Той раскрыў баул, выняў адтуль два брызентавыя паясы і аддаў палонным. На паясах матляліся металічныя ланцужкі з зашчапкамі. Міхась бачыў, як такімі паясамі некалі прышчэпліваліся да слупоў сувязісты, што няўклюднымі кіпцюрамі ўзбіраліся ўгару і закручвалі там крукі, навінчвалі ізалятары і прывязвалі правады. Услед за Багданам Платонавічам падпяразваючы пояс, ён разгублена глядзеў, як аўтаматчык дастаў з баула брызентавы канверт, разгарнуў яго i, кладучы на зямлю, холадна прамовіў:
— Хай самі выбіраюць, што ім патрэбна.
Сіліч утаропіўся ў канверт, з вузенькіх кішэнек якога тырчалі пласкагубцы, адвёрткі, абцугі, прабойнікі. Ці таму, што паверхня іх паблісквала, як адпаліраваная, ці ад таго, што яны былі разнастайных памераў, яму чамусьці ўявілася, як гэтымі інструментамі фашысты зрываюць з пальцаў сваіх ахвяраў пярсцёнкі і выдзіраюць са сківіцаў залатыя зубы.
— Варушыцеся!—прыспешваў афіцэр.
Багдан Платонавіч нетаропка, але з годнасцю выбраў з канверта двое абцугоў і двое пласкагубцаў, большыя паклаў у кішэню портак, а меншыя перадаў Міхасю. Хлопец нерашуча ўзяў інструмент і ледзь патрапіў ім у кішэні, настолькі дрыжалі яго рукі.
— Лёс! — прыкрыкнуў афіцэр.—Толькі лезьце па адным!
«Мабыць, не ўпэўнены, што дваіх вытрымае лесвіца? — зларадна падумаў Міхась. — Нябось, клапоціцца не за наша жыццё. Баіцца, каб не сарвалі генералава заданне».
Багдан Платонавіч, як быццам дражнячы афіцэра, дэманстратыўна папляваў на далоні і, марудзячы, пацёр іх адна аб адну. Потым учэпіста абшчаперыў вяровачныя бакі лесвіцы і павольна палез угару. Лесвіца разам з ім злёгку пагойдвалася то бліжэй да сцяны, то далей ад яе, але чым вышэй ён падымаўся па ёй, тым пагойдванне суцішалася. Толькі ў Міхасёвых грудзях усё мацней і мацней калацілася сэрца. Хлопец палахліва назіраў за суседам, што нетаропка караскаўся ўгару. У самым верее сцяны Багдан Платонавіч затрымаўся, ці то пераводзячы дыханне, ці то навобмацак абшчаперваючы над карнізам нябачныя вяроўкі, потым падняўся яшчэ на адну прыступку, павольна перагнуўся на дах і, нязграбна падцягваючы ногі, знік з вачэй. Зверху адразу ж пачуўся раскацісты пошчак, мусіць, ад зыбання пад яго рукамі і каленямі даху. Гэты пошчак гулка адазваўся ў хлопцавых вушах, прыглушаючы афіцэраў выкрык: «Лёс!»
Сіліч нехаця ўзяўся за вяроўкі, насілу падняў босую нагу на ніжнюю прыступку, з цяжкасцю адарваўся ад зямлі і павіснуў у паветры. Ад таго, што яго рукі і калені дрыготка трымцелі, лесвіца пад ім пагойдвалася ўбакі і хадзіла хадуном. У яго сярэдзіне штосьці абарвалася, нібыта калісьці на арэлях, якія ў саракі моцна разгушкалі старэйшыя хлопцы. Цяпер на арэлях смерці яму прыгадаліся вясновыя арэлі маленства, што гушкаліся на бэльцы пад павеццю, прыкметна пагойдваючы яе страху. Міхась марудна караскаўся ўгару, а сонца наадварот падымалася хутчэй. Вось яно выглянула з-за будынкаў, перад светам асвятліла хлопца, як злачынцу, адлюстроўваючы сваімі промнямі на сцяне яго пачварны цень і агідную лесвіцу. I кожная пераадоленая прыступка яе на адну ступеньку набліжала яго да злачынства. Цяпер, быццам на экране, ён быў на віду перад вокнамі будынкаў, перад дрэвамі i перад сівымі помнікамі гэтага свяшчэннага месца паломніцтва.
Хлопца з ног да галавы абдало халодным потам. Кружылася галава. Каб не зваліцца, ён стараўся не глядзець уніз, але яго скасавураны позірк палохаўся ўласнага нязграбнага ценю, які марудна поўз па сцяне. Лез Міхась сапраўды запаволена, бо немцы знізу загалёкалі на яго, як на спалоханую малпу, якую ўзагналі на рэі парусніка, а яна не ведае, што рабіць, i то разгублена караскаецца ўгару, то спыняецца на месцы.
Калі галёканне суціхла, зверху, быццам запозненае водгулле яго, даляцеў пранозлівы крык:
— Цэж мій Кыіў! Дніпро-Славутыч і Подол! Даруй мэні, пробач, Софыя!
А потым з аглушальным шоргатам-звонам зноў раскаціста забарабаніў дах ды непадалёку ад Міхасёвага ценю імкліва мільгнуў па сцяне другі няўклюдны цень, ад якога хлопец ажно скалануўся і адначасова пачуў, як унізе штосьці глуха чмякнулася.
Інтуітыўна Сіліч адчуў, што нешта здарылася, і разгублена застыў на лесвіцы ў стане адлучанасці і здранцвення. Нават не зрэагаваў на каманду: «Злазь уніз!», якую двойчы падаў афіцэр. Толькі кароткая аўтаматная чарга, якою міма яго паласнуў салдат, вывела хлопца з шокавага стану і выкрык аўтаматчыкаў: «Злазь назад!» нарэшце прымусіў заварушыцца і крануцца з месца. Цяпер ён зразумеў, што здарылася штосьці непрадбачанае, калі яму загадваюць злазіць. Але злазіць уніз было яшчэ цяжэй, чым падымацца ўгару. Чым даўжэйшы адрэзак лесвіцы вызваляўся зверху, тым болей ён разгойдваўся пад нагамі хлопца, разгушкваючы пад ім яе вольны хвост. А Міхась па-ранейшаму пабойваўся глядзець уніз і таму навобмацак нагамі з цяжкасцю трапляў на разгойданыя прыступкі. Яму здавалася, што ён злазіў цэлую вечнасць. А калі сышоў з лесвіцы і, паварочваючыся, убачыў на доле нерухома распластанае цела Багдана Платонавіча, не выпусціў з рук вяроўку, бо адчуў, як настылы дол апаліў босыя падэшвы і ўсё вакол пайшло кругам, нібы яго рушыла з месца карусель. Ён заплюшчыў вочы і, мусіць, паляцеў бы потырч, калі б выпусціў з рук вяроўку. Устаяў на нагах толькі таму, што прытрымаўся за яе.
Читать дальше