На ўсё жыццё хлопцу запомніліся яўрэйскія стравы: смачная тушаная бульба з буйной каляровай фасоляй, селядзячны фаршмак, цымус і велікодная маца.
У педінстытуце Міхась пасябраваў з яўрэйскім юнаком Барысам. З ім яны вучыліся ў адной групе і ўсе чатыры гады займалі суседнія ложкі ў інтэрнатах. Барыс быў на тры гады старэйшы за Міхася і паспеў набыць некаторы жыццёвы вопыт, бо да інстытута працаваў электрыкам на Урале. Міхасю імпанавала сябрава сціпласць і стрыманасць. У гэтых адносінах яны нечым былі падобныя адзін да аднаго. Абодва па-сур’ёзнаму ставіліся да вучобы. Іх не спакушалі пустыя забавы і гулянкі.
Калі пад страхам смерці Міхась уцякаў з разбамблёнага Мінска і па дарозе завітаў да Барыса дадому, ад шматкіламетровага бегу ў яго адняліся ногі. Дзесяць дзён яны не згіналіся, спруцянелыя. Хлопец ляжаў у ложку, а Барысава маці адпойвала яго гарачым малаком.
Там абодва сябры добраахвотна пайшлі разам у войска, але іх разлучылі, бо, адпаведна ўзросту, узялі ў розныя часці.
Сіліч чуў, што нямецкія фашысты вынішчылі яўрэяў Германіі і цяпер знішчаюць іх ва ўсіх захопленых краінах. Але хлопец уяўляў сабе ўсё гэта неяк туманна, бо не бачыў на свае вочы. А тут раптам вартавы паведамляе яму страшную навіну пра таварыша, з якім ён паспеў зблізіцца ў няволі. Пагрозу, навіслую над Леанідам, Міхась успрыняў блізка да сэрца. Устрывожаны ёю, насілу распаліў вартавому цяпельца і ўвесь абедзенны перапынак перахваляваўся, не ведаючы, як паведаміць яе сваім таварышам, разам з якімі ў кювеце сядзеў Леанід. Толькі калі палонныя пачалі сноўдаць па гравійцы з лапатамі ды з насілкамі, Сіліч вычакаў зручны момант і па сакрэту перадаў трывожную вестку спачатку Багдану Платонавічу, а потым Хяндогу з Казнадзеем.
— Сволач даўгалыгая! Усіх апярэджвае выграбаць памыйніцу, а тут застаўся ні з чым, — вылаяў Бырвіна Багдан Платонавіч. — Зайздрасць заела, што Леанід некалькі разоў распальваў вартавому цяпельца. Думае, хлопцу перапала што-небудзь. Выдае свайго, каб самому выслужыцца. Небяспечны тып. Нябось, і гэты кароткі шынель яшчэ невядома якім чынам з чужых плячэй садраў!
Калі Міхась сказаў пра небяспечную навіну Хяндогу, той з’едліва зазначыў:
— Не ведае камендант, каго прызначыць наглядчыкам. Чалавек сам напрошваецца, — і пасля некаторага роздуму дадаў:—Такога трэба абясшкодзіць, каб не натварыў бяды. Звычайна гэтыя тыпы баязлівыя. Прышчэмім яму язык.
«Канечне, адзінае выйсце з такога становішча — прышчаміць язык Вырвіну. Але якім чынам?—не разумеў Сіліч. —Солі ж на хвост яму не насыплеш. А запалохваць або ўпрошваць, каб ён не балбатаў лішняга — яшчэ болей рызыкоўна. Толькі сапсуеш усю справу. — Хлопец у думках праклінаў дзікунскія законы арыйцаў. — Адных яны вынішчаюць, другіх спрабуюць ператварыць у нявольнікаў, трэціх—плануюць анямечыць. Як быццам чалавек вінаваты ў тым, кім нарадзіўся на белы свет».
Шмат чаго перадумаў яшчэ хлопец, але ўсё роўна не ведаў, як выратаваць ад небяспекі сябра. Ён разумеў, што трэба неадкладна прымаць нейкія меры, але што рабіць канкрэтна, не цяміў. Ад гэтага яшчэ болей перажываў і хваляваўся за лёс таварыша. Заставалася толькі спадзявацца на Хяндогу, на ягонае ўмельства і знаходлівасць.
А ў таго, як на злосць, мусіць, таксама не надта вытанцоўвалася задума. Ва ўсякім разе, добрых пару гадзін Хяндога не гаварыў Міхасю ні слова. Хлопец пачаў ужо думаць, што Хяндога забыўся пра ўсё або таксама не можа знайсці ніякага паратунку. Нарэшце ў канцы рабочага дня, калі Багдан Платонавіч і Леанід з накіданымі насілкамі адышлі ад кучы патрушчаных руінаў, Хяндога шэптам спытаўся ў Міхася:
— У цябе захаваўся надпіс, што гравіраваць на вазах?
— Яго я адразу ж адарваў. А рэшту чыстай паперы збярог.
— Хто-небудзь бачыў, як вартавы перадаваў яе табе?
— Наўрад. Ён перадаў яе разам з запальнічкаю, калі я распальваў яму цяпельца, —не разумеў Міхась, да чаго хіліць размову Хяндога.
Якраз у гэты момант вярнуліся з парожнімі насілкамі Леанід i Багдан Платонавіч, і гаворка паміж Міхасём і Хяндогам абарвалася.
Як толькі Міхась нетаропка накідаў ім патрушчаныя руіны і абодва напарнікі адышлі зноў, Хяндога, накідаючы насілкі Ярмоліку з Казнадзеем, паціху сказаў:
— Канечне, алоўкам карыстацца рызыкоўна. Многія маглі бачыць, як мы на гільзах рабілі ім надпісы. А чарніла і днём з агнём не знойдзеш.
— У вартавога можа быць самапіска, — нечакана знайшоўся Міхась.
— Спытайся. Калі ёсць, папрасі на дзень. Скажы, што яна патрэбна, каб ратаваць сябра. Раз вартавы паведаміў пагрозлівую вестку, значыць, баяцца яго няма чаго. Толькі скажы, каб ён перадаў самапіску непрыкметна.
Читать дальше