Учора, яшчэ ў запале, ён думаў, што адмовіцца ад усяго, і на тым кропка, таму і ўзрадаваўся ўчастковаму, мазоліў яму вочы: не адлучаўся, маўляў, з вяселля я — нікуды, і ўчастковы сведка. Цяпер жа гэтая спроба апраўдацца здавалася яму такім глупствам, што аж з душы вярнула. Ён разумеў цяпер Барздычыху і нагаджаўся з усімі яе праклёнамі, хаця цана ўсёй яе прапажы — капейка. Але тут яна паднялася і бушавала не за капейку. I ён таксама не за капейку, не толькі за тое поле, за тую пшаніцу, што вымачыла, якую затапіў рыбгас. Ён паўстаў супраць самога сябе, а калі падумаць і ўзважыць усё, то мо нават замахваўся і на нешта большае. I за гэта трэба было ўжо адказваць. Там, каля сажалак, закладваючы ўзрыўчатку, ён быў яшчэ не гатовы адказваць. Мо ён баяўся, хутчэй за ўсё баяўся, і шкадаваў ужо сажалку, якую збіраўся спусціць. Гэта ж ён сам, сваімі рукамі стварыў яе. I сваімі рукамі павінен быў знішчыць, гэта значыць, прызнацца ў тым, што ён нічога не будаваў і не ствараў, а на самым пачатку толькі руйнаваў, толькі бурыў. Бурыў плугам Мацапуры, а цяпер вось узрыўчаткаю, якую, праўда, здабыў падпольна. Даводзілася каму-небудзь з людзей праходзіць праз такое ці ён першы? I чаму менавіта ён, а не хто-небудзь іншы, таму што ў яго няма хваста, як у таго ж Рачэўскага? Ці ён больш шчыры і больш сумленны, чым іншыя? Гэтага Мацвей аб сабе не сказаў бы. Ён не мог сказаць, што баіцца начальства, імкнецца дагадзіць яму. Начальства трэба паважаць і любіць — гэта ўводзіў у вушы яму Шахрай. Ад любові да таго ж Шахрая ён не сканае, але ён і не паўставаў супраць яго, не супярэчыў яму асабліва, не меў рацыі супярэчыць яму. Паміж імі заўсёды была згода. А калі ён дзе-небудзь быў і супраць, то Шахрай усё ж мог падысці да яго і пераканаць, перацягнуць на свой бок. Ён пагаджаўся з ім, але іншы раз гэтае згодніцтва працягвалася хвіліну-другую, пакуль той жа Шахрай знаходзіўся побач і прысутнасць яго як бы душыла Мацвея. Ён не здольны быў процістаяць гэтай прысутнасці, усмешцы, слову, не мог стаць на адну нагу з ім, тады ён, здаецца, нават і ўслугоўваў яму. Толькі ўслугоўванне гэтае зыходзіла не з таго, што ён баяўся ці шукаў нейкіх асабістых выгод. Калі б той жа Шахрай уздумаў крыкнуць на яго, ён бы таксама не змоўчаў, і як бы яшчэ грукнуў дзвярыма, нешта было ў крыві яго куды больш моцнае за яго, і гэта якраз вымушала яго прымаць чужую, навязаную яму волю, пагаджацца спачатку і толькі крыху пазней ужо бунтаваць. Але і ў гэтым бунце пасля бойкі ён толькі размахваў кулакамі, змагаўся словамі, якія так і засталіся нявыказанымі ўслых, таму што словы тыя, вельмі важныя і значныя, выкрывальныя, ён гаварыў сабе, размаўляў сам з сабою, выкрываў сябе і іншых. I ў той жа час апраўдваў сваё згодніцтва, лічыў яго часовым, прадыктаваным нейкай вышэйшай неабходнасцю берагчы сябе для нечага новага і сапраўды вялікага, сапраўды рызыкоўнага, дзе ўрэшце ён пакажа сябе, пакажа, чаго ён варты. Але нічога новага і вялікага яму так і не выпадала. Усё ішло — як і звычайна. Зноў сыходзіўся ён з Шахраем ці то з тым, хто замяшчаў яго, і зноў гэтае «нешта» ў крыві вымушала яго стрымлівацца, а часам ён нават і не стрымліваўся, а проста губляўся, таму што новае з'яўлялася не ў ім, ён працягваў яшчэ бушаваць, кіпець, спрачацца з самім сабой, выконваючы ўсё ж навязанае яму, як ужо нараджалася зусім іншае, зусім іншага патрабавалі і ад яго, не адмяняючы нічога з таго, што было раней. А ён ніяк не