Я ўжо думаў — бацька не рэагуе на тое, што адбываецца. Але памыліўся.
Вярнуўся, як звычайна, ён са Свіслачы запылены і ўчарнелы. Я выйшаў распрагаць кабылу, але ён не даў. Дастаў нешта загорнутае ў газету, таямніча і па-маладому мне загадаў:
— Сам распрагу! А ты на, прыбі над сталом!.. Удалоса купіць!..
Я разгарнуў паперу. Там былі новенькія партрэты Леніна і Сталіна, вышытыя на шоўку.
Да нашай хаты быў прыбудаваны хлеў, дзе стаяла кабыла. Там за фундамент мы з Валодзькам хавалі падпольную літаратуру і зусім забыліся, што там і цяпер яшчэ ляжала добрая пачка.
Аднаго разу забегла ў хлеў свіння. Бацька яе адтуль прапёр, ды чамусьці сам застаўся. Я пакратаў дзверы — зашчэплены з сярэдзіны. Устрывожаны, падкраўся я да акенца без шкла і ўбачыў дзіўны малюнак.
Уся зямля ўслана белымі паперкамі — прызывамі выходзіць на дэманстрацыю і ратаваць Сяргея, які страляў на судзе ў правакатара. Іх са схованкі дастала свіння і растрэсла па саломе. Бацька сядзеў на парозе, браў гэтыя паперкі, выпростваў, праглядаў і беражліва складваў у стосік ды нешта гаварыў. Ён яшчэ з той вайны вярнуўся глухаваты, і падслухаць яго заўсёды было лёгка. Я стаіўся.
— Кепска, кепска, кепска!..— стагнаў, ледзь не плакаў ён.— Цяжка!.. Ой, як цяжка!.. А што ты прапануеш?!. Калі камуніст — мусіш вытрываць!..
Дагэтуль я не бачыў бацьку паверачным. У спрэчках з мамай ён заўсёды выходзіў пераможцам. Ледзь не кожны страшавец звяртаўся да яго за парадай. Часамі з далёкіх вёсак прыязджалі заплаканыя сёстры са сваёй бядой і ад'язджалі ад яго супакоеныя. У мяне склалася думка, што ён вельмі цвёрды і ўсё гэта яму надта лёгка даецца. Нават не міргнуўшы вокам, адмовіўся ад роднага брата, калі той стаў «нэпманам»!.. Выяўляецца, я кепска ведаў бацьку. Стары ўмеў хаваць свае раны, таму мог быць лекарам.
5
З таго моманту, калі праз акенца ў хляве ўбачыў я так прыбітага бацьку над лістоўкамі, ён стаў мне блізкі, як мама. Зрабіўся нават як бы святы. Я стаў нібы часткай яго цела і нерваў.
Землякі нас разумелі, спачувалі, а бацьку ўсё гэта злавала. Ён нават не даваўся пра гэта гаварыць і пасылаў усіх да д'ябла.
Не быў бы я яго сынам, каб не рабіў тое ж самае.
Вывезлі нашага асадніка-лесніка. Пачало асыпацца на пні леснікова жыта. Страшаўцы без каманды, па адвечнаму і няпісанаму закону сабраліся грамадой ратаваць тое, што гінула. Мужчыны пабралі косы, жанчыны — збанкі з вадой і рушылі ў лес на дзялянку касіць палетак.
Пакасіўшы, прысеў я на сноп перадыхнуць. Да мяне падышла Настусіна Верка са збанком — у ім для кіслаты плавала скарынка хлеба.
— Алёшка, на, напіса.
— Не хачу!..
— Хало-одная, я пад кустом трымала...
У яе ціхім голасе было столькі гатоўнасці і жадання прыслужыць мне, пашкадаваць, зрабіць прыемна, і ўсё гэта ішло з такой глыбіні, што на хвіліну яна стала блізкай-блізкай, нібы мама (мабыць, каханне і трымаецца на тым, што хлопец у дзяўчыне бачыць нейкія рысы сваёй маці!).
— На, пі!
Выходзіць, і яна ўсё разумела, што адбывалася з нашай сям'ёй?! Пакутую не адзін — разам перажывае блізкі чалавек?
Ад жалю сціснула ў горле, забіла дыханне. І зараз жа загаварыла бацькава гордасць, самалюбства.
— Ты чаго прыстала да мяне?! — ускіпеў я і ўсхапіўся са снапа.
Каб не заплакаць, каб не зараўці, я кінуўся ў фальшывую злосць.
1
Быў звычайны поўдзень 22 чэрвеня 1941 года — бясхмарны, спякотны і з густым летнім паветрам.
Настаўнік вайсковай падрыхтоўкі нашага педвучылішча ў Навагрудку, яшчэ царскай службы афіцэр, старэнькі і сівы Іваноў, вывеў вучняў за горад і размясціў нас паабапал пыльнай шашы Наваельня — Навагрудак.
Вестка, што на СССР напалі немцы, абудзіла нас раніцой, і, хоць яшчэ не было відочных прыкмет вайны, за палову сутак мы мелі час зжыцца з навіной. Цяпер мы вартавалі нямецкіх парашутыстаў, каб яны не асядлалі важную дарогу, і баранілі горад ад іх з поўдня.
Дзеля гэтага ўсёй нашай групе з ваенкамата далі ручны кулямёт з двума запаснымі дыскамі і тры вучэбныя вінтоўкі з прасвідараванымі патроннікамі. Як з такімі вінтоўкамі ваяваць, ніхто не задумваўся. Усе былі ў палоне рамантыкі. Хацелася зрабіць нешта гераічнае, незвычайнае. У вылоўліванні парашутыстаў мы покуль што бачылі страшэнна цікавы занятак. Калі я сабе ўяўляў, як будзем іх, гадаў, вязаць, забівала дыханне.
Сябры мае акапаліся, выслалі вывернутую зямлю травой і са святочным хваляваннем азіраліся навокал. Я быў з кулямётам і сваю ячэйку абклаў нават дзёрнам, паслаў напарніка — аднакурсніка Ложачніка — на хутар адносіць рыдлёўку, а сам пачаў азірацца таксама.
Читать дальше