Сіліч падняўся з дна кузава, павярнуўся і, перш чым пералазіць праз борт, акінуў позіркам кругагляд, наколькі відаць было з-за брызенту. Хлопду здалося, што грузавік заехаў усярэдзіну нейкай цытадэлі, са складскімі памяшканнямі і старадаўняй сцяною, у якой адразу ж зачынілася масіўная брама.
— Сафія! —выдыхнуў Багдан Платонавіч, калі вылез з кузава і вочы яму асляпіў зыркі купал сабора, што ўзвышаўся спераду злева ад грузавіка, які рушыў з месца пасля таго, як з кабіны вылез афіцэр.
«Дык вось куды яны прывезлі нас! У Наўгародскі крэмль», — цяпер зразумеў Міхась, жмурачыся ад яркага купала, што асвятляўся промнямі, якія падалі аднекуль з-за крамлёўскай сцяны. Над ёю яшчэ не паднялося сонца, і хлопец зябкавата пацепваў плячамі ці то ад настоенай за настылымі сценамі свежасці, яшчэ не прагрэтай промнямі, ці то ад могільніку з белымі крыжамі, у напрамку якога палонных павялі аўтаматчыкі з афіцэрам.
На вызваленай ад ворагаў зямлі Міхасю ўжо даводзілася бачыць татя могільнікі з неакоранымі бярозавымі крыжамі і нахлабучанымі на іх нямецкімі каскамі. Таму яму здалося, што нашчадкі тэўтонаў у адплату за кожнага забітага свайго салдата спецыяльна помсцяць нам, для магільных крыжоў ссякаючы толькі бярозы. Гэтае дрэва чамусьці было для яго сімвалічным увасабленнем усяго славянскага. Яму здавалася, што менавіта таму ў нас фашысты і высякаюць падчыстую бярозавыя гаі. Ад злосці яны дайшлі да нечуванага кашчунства: апаганілі святыню славян — зрабілі свой могільнік перад Сафійскім саборам і помнікам тысячагоддзя Расіі. Сіліч адразу ж пазнаў гэты помнік, як толькі абрысы яго вынырнулі з-за зеляніны бухматых дрэваў. З выгляду ён чамусьці нагадаў хлопцу абеліск з пазалочанымі фігурамі, што ў сярэдзіне мінулага стагоддзя быў адліты з чыгуну і ўстаноўлены на цэнтральнай плошчы Полацка ў гонар воінаў, якія загінулі ў 1812 годзе пры вызваленні гора да ад французскіх захопнікаў. Хаця Міхась бачыў той абеліск усяго некалькі разоў, калі прыязджаў з бацькам у райцэнтр, але запомніў яго назаўсёды. Пазней юнака глыбока абурала, што ў трыццатыя гады абеліск зруйнавалі. Як маглі зрабіць такое святатацтва свае невукі, калі навокала ўсё нагадвала пра векапомныя гістарычныя падзеі? I двухпавярховы будынак былой кульнеўскай настаўніцкай семінарыі, які заняў іх педтэхнікум, і вулка направа, міма такога ж будынка ваеннага штаба і касцёла ўніз паўз вал Івана Грознага, на Чырвоны мост праз Палату. Мост гэтак названы ў памяць ахвяраў салдат i народных апалчэнцаў, якія з крывавымі баямі ўвайшлі па ім у горад і пачалі вызваляць ад французаў беларускую зямлю. Тым болей, што і адважны Кульнеў загінуў у бітве непадалёку ад Полацка.
У маленстве хлопец падрабязна чытаў у дарэвалюцыйным падручніку «Сейбіт», як выглядае помнік тысячагоддзя Расіі, і падоўгу разглядаў яго на пажоўклых малюнках. Цяпер ужо наяве, як некалі ў кнізе, апаясаны двума радамі людскіх барэльефаў, на самай вяршыні з крыжам, анёлам і ўкленчаным чалавекам, ён сапраўды нечым падобны і на шапку Манамаха, і на вялізны звон. Набліжаючыся да помніка, Міхась убачыў, што на зямлі каля яго адпачываюць людзі.
— Стойце! — невядома каму, аўтаматчыкам ці палонным, загадаў афіцэр — i тыя, i другія спыніліся. — Пачакайце, пакуль я вярнуся, — скамандаваў ён і пайшоў у супрацьлеглы ад сабора бок.
«Усё адно як назнарок пакінуў нас тут, каб мы бачылі, што яны вытвараюць», — падумаў Міхась, калі разгледзеў каля помніка паздыманыя з яго чалавечыя фігуры, у беспарадку раскіданыя навокала.
Як быццам стомлены ў бітве, пад цяжарам даспехаў і кальчугі, толькі на імгненне прылёг Аляксандр Неўскі, не выпускаючы з рук меч. На ягоным ілбе, нібы кропелькі поту, паблісквала ранішняя раса. Паводдаль, неразлучныя адзін з адным і пасля смерці, ляжалі побач Мінін і Пажарскі. Першы, трымаючы шчыт, а другі—цяжкі меч.
На Міхасёвы вочы накаціліся слёзы. Каб не выдаць Багдану Платонавічу сваёй слабасці, хлопец павярнуў галаву і пачаў аглядаць сцены сабора. Абшарпаны і падзяўбаны кулямі, з выгляду ён адрозніваўся ад беласнежнай Полацкай Сафіі. У той сцены — зламаныя плоскасці прамавугольнікаў, а ў гэтым яны — паўкруглыя, авальныя. Аточаная крамлём і навакольнымі памяшканнямі, Наўгародская Сафія здалася Міхасю прысадзістаю, у той час як Полацкая, на строме, непадалёку ад Заходняй Дзвіны, выглядала ўзнёслаю ўвысь.
Хлопцу прыгадалася, як яны студэнтамі любілі гуляць вакол яе ў прыгожым скверы з клумбамі духмяных кветак. Туды ад іхняга педтэхнікума падаць рукою: толькі перасячы пляц ды прайсці міма Мікалаеўскага сабора i кадэцкага корпуса. Мінула ўсяго чатыры гады з тае пары, а здаецца, як даўно было ўсё гэта!
Читать дальше