мог прынаравіцца да гэтага іншага, з прыкрасцю ўсведамляючы, што не хапае яму і гнуткасці, і спрыту, што ўвесь ён скіраваны толькі на тое, каб выканаць загаданае. То абуджалася ўжо ў крыві яго пачуццё самазахавання, то падаваў голас нейкі далёкі продак, што, забіты і затурканы, ціха пражыў свой век у гэтых палескіх лясах і балотах, даваў аб сабе знаць і аказваўся на гэтае імгненне больш дужым, чым ён, больш дужым, чым яго дзед, які насмеліўся некалі і прыбіўся да «дземакратаў», якія, па словах княжборцаў, з'явіліся перад рэвалюцыяй у гэтых лясах і балотах, дзе ўсё жыццё правёў у войнах, спачатку змагаўся з немцамі, потым з белымі і белапалякамі, потым, ствараючы калгас, і з самімі княжборцамі; мацней за бацьку, які таксама не ведаў спакойнага і мірнага жыцця. Мацвей ненавідзеў у сабе гэтага баязлівага продка, што паўсюдна імкнуўся надаслаць сабе саломкі, на кроплі выціскаў яго з сябе і не мог выціснуць. Ён не здагадваўся аб прысутнасці ў сабе таго баязліўца, пакуль вучыўся ў школе, той з'явіўся ў ім, калі ён стаў ужо студэнтам. Мацвей спадзяваўся, што пазбавіцца яго, як толькі атрымае дыплом і стане самастойным. Цяпер ён, здаецца, трывала стаяў на нагах, але так і не пахаваў свайго нябожчыка, ён ценем стаяў за яго спіною і хапаў яго за рукі, вязаў яму рукі. Мацвей бачыў яго — гэта быў стары, падобны адразу на Барздык, Махахеяў і Роўд, але Мацвею ён нічога ад сябе не даў, акрамя, канечне, страху, пачуцця самазахавання, быў ён цёмны, нават чорны з твару, а сярод Дзям'янаў усе былі толькі светлыя, русыя і сінявокія, у гэтага ж — цёмныя, збітыя ў каўтун валасы, і вочы колеру рудой балотнай вады, і жоўта пазначаны ліхаманкаю, спіты твар. Ён і цяпер калаціўся, бы трасла яго ліхаманка, але біла яго зараз не хвароба, а страх. Ён і памысліць не мог, што наважыцца ўтварыць такое, што наважыўся ўтварыць ён, Мацвей Роўда. Мацвей злавіў сябе на тым, што ён проста марудзіць, што яму не стае рашучасці чыркнуць запалкаю і падпаліць шнур, бы самога сябе падпаліць. I калі перамог сябе, чыркнуў, падпаліў, ужо не спяшаўся бегчы і хавацца. Адчуванне небяспекі было непераходным, але не тое, што крылася ў патроне ўзрыўчаткі, які ён заклаў пад дамбу каля сажалкі. Ён не баяўся, што выбух можа дасягнуць і яго, у гэтым мелася нешта нават выратавальнае, што адразу давала яму абсалютнае і прыемнае вызваленне. Страх крыўся ў іншым: зноў, як нічога не здарылася, як нічога не было, трапіць на вочы людзям. Заставацца ці прыкідвацца непашкоджаным, гаварыць з людзьмі, глядзець ім у вочы. I ён з цікаўнасцю сачыў, як пырскае іскрамі агеньчык, жарэ, глытае секунды, адлічвае ўжо яго секунды, думаў аб сабе, як аб некім староннім, у галаву лезла нешта пабочнае і дурнаватае, накшталт таго: рухаецца агонь у шнуры раўнамерна ці ў ім, як і ў чалавеку, ёсць сярэдзіннае, унутранае гарэнне, і сярэдзіннае гарэнне больш хуткае, чым гэтае, бачнае воку, і як проста ўсё адбываецца — агеньчык, іскра, адзіны толькі выбух — было жыццё, і няма яго... была вада, і не будзе яе, адхлыне яна, адступіць ад палёў. А поле ўсё роўна прыйдзецца перасяваць. А перасеў горш недасеву. Прыкідваючы гэты перасеў, ён, не вельмі ўсведамляючы, што робіць, пабег і за імгненне да выбуху ўпаў, схаваўся за пагоркам. Выбух быў глухі, з нейкім усхліпам і прычмокам, бы гэта быў і не выбух, таму Мацвей пайшоў праверыць, ці хапіла зараду, каб разбурыць перамычку.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу