць пакаленняў. А далёкія нашчадкі псоў-рыцараў зноў хлынулі сюды, на гэтыя землі. У хлопца ўзнікла зларадная спакуса выдзеўбаць другую лічбу ў даце з загагулінаю ўнізе, каб яна была болей падобна на двойку. I замест «возера Ільмень» выгравіраваць «Peipus See» — «Чудское возера». Сувенір з такім надпісам будзе нагадваць немцам пра тую векапомную для нас i ганебную для іх гістарычную дату. Сваёй задумаю хлопец падзяліўся з суседзямі. Тым яна здалася таксама заманліваю, хаця выжлікала ў каго пакепліванне, а ў каго — перасцярогу.
— Блышыны ўкус, — пацвердзіў Казнадзей. — Гэта ўсё адно, што выстаўляць дулю, трымаючы яе ў кішэні.
Багдан Платонавіч той наадварот трошкі насцярожыўся:
— Каб самім сабе не сапсаваць абедню. Канечне, солі на хвост нам яны не насыплюць, бо не ўстановяць, хто зрабіў такі надпіс. Але каб не знайшоўся дурань, які са злосці прыкрые гандаль вырабамі?
Читать дальше