Камендант спачатку штосьці запытаўся ў яго, а потым аддаў нейкі загад. Паўло на момант затрымаўся, штосьці абдумваючы, а потым паспешліва кінуўся ў гурт палонных, што яшчэ не выстройваліся ў калону. Разгублена паштурхаўся сярод іх, адшукаў вачамі Багдана Платонавіча з Міхасём, падышоў бліжэй і, ні да аднаго не звяртаючыся па імю і ні аднаму не гледзячы ў вочы, суха сказаў:
— Абодва ідзіце да каменданта.
Суседзі ад нечаканасці зніякавелі. Яны не чакалі такога ад Паўла. Абодва збянтэжана пераглянуліся і пайшлі да Брэса. Але камендант нават не глянуў на іх. А афіцэр паказаў рукою, каб аўтаматчыкі залазілі ў кузаў. Калі тыя выканалі ягоную волю, ён загадаў абодвум палонным таксама залазіць туды. Аўтаматчыкі ўселіся на лаву, спінамі да кабіны, а палонным загадалі сядаць на дно кузава, спінамі да задняга борта.
«Гэтак нас яшчэ не вазілі, — мільганула ў Міхасёвай галаве. — Мабыць, на выпадак чаго, каб смела страляць ва ўпор, а не паласнуць аўтаматнай чаргою па кабіне, дзе сядзяць афіцэр з шафёрам. З дна кузава, у сядзячым становішчы, не выскачыш праз борт».
Хяндогава тройня таксама насцярожылася, калі пачула, што Паўло паклікаў Міхася з Багданам Платонавічам да каменданта. «Мабыць, наглядчык выдаў, што Міхась ведае нямецкую мову, — падумаў Хяндога.— Куды ш іх павязуць?»
Многія палонныя прагнымі позіркамі, у якіх былі не то зайздрасць, не то роспачнае захапленне, правялі Міхася з Багданам Платонавічам, што залезлі ў кузаў грузавіка і паехалі да лагера. Гэтакім паглядам адзін жабрак праводзіць другога, мяркуючы, што таму дастанецца багацейшая міласціна.
Багдан Платонавіч і Міхась уздыхнулі з палёгкаю, калі грузавік навёз іх да лагера. У абоіх зацеплілася нейкае спадзяванне на паратунак. «Куды яны могуць везці нас? — думаў кожны з іх сам сабе. — Вядома ж, на нейкія работы. Можа, у вайсковую часць пілаваць дровы пры кухні? Адтуль уцячы лягчэй. Салдатаў ашукаць прасцей, чым турэмшчыкаў на гравійцы».
Але разам з тым кожнага з іх здзіўляў сённяшні ўчынак былога суседа. «Чаму менавіта нас, а не каго-небудзь іншага Паўло вылучыў з усіх палонных?»
Багдану Платонавічу здавалася, што былы сусед раздобрыўся, каб Міхасю па знаёмству, а яму па-зямляцку зрабіць палёгку ў паднявольным жыцці. А Сіліч наадварот не дапускаў такога ў сваіх думках. Ён лічыў, што Паўло вылучыў з гурту яго толькі таму, што Міхась разумев па-нямецку. Па-першае, афіцэр мог папрасіць у каменданта менавіта такога палоннага. А па-другое, Паўло ў душы не хацеў, каб гэтакі сведка, які ведае яго як аблупленага, быў побач. Калі Міхась з Багданам Платонавічам I ўцякуць, Паўло ж не будзе адказваць за гэта перад камендантам. Уцякуць жа яны ад аўтаматчыкаў, а не з-пад нагляду Паўла. Адным махам ён адначасова заб’е двух зайцаў: хутчэй пазбавіцца ад непатрэбных сведкаў i разам з тым застанецца ў іхніх вачах дабрадзеем. Адным словам, іх козы будуць сыты i сена, будзе цэлае. «Не мог жа камендант загадаць Паўлу вылучыць з натоўпу менавіта нас, — апраўдваў Міхась свае здагадкі. — Мы яшчэ не паспелі насаліць Брэсу так, каб ён запомніў нас у твар або ведаў нашы імёны. А Паўлу ў косці ўеліся. Ён будзе адчуваць сябе значна вальней, калі яму ўдасца справадзіць нас куды-небудзь у іншае месца».
Абодва яны сядзелі моўчкі пад накіраванымі на іх дуламі аўтаматаў і пад пільнымі позіркамі невядомых ахоўнікаў. Яны былі маладжавыя па ўзросту і бялявыя з выгляду. Напэўна, бялявасць яшчэ болей адцяняла і выразней падкрэслівала срабрыста-блакітнаватая форма з гэткімі ж пілоткамі на галовах і з чорнымі аўтаматамі ў загарэлых руках. «Дэсантнікі? Ці, можа, аэрадромная ахова? Лётчыкі ж звычайна —афіцэры. Дый з пісталетамі, а не з аўтаматамі».
Па тым, як часта і дробна ўздрыгваў зад кузава, дрогка трасучы абодвух палонных, Міхась і Багдан Платонавіч адчувалі, што грузавік хутка імчыць па гравійцы. Седзячы спінамі да задняга борта, ім не відно было, дзе яны праязджаюць. Хаця аўтамашына везла іх у невядомасць, абодва яны спадзяваліся на штосьці лепшае. Ад гэтага адчування на іх тварах пакутлівы одум змяняла імгненнае прасвятленне. Багдана Платонавіча суцяшала тое, што на зацененых абліччах гэтага не разгледзяць аўтаматчыкі.
Па аднастайным мяккім уздрыгванні, якое прадаўжалася з паўгадзіны, адчувалася, што грузавік увесь час імчыць па гравійцы. Пазней яго колы цвёрда застукалі па бруку. Неўзабаве аўтамашына спынілася і тучна прасігналіла. Але аўтаматчыкі не збіраліся ўставаць з лавы. Чутно было, як наперадзе за кабінаю са скрыпам адчынілася цяжкая брама. Грузавік запаволена праехаў трохі далей і спыніўся. А аўтаматчыкі загадалі палонным вылазіць і ўсталі самі.
Читать дальше