А можна зрабіць падкоп...
Можна і па вераўчанай лесвіцы.
Там побач з турмой — касцёл. У цёмную ноч залажу на касцельную вежу, адтуль кідаю лесвіцу на дах турмы. Вера ля брамы загаворвае вартаўнікам зубы, я гэтым часам — дахам, дахам дабіраюся да коміна. Вузкая гарлавіна, не праціснуцца. Разбіраю цэглу — во, далей чалавек пралазіць!.. Апускаю вяроўку...
Фантазіі мае былі лішнія.
На Польшчы пракаціліся дэманстрацыі. У Варшаву пасыпаліся пратэсты з усёй Еўропы. Прэзідэнт Масціцкі замяніў Сяргею смяротны прыгавор на турму.
8
Выбухнула грамадзянская вайна ў Іспаніі.
Набіралі добраахвотнікаў у інтэрнацыянальную брыгаду. З Гарадка за Пірэнеі ўжо адправілася некалькі чалавек. Як даведацца, хто вярбоўшчык? Што няма семнаццаці, яшчэ нічога не значыць: я ўжо дарослы, можна мне верыць!
Пакуль знайду вярбоўшчыка, трэба рыхтавацца.
Бацька завёў пасеку. Пчолы ўзятку на хутары мелі добрую, мёду насілі многа. Пакрыху стаў я насіць у Гарадок на продаж мёд. Купляў пістоны, майстраваў патроны, вучыўся страляць з рэвальвера.
Цэліў у бутэлькі, банкі, а потым нават трапляў у варон на ляту. Пачынаў страляць, калі на мяне глядзелі з Наступнага падворка.
У «Газеце беластоцкай» змясцілі рэпартаж з Іспаніі. Карэспандэнт апісваў, як франкісты збілі савецкі самалёт і ў штаб прывялі русавалосага лётчыка са звязанымі рукамі.
— Хто ты і адкуль? — праз перакладчыка прыстаў да яго фашыст.
Лётчык толькі хмыкаў і пераступаў з нагі на нагу.
Афіцэр ударыў лётчыка па твары, збіў з яго фуражку:
— Будзеш гаварыць?
Палонны паўзіраўся ў фашыста прыжмуранымі вачыма.
— Не хочаш — не трэба. Няма часу з табой важдацца.
Афіцэр кінуў паставому:
— Завядзі яго за скалы і шлёпні!
Лётчыка павялі.
Праз мінуту за акном прагучаў стрэл. У штабе фашыст заняўся абедам. Ля яго ног валялася перавернутая вайсковая фуражка. На шоўкавай падшэўцы віднеўся авальны штамп з надпісам:
«Фабрика «Спартак» Ленинградского военторга».
Газету з рэпартажам зачыталі ў Страшаве да дзірак.
Я доўга не мог знайсці сабе месца. На фоне выпаленых сонцам скал стаяў перад вачыма савецкі лётчык. Трэба было зараз жа дабірацца да Іспаніі, там б'юць нашых!..
Вярбоўшчык — які-небудзь падпольшчык. Няўжо нас не прыме? Мусіць паслаць, калі мы самі хочам. Верка згодзіцца, чаго яна тут не бачыла? Трэба пагаварыць...
Некалькі выпешчаных амерыканскіх паненак засыпалі абісінскага пасла ў Вашынгтоне заявамі, каб той стварыў з іх батальён амазонак і паслаў на барацьбу з фашыстамі. Бедны пасол доўга ламаў сабе галаву, як адчапіцца ад шукальніц прыгод. Нарэшце знайшоў спосаб. Аб'явіў, што толькі тых прыме ў батальён, якія па прыкладу амазонак апошняга караля Дагамеі згодзяцца адрэзаць сабе правыя грудзі[ 6 6 Амазос — па-грэчаску бязгрудая
]. Паненкі адразу перасталі дакучаць паслу.
Я гатовы быў адсячы сабе палец, каб мяне толькі узялі на такую гераічную справу.
Не зможам з Веркай паехаць па вярбоўцы, дабяромся «на зайца». Газеты друкавалі інфармацыі з Германіі, Францыі, Італіі, як там паліцыя выцягвала з вугалю на паравозах, з карабельных трумаў згаладалых і брудных хлопцаў і дзяўчат, якія ехалі памагаць чырвоным. А калі не трапіць паліцыі ў лапы?..
Каля нашага хутара на платформах павезлі з Масквы ў Парыж на сусветную выстаўку велізарны брус нержавеючай сталі і скульптуру Мухінай — рабочага і сялянку. Набяры толькі ежы, вады, схавайся на станцыі ў такі вагон і праз пару дзён даедзеш ледзь не да самых Пірэнеяў!
З'яўляемся ў Іспаніі. Смуглявую Веру прымаюць за мясцовую сялянку, пры ёй і я не кідаюся ў вочы. Нібы пытаемся пра работу, ідзём на захад шукаем інтэрнацыянальную брыгаду. Я станаўлюся кулямётчыкам, Вера — медсястрой...
— ...Прыйшлі аднойчы Саша Кандрусік з Ванем Кулешам і Толем Пятэльскім. Сашу і Ваню, гэтак як і мяне, брала дэфензіва, і хлопцы таксама не прызналіся, хоць Кулешу паліцыянты адбілі печань, ён толькі што выйшаў з бальніцы. Наогул я ўжо іх з год не бачыў.
Сябры ўзмужнелі, выцягнуліся, басілі, і ў кожнага пад носам чарнелі смешныя вусікі. Хлопцы прынеслі навіну: працуе зноў падпольны цэнтр і ад яго ёсць загад збіраць сродкі для іспанскіх рэспубліканцаў.
Ледзь дачакаўшыся вечара, пайшоў я з мяшком па хатах. Шкода — не паклічаш на зборы Верку. Яна, мажліва, і не чула пра вайну ў Іспаніі!..
...Нарэшце ўдалося высачыць чалавека.
Добраахвотнікаў у нашай акрузе вербаваў мамін брат, дзядзька Мікалай з Бялявіч.
Читать дальше