— Дык дзе б ты хацеў рабіць? — нецярпліва перапытаў яго Роўда.
Васька зірнуў па яго мімаходзь, міма яго, як толькі што сам Мацвей глядзеў, і нікога не бачыў, дзёрзка, завучана, сам не чуючы таго, што гаворыць.
— Держи карман шире, лучше быть стройным тупеядцем,— адказаў так і не рызыкнуў паглядзець на Мацвея, ненавідзячы яго і баючыся ўбачыць па ягоным твары нешта такое, што ўбачыла Надзька, што так прывабіла яе ў Мацвею. Пачаў глядзець на Махахееву дуброву, на далёкія дубы з запаветнымі борцямі. I сэрца не ныла і не радавалася гэтым борцям і таму золату, што недзе знаходзілася ў іх. Ён убачыў іншае, і ад гэтага іншага сэрцу зрабілася па-сапраўднаму ўжо балюча. Сохлі дубы, сохлі лістом. На самай макаўцы лета ліст дуба ў самым нізе прыхапіла жаўцізною, як прыхоплівае жаўцізною і гурковае націнне, што адрадзіла ўжо сваё, усё, што было ў ім, аддало гурку. I ад далёкіх дубоў па Ваську дыхнула восенню, той восенню, што яшчэ без пахаў, без турбот, якая не выклікала яшчэ задумення і трывогі, абірае сабе менавіта гурок, гурковую граду, і ўсім сваім цяжарам навальваецца толькі на адну гэтую граду, а вакол яе яшчэ паўсюдна буяе лета.
— Што гэта ты, Махахееву дуброву таксама пад плуг? Бацьку майму не далі яе звесці, дык цяпер ты з'явіўся.— Васька нават зарагатаў, калі гаварыў гэта; ён быў абыякавы і да Махахеевай дубровы.
— Дубняк не кранём,— сказаў Мацвей.
— А тут, Мацвейко, што тут, на маім сенакосіку, будзе? — нясмела падала голас аціхлая і журботная Ненене.
— Горад будзе, новы Княжбор пабудуем тут, цётка Тэкля,— усё ж Мацвей, пэўна, пачуў, што гаварыў яму дзед Дзям'ян, а мо і сам прыгадаў, як завуць Ненене.
— Цю на цябе, Мацвейко,— здзівілася Ненене,— дык стары ж ёсць. Ці табе тыя хаты не хаты, зірні толькі, як хораша стаяць.— I яна паказала на бачныя адсюль, хоць і спавітыя зелянінаю садоў, стрэхі Княжбора.
— Ну, не новы Княжбор, дык вадасховішча тут будзе, цётка Тэкля.
— Цю на цябе,— зноў цюкнула ІІепепе,— Тэкля... я ўжо і сама стала забывацца па сваё імя. Што табе, вады ў нас не хапае? А ці ж гэта во не вада — рэчка?
— Вялікая вада, цётка, будзе, адсюль і вокам не ахапіць. Катэр купім белы...
— I тапачкі, пантофлі купім белыя,— перадражніў Мацвея Васька.
Але той, як і не чуў, працягваў:
— Гусі-лебедзі плаваць будуць белыя.
— Ой, зусім з галавы выскачыла. Я ж на гусей пайшла. А ты часам, Мацвейко, не бачыў маіх гусак,— і яна падазрона зірнула на Мацвея: — Каб было болей, так і не шкада. А то пяць іх, усяго пяць, так і ходзяць упяцёх. Пайшлі, дзеўка, пайшлі, хлопец.— Гэта яна ўжо Надзьцы з Васькам.
— Пайшла і ты, баба, па ўчарашні дзень,— сказаў ім дзед Дзям'ян.
Але пайсці адразу яны не паспелі. Нешта раптам змянілася. I зноў гэтую змену, нейкую тужлівую ноту, што павісла ў паветры, першым адчуў Васька, мо ён адчуў нежаданне Надзькі куды б там ні было ісці, мо ён пачуў заціснуты ў ёй крык, ці то так трывожна закрычала над зруйнаваным балотам кнігаўка, але быў нейкі невыразны голас, і цень нейкі прамільгнуў перад вачыма. I дзед Дзям'ян таксама нешта пачуў ці адчуў, бо ён паспеў яшчэ са шкадаваннем вымавіць:
— Балотнага бугая не чуваць стала, другі дзень не азавецца.
I толькі ён гэта прамовіў, як адразу ж стала ціха, як у вуху, і ў тое ж імгненне цішыня гэтая надламалася, выбухнула чалавечым крыкам. Адначасова з гэтым крыкам ці мо трошкі і раней заглух трактар, што ўжо добра адбегся ад іх, і закрычаў трактарыст, сціхлі экскаватары, толькі рыпеў трос на адным з іх, папіскваў ад цяжару ўзнятага разам з грунтам каўша. Трактарыст, працягваючы ўсё яшчэ крычаць, па-птушынаму раскінуўшы рукі, вываліўся з кабіны, а трактар клюнуў носам, і здалёку відно было, як расселася, разышлася пад ім лугавіна і ён па вачах пачаў знікаць, спачатку ціха, а потым хутчэй і хутчэй, бы хто ўцягваў яго. I яны пабеглі да трактара.
— Што здарылася? Ды ўстань жа ты нарэшце! — закрычаў Мацвей на трактарыста, што ляжаў сярод травы тварам у неба, як дзіця. Той нават не варухнуўся, глядзеў у неба, пасміхаўся па-дзіцячы даверліва і радасна, і гэтая ўсмешка яго, мусіць, ужо канчаткова дапякла Мацвею.
— Устаць! Каму гавораць!
— Не трасі паветра, начальнік. А не то я табе камандзіроўку выпішу туды ж, у пекла, дзе трактар. Там і разбярэшся па месцы.— I нечакана азвярэла ўскочыў на ногі: — Што здарылася, што здарылася...
— Крычы, крычы, табе трэба выкрычацца,— падаспеў дзед Дзям'ян, паклаў на плячо трактарысту руку, той схапіў гэтую ягоную руку, прыціснуў да твару, заплакаў, пацалаваў чорную, хоць і кожны дзень мытую. I дзед Дзям'ян заплакаў, але не так, як трактарыст, у два ручаі, выціснуў з сябе толькі дзве мутныя слязінкі, і яны, гэтыя дзве слязінкі, што растоплены свінец, павіслі каля вачэй, бачыць іх Ваську было дзіўна, ён ведаў, што дзед Дзям'ян здольны лаяцца, а каб плакаць... Зараз жа ён плакаў і прыгаворваў:
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу