— Няўжо яны прывезлі нас разбіраць гэты помнік? — абарваў Міхасёвы ўспаміны шэпт Багдана Платонавіча. — Але ж каля яго няма ніякіх рыштаванняў.
— Можа, прымусяць падымаць на грузавік паскіданыя фігуры? — няўпэўнена прашаптаў Міхась.
— Дваім не пад сілу, — зноў зашаптаў Багдан Платонавіч.—Для гэтага яны прыхапілі б сюды болей палонных.
— Маўчаць! — раптам гыркнуў аўтаматчык, які яшчэ здалёк заўважыў, што сюды вяртаецца афіцэр з нейкім другім вайскоўцам у такой жа форме.
Калі яны падышлі бліжэй, Міхась па шырокіх лампасах на брыджах і па ўвагнутай сядлом туліі на фуражцы другога афіцэра здагадаўся, што ў таго генеральскі чын.
— Мне сказал!, што адзін з вас ведае нямецкую мову, а другі па прафесіі—дахаўшчык ды яшчэ i майстра залатых спраў, — з адчужанай пагардаю па-нямецку звярнуўся да палонных высокі чын.—А ў майстра высокага класа з такім дасведчаным падручным і праца павінна быць ганаровая! — i пасля. кароткай паўзы здзекліва дадаў: — Праўда, перш чым даверыць вам золата, я пагляджу, як вы паздзіраеце з купала пазалочаную бляху. — I жэстам рукі ён даў знак афіцэру, каб той прасачыў за выкананнем ягонага задання, а сам нетаропка пайшоў назад туды, адкуль толькі што прыйшоў.
Афіцэр перадаў аўтаматчыкам невялікі сакваяж, які прынёс адтуль, куды хадзіў па высокага чына.
— Што ён загадаў?—на хаду насцярожана прашаптаў Багдан Платонавіч, калі афіцэр і аўтаматчыкі павялі палонных да сабора.
— Здзіраць пазалоту з купала, — з горыччу і прыкрасцю ў голасе адказаў Міхась, які ўжо зразумеў, што справа паварочваецца такім бокам, калі можна размаўляць услых, а не перашэптвацца.
Багдан Платонавіч нічога не адказаў, нават нічым не выдаў свайго хвалявання.
Сіліч палахліва глянуў на купалы сабора, і яго самотны позірк стаў недаўменны ад таго, што ён убачыў. Зверху на галоўны купал была надзета крыжавіна лесвіцы, яму былі бачны толькі тры канцы прыступак, што спадалі кудысьці на дах. «Зноў злашчасная крыжавіна, як тая з ручніком на дне каша з хлебам, які прывозілі жанкі,— мільгнула ў яго прыкрая думка. — Мусіць, да скону наканавана ў жыцці несці гэты крыж». З даху да зямлі звісала лесвіца, што, напэўна, была прымацавана да асновы бакавога купала. Міхасю міжвольна прыгадаўся той малюнак, што ўявіўся тады, калі ён упершыню здалёк убачыў за крамлёўскімі сценамі Наўгародскую Сафію. Чатыры віцязі абступілі і падтрымліваюць пятага ў залатым шаломе, высокага волата, які знясілеў у бітве. Хлопец адвёў позірк направа, але ў вочы кінулася масіўная шыбеніца, усё адно як спецыяльна ўзведзеная для пяцярых асуджаных. «Званіца, з якой паздымалі званы, ці што? — падумаў ён. — Тады, здалёк, я не здагадаўся, што гэта. На ёй каты збіраюцца вешаць пяцярых віцязяў пасля таго, як мы здзяром з галавы волата залаты шалом. Фашысты хочуць зрабіць i нас сваімі памагатымі. Цікава, як люфтвафаўцы ўзвалаклі і надзелі на купал крыжавіну лесвіцы? Мабыць, назіральнік апусціў яе з паветранага шара. Калі на фронце немцы падвешвалі ўгары надзьмуты каўбух з назіральнікам, каб карэкціраваць артабстрэл, дык тут і пагатоў маглі выкарыстаць яго».
Настрой у хлопца пагоршыўся. Ногі адзеравянелі, не згіналіся ў каленях і адмаўляліся служыць. Ён напружваў сілы, каб перастаўляць іх. Яму здавалася, што ён ужо не здолее прайсці нейкую сотню метраў. Хлопец заняпаў духам і ў думках пачаў вінаваціць ва ўсім Паўла. Цяпер ён не сумняваўся ў тым, што іх з Багданам Платонавічам падвёў пад манастыр Паўло. Генерал мог даручыць афіцэру знайсці ў лагеры дахаўшчыка і палоннага, які разумев па-нямецку. Калі афіцэр сказаў пра гэта каменданту, Брэс, напэўна, тады і паклікаў Паўла дый загадаў яму знайсці тагах палонных. А Паўлу нечага было шукаць іх, бо ён жа ведаў, што Багдан Платонавіч —дахаўшчык, а Міхась разумее нямецкую мову. Хто ж акрамя Паўла мог сказаць, што Багдан Платонавіч — майстра залатых спраў? Шадаючы заслужыць пахвалу каменданта, Паўло сваім веданнем палонных казырнуў перад афіцэрам, а той, каб выслужыцца перад генералам, у сваю чаргу таксама гэтак ахарактарызаваў яму Багдана Платонавіча.
Палонных падвялі да сцяны, паўз якую з даху звісала лёгкая вяровачная лесвіца.
— Здымай рэчмяшок, і разувайцеся! — загадаў афіцэр.
Міхась зняў з плячэй рэчмяшок і паклаў яго на зямлю. Палонныя прыселі, каб разуцца. Калодкі, вядома, можна было зняць стоячы, але ж трэба было разбэрсаць завязкі портак, каб разгарнуць верхнія канцы анучаў.
— Шнель! — выкрыкнуў афіцэр i болей лагодным тонам сказаў аўтаматчыку, што трымаў сакваяж: — Дай ім інструмент.
Читать дальше