— Хачу калодзеж, пакінь ты мне калодзеж мой, трохдонны ён — дно жалезнае, дно сярэбранае і дно залатое. I ўсе тры высмяглі. Не будзе вады ў маім калодзежы, не стане яе і ў тваім полі, спрагне поле, успамянеш мяне, спрагне. Калодзеж мой з усім светам звязаны, жывая вада Ў ім.
— Хопіць, цётка Тэкля, аб калодзежы,— спрабаваў збіць, перавесці яе на другое, Мацвей, але пра тое другое старая і слухаць не хацела:
— Ой, не-не-не, Мацвейка. З калодзежа трэба пачыпаць. З вады, з крынічкі ўсё пачыналася. I рэчка наша колішняя з крынічкі выбягала.
— Што табе і твайму калодзежу трэба?
— Паглыбіць яго трэба. Кругі бетонныя падвезці, каб падкапаць і надтачыць яго, хоць бы да донца першага, жалезнага.
— Добра, прывязу кругі,— абяцаў Мацвей і прывозіў, і не толькі Ненене адной. Так туга гаварылася яму са сваімі аднавяскоўцамі і амаль што кожны дзень. Змяніліся, зрабіліся непадобнымі на саміх сябе не толькі яго палешукі, змянялася, пачынала тузацца і сама палеская зямля, птушкі і звяры, што жылі па ёй. Занерваваліся і зрабіліся нейкімі непрыкаянымі, як бацьку ці маці страцілі, княжборскія буслы. То заўсёды клапаціліся аб сваёй хаце і нашчадках сваіх, а сёлета бы і не садзіліся на кубло, як ніколі і не ведалі, ніколі і не было ў іх патрэбы працягваць свой род, па адным і чародамі бадзяюцца па балоце, былым балоце, а цяпер бясконцым полі, як што згубілі ці пагарэлі. Аж жах бярэ, да чаго яны на самай справе падобныя на пагарэльцаў. Дзыбатыя, у белых світках, што паспелі схапіць, у тым і выскачылі з агню. I ходзяць па полі, сумуюць, як ходзяць пагарэльцы па папялішчы, нагінаюцца, там цвік, там клямку падбіраюць, нагінаюцца, дзяўбуць нешта ў зямлі, спажыўнае і не, невядома, бо не глытаюць, як забыліся і пра тое, як і есці трэба: ды што, пэўна, у той клямцы, цвіку-чарвяку, калі селішча цалкам ляпнула. Згубілі, здаецца, буслы сваіх жаб і гадаў і адмаўляюцца шукаць іх на старане, патрабуюць вярнуць ім гэтых жаб і гадаў, клічуць назад балота. А княжборскія дзяды, наадварот, ніколі не надта гаваркія, цяпер жа бы знямелі зусім. Збяруцца, сыдуцца, моўчкі пасядзяць на лавачках пад хатаю, пачнуць уздыхаць, хітаць, як неапераныя птушкі, галовамі, пакураць з старых запасаў тытуню і, згледзеўшы яго, Мацвея, хапатліва разбрыдуцца, блытаючы часам дарогі і хаты, як ужо і забыліся на старасці гадоў, дзе стаяць іх хаты, дзе жывуць і чакаюць іх старыя. Выкрочваюць, як тыя ж буслы, туды, дзе бегла колісь іх рэчка і стаялі дубы, дзе ляжала возера, упруцца ў тры нагі (кіёк — нага трэцяя) у полі і слухаюць невядома каго і што. А старыя, бабулькі, тыя зусім не сталі на вуліцу паказвацца. I ў хаце калі не на печы, то больш каля акна ўладкоўваюцца. Адхінуць белую, крыху ўжо і зжоўклую фіранку, кінуць яе за плечы, твар да кветкі, да іванчыка мокрага, бабка, а часцей за ўсё да сталетніка, і вочы па вуліцу. I вочы іх — як лісці сталетніку, калі яго надламаць. I тварам, маршчынамі па тварах падобныя яны па ўзорліва крывыя свае сталетнікі. I каток яшчэ разам з тым сталетнікам і бабулькаю ў акне...
— Сатвары ваду,— збівае Мацвея з яго думак старая Махахеіха, скрабецца кіёчкам, як кура лапаю драпае зямлю.
— Што ты, бабуся, аб чым ты? — не верыць і вушам сваім Мацвей.— Я ж табе не гасподзь бог.
— Не можаш?
— Не магу.
— А я ведаю, што ты не можаш. А была вада, як на бібліі, і кладачкі ў той вадзе. Мы на кладачках тых да партызан хадзілі, да куранёў іхніх. Немцы не ведалі пра кладачкі. А мы напакуемся, хлеба, кардопляў, і ўсё скрозь, кладачкамі, усё скрозь вадою, балотам і лесам. Аберагала нас вада ў вайну, і лес аберагаў. Вось я думаю, каб, не прывядзі гасподзь, ды зноў вайна, дзе б ратаваліся, дзетка ты мая.
Мацвей маўчаў, нечага яму было адказаць старой Махахеісе. Але яна і не патрабавала ад яго адказу, здавалася, і словы яе тыя пра ваду, кладачкі, лес і немцаў таксама былі выпадковымі, прыгадала нешта сваё, выгаварылася, угрэлася ўспамінамі і забылася, і толькі тады, калі ён надумаў так, Мацвей прыкмеціў, што сядзіць старая ў адной толькі кофце, паддаёвачка яе, з шыняля яшчэ, пэўна, армейскага, вісіць на цвічку за плячыма Мацвея.
— Вам не холадна, баба?
— Як не холадна, дзетка, холадна.
— А чаму ж вы маўчыце?
— Ай, дзетка, мне цяпер не людзей, а бога прасіць трэба, каб дапамог сагрэцца.
— Накіньце паддзёвачку ўсё ж, а я дапамагу, хоць і не бог.
— Дапамажы, калі не цяжка, не сагрэе мяне ўжо і сукно.
— Дык мо б выпілі? — спытаў ён, накідваючы па пле- чы ёй паддзёвачку, апасліва ўпраўляючы ў рукавы іія- гпуткія рукі.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу