2.
Ішла Надзечка па ваду,
Кінула вядро на буйны вецер...
Заспявалі жанчыны, пайшла Надзечка, маладая, па ваду. Але лепш бы не хадзіла, лепш бы кінула вядро па буйны вецер. Вецер, і буйны, віхор, і папраўдзе ўсхапіўся і. закружыў, калі пачалі выпрабоўваць маладую, калі нявеста надмяла ўжо хату, Васька вызваліў яе ад гэтага бясконцага мяцення, адкупіўся ад прыдзірлівых бабуль гарэлачкай. Цяпер Надзьцы трэба было паказаць гасцям, як яна мые хату. Яна ўзяла з лаўкі вядро, што было прыгатавана ўжо загадзя, толькі скіравалася да калодзежа, як захуталася хмаркаю маленькаю сонейка, усчаўся ветрык, прамчаў па вуліцы віхор, і ў двор Махахея зацягнула край яго, сыпанула пяском і пацярухаю на маладую. Старыя адразу ж падцялі вусны, захіталі галовамі: не к дабру.
— Вяселле без дзіў не бывае,— расхвалявалася за ўнучку старая Махахеіха, але выгляду не падала.— Хто з маладых не глуміцца. Ідзі, донька, набірай вады, зараз жа цябе бог і шчасцем адорыць.— I яна, не падымаючыся з лавачкі, што стаяла пад хатаю, адной рукою абаперлася на кіёк, а другую, з нягнуткімі пальцамі, выставіла перад сабою, быццам трымала ў ёй шчасце, якім бог павінен быў адарыць унучку. I бог, неба адарылі. Нарадзілася ў небе, адарвалася ад хмаркі малая дажджынка, прыляцела на зямлю і патрапіла па старэчую ўсохлую далонь, акрапіла яе, як сухую, запечаную скарынку хлеба. Да гэтай адзінай дажджынкі баба дадала яшчэ і слязінку: — Вось і шчасце табе, Надзька, спрыяе, рупіць табе неба.
— Так-так-так,— пэўна, першы раз пагадзілася, пацвердзіла і Ненене.— Дождж па вяселлі — к багаццю, на дабро.
— Дзе той дождж, дзе тое дабро, другі тыдзень сухмень,— выцягнула перад сабою зайздросную руку і Царыца. I яе руцэ дасталася дажджынка. А маладую акрапіла, асвянціла добра. То быў дождж і не дождж, здзяйсненне жаданняў, бласлаўленне нябеснае. Над усім вялікім цяпер ужо Княжборам не было ні воблачка, толькі над хатаю Махахея сабралася малюпасенькая хмарка, пад адной толькі хатаю, каб не парушыць звычаю, пажадаць і паабяцаць маладым шчасця. На старую Махахеіху ды маладых і праліўся толькі той дожджык, толькі на іх і хапіла яго, а яшчэ на Царыцу, але гэта ўжо было нецікава. Царыца была здольная, калі ёй, канечне, хацелася гэтага, выціснуць ваду і з вугельчыка. Пілікнула скрыпка, вохнуў бубен, зарыпеў журавель, брынкнула вядро на зрубе і пабегла ўніз.
— Калодзеж, калодзеж, дай вады напіцца... — выгукнула Царыца.
— Не-не-не,— на гэты раз Ненене была вернаю сабе — прасіць вады ў калодзежа трэба, калі маладыя будуць класціся спаць.
— Ой, бяды, калі прасіць. Цяпер усё пераблыталася, ніхто і не ведае, калі тое прасіць.— Царыца замоўкла, вядро дасягнула дна, легла на дно, але легла не на ваду, а на зямлю. Гэта пачулі ўсе, хаця і біў бубен і пілікала скрыпка, так сыра і злосна скрыгацела вядро па пяску і ўскрыкваў у руках маладой перасохлы журавель.
— Ды пусты ж калодзеж,— не вытрымала гэтага скрыгацення Царыца.
— Ты ва ўсім вінаватая, Маруся, сурочыла, пад руку маладой закрычала. Вока ў цябе нядобрае,— сказала Ненене, пляснула рукамі.— Вой-ё-ёй, што ж гэта будзе.
I ўжо нелагодна паглядала на Царыцу і Махахеіха, маці маладой. Яна не хацела зваць яе на вяселле, як Махахеіі не хацеў зваць Мацвея. Ненене казала праўду: сурочлівае вока было ў Царыцы. Сусед Царыцы не вытрымаў яе вока і з'ехаў з Княжбора і за малым богам не пабіўся з ёю, калі яна прыйшла падсабіць яму зносіць і грузіць пажыткі: «Не толькі жыцця тут, побач з табою, добрага не было, дык і дарогі добрай не будзе...» I Махахей з Махахеіхаю, прыкідваючы, каго запрашаць на вяселле, сышліся на тым, калі з яе боку будзе Мацвей, то з яго — Царыца. Няхай яны адно аднаго ўраўнаважваюць. А то як жа гэта, не па-людску абысці і старога, і новага старшыню, што надумаюць і скажуць княжборцы: не старшыня ўжо, дык і на вяселле не запрасілі, былога старшыню паклікалі, а маладога не — зуб на яго маюць.
Мацвей, як на тую хваробу, і зараз стаяў побач з Царыцаю, шырокаю, неахопнаю і таму, здавалася, вельмі надзейнаю, моўчкі пазіраў, як зацята-ўпарта кланяецца калодзежу журавель, як кланяецца яму Надзька, як твар яе ідзе рудымі і чырвонымі плямамі, як яна злосна-непрыгожа збівае набок вэлюм, азіраецца кругом, бы шукае вінаватага, шукае, хто гэта не дае ёй набраць вады. Мацвей хацеў ужо кінуцца дапамагчы маладой, але спазніўся. Надзька пусціла журавель, ён ірванўся ў неба, яго падхапіў малады і зноў, тарабанячы аб зруб вядром, бы звонячы ў пажарную рэйку, пагнаў яго ўніз.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу