Вярнуўшыся з Гарадка, мы з Валодзькам адправіліся ў Ліпнікі збіраць польскія вінтоўкі.
Семнаццатага верасня рушылі з усходу да нас савецкія войскі. Паляцела чутка, што Чырвоная Армія заадно ўдарыла і па гітлераўцах, вызваліла блакіраваную Варшаву, маршыруе на Берлін. Мы згаварыліся ноччу напасці на нямецкі гарнізон у Гарадку.
Нарэшце нехта здагадаўся ўключыць радыё на Мінск. Дыктар пералічваў, дзе адбылася мірная сустрэча нашых войск з нямецкімі: у раёнах Брэста, Беластока, Гродна...
3
Праз тыдзень немцы спакавалі свае абозы, паздымалі кулямёты з агнявых пазіцый і адышлі.
Яшчэ пасля іх не абсеў у Валілах пыл, як на маленькіх і шустрых мангольскіх конях выскачылі з Ліпнікаў насцярожаныя і пранырлівыя разведчыкі Чырвонай Арміі.
Следам за разведкай павалілі бранявікі, танкеткі і танкі, машыны — грузавыя і легкавыя. Мы з Валодзькам пабеглі да страшаўскай дарогі, ва ўсе вочы прыглядаліся да іх, хацелі знайсці сляды куль з-пад возера Хасан, Халхін-Гола. Машыны былі новенькія, пакрытыя свежай зялёнай фарбай. Так жа пафарбаваны гарматы на прычэпе ў машын і ствалы счацвяроных кулямётаў у кузавах.
Неба запоўнілі незлічоныя эскадрыллі самалётаў.
Цяпер ехала на машынах матарызаваная пяхота. За бартамі ў кузавах у строгіх цесных радочках — тысячы шэрых шынялёў і будзёнавак, адкрытых і запыленых, ды як бы даўно знаёмых, славянскіх твараў, маладых і сталых мужчын.
Разбягаліся вочы, не ведаў, на чым спыніць увагу.
Самае галоўнае ў маім жыцці адбылося!.. Вось Чырвоная Армія!.. На пілотках, фуражках, папругах, самалётах — пяцікутныя зоркі, серп і молат.
На душы рабілася лёгка, утульна і бяспечна.
Калоны байцоў у шэрых шынялях і вастраверхіх будзёнаўках, незлічоныя машыны, магутнае выццё матораў, таўшчыня гарматных ствалоў і лістоў сталі на танках, чорныя фігуркі грозных самалётаў — цяпер твае плечы, моц, апора. Гэ, зараз не толькі ялоўскія паліцыянты — ніхто ў свеце табе не страшны!
Каля Грушэўскіх спыніўся танк. З яго вылез малады танкіст, і мяне ўразіла, што рукі яго замазучаныя і рудыя ад масла.
У мяне быў даўно вынашаны вобраз савецкага камандзіра — элегантнага мужчыны ў скуранцы, у начышчаных да люстранага бляску ботах, з чырвонай кукардай на фуражцы і з маўзерам на баку.
На самай справе камандзіры цяпер зусім былі не такія. Шынялі, фуражкі, планшэты і партупеі мелі і сапраўды новыя, але самім было не да форсу. З заклапочанай дзелавітасцю меркавалі, кудой лепш праехаць, дзе размясціць людзей, дзе нарыхтаваць харчоў, як не нарвацца на засаду...
Я быў і расчараваны і ўзрадаваны.
Гэтыя камандзіры былі бліжэйшымі, выклікалі пашану, спагаду. Не любавацца імі хацелася, а дапамагчы.
4
Мінуў дзень-два — і ўжо закіпела ўсюды работа.
Гаваркія і прыветлівыя вайскоўцы ўзяліся за рамонт дарогі. Ставілі ўказальнікі, пракладвалі тэлефонныя кабелі, укопвалі трыганаметрычныя вышкі.
У калодзежы сыпалі нейкі парашок — дэзінфіцыравалі ваду. ~ * "
Тэрмінова аж на дзевяць сантыметраў пашырылі пуць. Замянялі рэйкі, шпалы. Умацавалі насып — вагоны сталі хадзіць пяцідзесяцітонныя. Аграмадны «Сярго Арджанікідзе» валок эшалон з такіх вагонаў ледзь не на кіламетр даўжынёй.
Паадкрываліся школы — бясплатныя і са стыпендыяй. Валодзька Кірылішын і Вінцак Грабцэвіч паехалі на курсы...
На жаль, для маёй сям'і не пашэнціла.
Па колькасці зямлі нашу гаспадарку абклалі кулацкім падаткам. Бацька не пайшоў нікуды ні скардзіцца, ні апраўдвацца. Сцяўшы зубы, пачаў прадаваць, што можна, з хаты. За выручаныя грошы купляў на рынку збожжа, вазіў здаваць на Свіслацкую станцыю.
Недалёка будавалі аэрадром. Патрэбны былі каменні, за іх плацілі. Дабра гэтага валялася ў нас цэлае поле. Бацька ладаваў камеітнямі воз, ехаў зарабляць грошы на вучобу сынам і на падаткі.
Гаспадарка гэтым часам запускалася.
Бацька жыў бліжэйшым днём: здабываў грошы, разлічваўся і зноў думаў пра грошы.
Я вучыўся ў Навагрудскім педвучылішчы ў адным горадзе, Валодзька — у тэхнікуме сувязі — у другім. Прыязджаючы дадому па харчы, я бачыў, што бацьку цяжка, але, ап'янелы ад перамен, захоплены тэмпам жыцця і далей купляў дарагія кніжкі, чысціў зубы толькі пастай, а хлопцы завялі моду хадзіць у цырульню мыць галаву. Не адставаў і я.
Бацька счарнеў увесь і высах. Апранаўся абы-як, хадзіў босы, не галіўся, амаль не гаварыў з суседзямі, а да сябе азвярэў. Калі аднойчы зашчымеў яму зуб, зайшоў у хлеўчык, дзе былі сталярныя інструменты, узяў абцугі і выдраў сам сабе гэты зуб.
Читать дальше