— Калі яны наперабой расхопліваюць тавар, ніхто ў спешцы не бу,дзе разглядаць надпіс, — умяшаўся ў гаворку Хяндога, якому, відаць, імпанавала Міхасёва думка, —А як разгледзіць у сябе ў часці, дык пабаіцца паказваць іншым, а захавае далей або выкіне прэч.
— Галоўнае, у даце другую лічбу выдзеўбаць так, каб яна была надобна i на двойку i на дзевятку, — падтрымаў Хяндогу Леанід, — А мясцовасць у надпісе не мае значэння. Чудское возера не гэтак далёка ад Ільменя. Любая вайсковая часць магла дыслацыравацца паблізу аднаго i непа;далёку ад другога.
Палонным карцела пазлараднічаць над сваімі гаспадарамі і хоць чымнебудзь насаліць ім.
Нібы старанны шкаляр, што слібізуе пропісы, Сіліч настойліва практыкаваў руку ў напісанні загадкавай лічбы, каб яна адначасова была падобна і на двойку i на дзевятку. Закругленне ў верхняй палавіне яе атрымлівалася бездакорнае, горш выходзіла ў яго з ніжняй загагулінаю. Багдан Платонавіч са шкадаваннем наглядаў за марнымі стараннямі суседа, а потым, спачуваючы, сказаў, што паспрабуе сам падрабіць гэтую злашчасную загагуліну. I атрымалася яна ў яго няблага. Усе лічбы ў даце былі выгравіраваны глыбей, а загагуліна трохі мялей. Здалёку другая лічба выглядала дзевяткаю, але, калі ўважліва прыгледзецца да яе зблізку, яна здавалася двойкаю.
Злараднічаючы, суседзі час ад часу ўпотайкі рабілі шырпатрэбаўскія вазы з такімі надпісамі і пры масавым наездзе пакупнікоў, што расхоплівалі вырабы наперабой, збывалі іх без асаблівых цяжкасцей.
— Вядома ж, адсылаюць нашы вырабы ў сваю Нямеччыну, — пацвельваў суседзям Сіліч, задаволены сваей выдумкаю. — Няхай гэтыя сувеніры напамінаюць іх сваякам не толькі пра сённяшні Усходні фронт, але і пра колішняе Лёдавае пабоішча.
Гаротнікі паступова працверазелі і адыходзілі ад стрэсавага становішча, у якім апынуліся ў фашысцкім палоне. Час ад часу збываючы сувеніры і атрымліваючы за іх нямецкі хлеб, яны адчулі, што фізічна здольны ўцякаць, але бачылі, што ўмовы для ўцёкаў неспрыяльныя. Яны не маглі выходзіць за ланцуг ачаплення. А кінуцца праз яго напралом было тое самае, што пайсці на верную смерць. На адкрытай мясцовасці ўцекачоў адразу скасілі б кулі вартавых. Нават у тых месцах, дзе каля гравійкі рос дробны хмызняк, ён быў выцераблены паабапал метраў на дзвесце. Кожны разумеў, што ўцёкі адсюль немагчымыя. Хутчэй можна ўцячы з якіх-небудзь работ, куды зрэдку салдаты бралі па некалькі палонных.
Хяндога з яго назіральнасцю і кемлівасцю бачыў усё гэта лепей за іншых. Ён добра вывучыў абставіны прымяняльна да навакольнай мясцовасці і адчуваў, што цяпер можна арганізаваць людзей на калектыўныя ўцёкі. Іх паднялі б і павялі за сабою дзесятнікі на чале сваіх дзесятак. Але для такога выступлення неабходна зброя. Хаця б некалькі пісталетаў і гранат. З імі можна было б заняць кюветы, нібы траншэі, і з укрыцця ўдарыць па вартавых, што стаяць на адкрытай мясцовасці. Такім чынам можна было б захапіць што-небудзь з іхняй зброі. А бяззбройным кінуцца на канваіраў—значыць падставіць палонных пад кулі, выправадзіць на верную смерць. Паабапал гравійкі дваццаць вартавых, у карабінах кожнага з іх па пяць патронаў. На кожнага палоннага—адна куля. Пабягуць людзі ў два бакі—турэмшчыкі іх сустрэнуць прыцэльным агнём ва ўпор, кінуцца ў адзін бок—будуць расстрэльваць і спераду, і ззаду. Не гравійка, а турэмны калідор, на якім корпаюцца з лапатамі проставалосыя прывіды і сноўдаюць з насілкамі здані ў драўляных калодках на нагах. Пад прымусам гаротнікі вымушаны людской бядою вымошчваць гэтую дарогу ў невядомасць.
Хяндога болей за іншых перажываў безвыходнасць становішча, хоць і стараўся не выдаваць гэтага. Яму было сорамна, што жанкі навакольных вёсак збіраюць для іх міласціну, вымушаны дзяліцца кавалкам хлеба з гаротнымі землякамі. Усе яго спадзяванні на наладжванне сувязей з цывільным насельніцтвам не апраўдаліся. Турэмшчыкаў не перахітрыш. Яны занадта асцярожныя: вопыт маюць немалы, што набылі ў сваёй Нямеччыне ў астрогах ды канцлагерах.
Адзінай аддушынаю ў беспрасветным жыцці палонных быў цяпер гандаль сувенірамі. Самім і смешна і грэшна было ад таго, што за лом, хай сабе і каляровага металу, ім перападае нямецкі хлеб.
Па меры таго, як па гравійцы павольна рухалася ватага расхрыстаных галодных людзей, кюветы паабапал апустошваліся падчыстую. Хяндога разумеў, што металалому хопіць ненадоўга. Дастаткова палонным, рамантуючы гравійку, прайсці ўвесь участак з канца ў канец—i запасы стрэляных гільзаў і парожніх буйнакаліберных патронаў скончацца. Неабходна было паклапаціцца, каб яны неяк папаўняліся. А папаўняцца яны маглі, канечне, толькі нашымі людзьмі, іх захадамі і турботамі. I зноў у Хяндогі зацеплілася кволае спадзяванне на штосьці заманлівае, а ў галаве варухнулася дзёрзкая думка, якою ён падзяліўся з Міхасём і Леанідам. Хяндога параіў хлопцам напісаць сялянам пасланне. У ім шчыра падзякаваць за падтрымку і сказаць, што палонныя цяпер з артылерыйскіх гільзаў і буйнакаліберных патронаў робяць сувеніры, якія немцы купляюць за хлеб. Папрасіць, што калі сяляне ўбачаць дзе-небудзь згрувашчаныя запасы непатрэбнай амуніцыі, каб збіралі яе і, едучы на працу, раскідалі па кюветах. Хяндога спадзяваўся на тое, што разам з такой амуніцыяй трапіць да палонных і якая-небудзь зброя. Вінтоўку ці ПТР жанкі, можа, і пабаяцца прывезці, а пісталет або гранату могуць падкінуць у кювет. Хяндога не сумняваўся ў тым, што, калі хлопцы папросяць вартавога з жалезным крыжам, той аднясе пасланне сялянам, якія працуюць на гравійцы.
Читать дальше