Не сышоўся Мацвей ні з кім і з сваіх суседзяў, з тымі, хто ні раней, ні цяпер не ведаў зносу. Так званы старшынёўскі корпус не прыняў і не спяшаўся прыняць яго ў свае рады, лічыў, пэўна, што ён яшчэ занадта малады, хоць і ранні, памятаў, як хадзілі на паклон да гэтага маладога і ранняга, калі пад яго камандай было БМУ. Адчувалася ў іх адносінах з Мацвеем і зайздрасць: ні адна гаспадарка раёна не мела столькі зямлі і такой зямлі, як у княжборскага калгаса. Мінулая восень, хаця яна скончылася для Княжбора і не вельмі ўдала, узняла яго адразу над усімі іншымі і накінула ўсіх гэтых іншых далёка адзаду. Дараваць такое, канечне, ніхто з былых першых не мог: яны ж колькі біліся, як вылузваліся са скуры, каб выйсці ў першыя, добра ведалі сваё Палессе, сваю зямлю і тое, што можна ўзяць ад яе, і таму не вельмі давяралі яму, не ведаючы, што за коніка можа выкінуць ён яшчэ, чаго можна чакаць ад яго. I больш выпытвалі, чаго ён сам чакае сёлета, колькі дасць, выканае, паставіць. I гэтыя аднастайнасць і падабенства іх інтарэсаў зноў жа даводзілі яго да нуды, за якой ён і не прыкмячаў ужо, што ён не лепшы і не горшы за іх, што і сам ён прывык толькі браць, знаходзіць патрэбных яму людзей, прысмоктвацца да іх, жывіцца імі, іх думкамі, словамі і розумам. Цяпер такіх людзей побач з ім не было. I Мацвей, хоць і прыкра было яму гэта, усё ж павінен быў прызнацца, што сам ён бясплодны. I бясплоднасць ягоная, па ўсім, была даўняя, застарэлая, хаця мо і не прыроджаная, нешта ж хвалявала яго раней, раней жа ён не нудзіўся так, не адчуваў сябе адзінокім, таму і кінуўся ў белы свет як у капеечку, пакінуў тут, у Княжборы, дзеда Дзям'яна, што выгадаваў яго, нявесту, якая чакала-чакала яго і адчаялася дачакацца, выскачыла за першага стрэчнага-папярэчнага. Ці не тады, ці не ў чужых краях ён упершыню адчуў сябе адзінокім, сярод мноства чужых людзей, што абкружылі яго. Тыя людзі нечым падобныя былі на гэтых двух медыкаў, што жывуць сёння ў Княжборы, што лечаць яго цела, а не душу, яны рассунулі межы, пашырылі свет, у які ён толькі што ўваходзіў, паказалі яму бясконцасць і шырыню, шырыню і неабсяжнасць, неабдымнасць чалавека, што разам з ім жыў на гэтым свеце, жыў па-рознаму — і шырока, і вузка, проста, як у Княжборы, і таксама ж, як у Княжборы, складана, блытана. I, як сёння іншы раз думаў Мацвей, жывучы сярод розных падобных і непадобных на княжборцаў людзей, ён усё ж устойваў і браў нешта ад гэтых лтодзей у чужым краі і з чужога краю толькі дзякуючы таму, што ў яго быў Княжбор; цяпер жа, калі ён вярнуўся да гэтага Княжбора, ён падсек сук, на якім сядзеў. Хацеў прыстасаваць зямлю для сябс, згодна з тым розумам, што набыў ён за гэтыя годы, сыходзячы толькі з таго, што відавочна, прызнана і. неабходна і здаецца чалавеку разумным, забыўшыся, што чалавеку, тым жа самым Махахеям, Барздыкам, Шчурам і Роўдам, мала мець толькі відавочнае, разумнае і неабходнае. Забыўшыся, што лятаюць па Палессі і наогул па ўсёй зямлі, напрыклад, божыя кароўкі, якіх ніхто за карысных не лічыць. Ад кароўкі той пі малака, ні мяса. Але якая ж гэта была ў дзяцінстве радасць, спаймаць тую кароўку, пасадзіць на далонь ці палец і папрасіць у яе малака. I мо яна давала не малако, мо яна мачылася на далонь ці палец, але колькі захаплення выклікала тое малако: ёсць, аказваецца, на белым свеце без'языкая істота, якая паднарадкоўваецца табе, разумее і слухаецца цябе, дае табе тое, чаго ты ў яе просіш. Ляці ж, кароўка, ляці да сваіх дзетак. Якое яму было тады сабачае дзела, што тая рабенькая, стракаценькая кароўка ні мясная, ні малочная ці, адным словам,— не мясамалочная, што яна мо нават шкоду прыносіць, як той пырнік ці валошка. Яна была дарагою, бо сам ён яшчэ тады быў божаю кароўкаю. Ці не застаўся ён так божаю кароўкаю і сёння, калі яго пажаданні і жыццё сталі такімі простымі.
Але думаць так Мацвей яшчэ мог дазволіць сабе, а гаварыць аб гэтым не наважваўся ні з кім. Таму і з Махахеем спачатку ён завёў размову аб просценькім, жыццёвым, аб перасяленні кпяжборцаў, коніках, якіх даглядаў Махахей, пачаў гаварыць пра парныя ночы, якіх нешта ўжо няма больш на Палессі. Раней ён, Махахей, ноч пры конях у адной толькі сарочцы, а цяпер во і кухвайка не грэе. А няма парных начэй, няма чаго і грыбоў чакаць, перакінулася Палессе, перавярнулася і ўверх дном стала.
— I смех і грэх, ездзіў зімою да дзеўкі сваёй у Мінск, у магазінах парэчку марожаную прадаюць з Польшчы, у пакеціках. Ці то ў пас парэчкі мала? Канец свету.
— Мо парэчак ужо і не так багата на Палессі, як было раней,— адказаў яму Мацвей.— Але ніколі — хіба гэта не факт? — Палессе не давала столькі хлеба.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу