— Чаго ты трапечашся, чаго ты мітусішся над кліентам? — калі-нікалі настаўляў ён і Мацвея.— Твае княжборцы, накармі ты іх марцыпанамі, дай ты ім птушынага малака, яны ўсё роўна будуць недавольныя. Ты ім свой, а сваім нічога не даруюць, тым, хто робіць дабро, ніколі нічога не даруюць, каб даравалі, ты б памерці павінен. Цягнеш адну і тую ж песню: вадасховішча, вадасховішча. Ды гэта ж новае балота. Няўжо ты не ведаеш гэтага?
— Чуў, але ж...
— Але ж, але ж... алюшкі ды ў хлеў, кос-кось ды ў аглоблі. Ведаю, пра што ты хочаш сказаць: заўтра зноў усё перакруціцца і благое зноў пазавуць добрым. Я ўжо збіўся, хто за кім не паспявае, ці то практыка за навукаю, ці то навука за практыкаю. Але нехта ж адстае і нехта вырываецца ўперад, а я хачу не вельмі каб адзаду, не вельмі каб уперад, каб не адзін, разумееш, каб не адзін. I таму я буду рабіць тое вадасховішча, і наогул, усё буду рабіць толькі так, як мне загадваецца. Дзед, падумай і сам: ці ёсць розніца, дзе ляжа тое вадасховішча — на тарфяніках, на месцы старога Княжбора, Махахеевага дубняку. Вада :і ёсць вада. Ці не ўсё роўна табе?
— Мне не ўсё роўна.
— Тады і думаць трэба было не мяккім месцам, раней трэба думаць было.
— Думаць ніколі не позна. І ты, Сямён, раней: інакш гаварыў.
— Ты не ўспамінай, што было раней. Раней я быў адзін і без хваста, а цяпер з хвастом. I я раблю тое, што мне загадваюць. I кінь свае пропісі, захавай іх для сцягачоў.
— Але ж нельга так...
— Чаму нельга? Табе было можна, а мне нельга. Чаму? Сёння ўсім і ўсё можна. I ты гэта лепш за мяне ведаеш. Я ж толькі пачынаю на тваім месцы.
— Таму я і спрабую паправіць, свой вопыт і розум табе ўкласці. Спыніся.
— Вось гэта ўжо лішняе. Мяне спыніць, пэўна, яшчэ можна, хаця я ўжо таксама магчыма, механізм, вытворчасць распачаў, стругаю дзяцей і павінен іх карміць. Ты паспрабуй спыніць трактар, карчавальнік, плуг Мацапуры.— I ўпалыя шчокі Рачэўскага заліліся ліхаманкаваю ружовасцю.— Яны зроблены, іх спусцілі са шворкі на зямлю, і яны павінны рабіць, каб так сумленна есці свой хлеб, абрабляць сабе. I я, і трактар, і той, хто сядзіць, кіруе гэтым трактарам,— адзіныя, усе мы кормімся і жывімся адзін ад аднаго.
— Але гэта ж таксама пропісі.
— Пропісі, але і яны сёння — хлеб. I не замінай ты мне зарабляць гэты хлеб. Ты жывеш забабонамі, памяццю мінулага і таму палавінчаты, быў нараскараку, калі займаўся меліярацыяй, па раскараку і зараз, калі пайшоў у калгас. А ў мінулае трэба ўрывацца не азіраючыся. Так, я чужы тут і не стану ўпадаць у сантыменты. Я зруйную мінулае і па руйнаванні давяду да ладу ўсё, што так палавінчата пачаў і рабіў ты. Так, ува мне мала жаласці, але ўсё новае бязлітасна.
— Шахрай...
— А няхай і Махрай. Ён таксама ўжо мінулае і хутка будзе нікому не патрэбны, як нікому не патрэбныя шмат іншых, што былі некалі ого-го, а цяпер проста нішто. Хіба ж не так? Як клічуць іх сёння, бабулек і дзядулек, што колісь...
— Не кранай хоць іх...
— А ты і іх шкадуеш, нібыта ты разважаеш не так, як я. Трэба мець мужнасць быць шчырым самому сабе. Мы і так колькі ўжо манілі самім сабе.
— А ты ж сам намерыўся на месца Шахрая, ты ж гатовы ўжо папхнуць яго і заняць яго месца.
— Магу і гатовы, і не таюся. А ты не намерваўся, а ўсё мы. Мо справа ў тым, што я больш шчыры, я лепш ведаю, што трэба мне.
— Трэба табе, а іншым? Мне гэта і без цябе вельмі ж доўга ўводзілі ў вушы, яшчэ б трохі — і зарохкаў, і закукарэкаў: іншым, іншым. Але ўсе тыя іншыя няблага ўладкоўваюцца і без мяне, значыць, сам я павінен аб сабе клапаціцца. Кажу гэта табе, як даўні твой сябра, раю, думай у першую чаргу аб сабе.
— Але ж ёсць яшчэ і Махахеі, і Барздыкі, і Шчуры...
— Махахеі, Барздыкі, Шчуры-прашчуры... Але ж і я таксама жыву на свеце адзін толькі раз...
Не пагадзіцца з Рачэўскім Мацвей не мог. Але страшна было і пагаджацца. За словамі свайго былога сябра ён ужо адчуваў поўнае адмаўленне таго, каб гэта ды некуды імкнуцца, за штосьці змагацца, толькі падпарадкаванне хвіліне, уласнаму дабрабыту, амаль голае рыззё сатлелых слоў, пропісаў, якія даўно ўжо нікога не пераконваюць. Да гэтага ён яшчэ не дайшоў і не хацеў даходзіць, падаць так не хацеў. Цягнуўся да маладой пары ўрачоў, хірурга і неўрапатолага. Але тыя, акрамя таблетак ды працэдур, нічога пакуль яшчэ не мелі, каб дапамагчы яму, не маглі яго ўраўнаважыць. Вёска была чужою ім, гадаваным на асфальце, і на Княжбор і яго жыхароў яны глядзелі па-арадскому, не разумеючы, што ў нечым гэтая ўмоўная мяжа паміж горадам і вёскаю даўно ўжо згладжана, мо яе нават ніколі і не было; а яны працягвалі меркаваць аб княжборцах і аб ім, Мацвею, не прызнаючы за ім мо нават і права на нейкія пытанні, патрабуючы ад яго прастаты і яснасці. Проста і ясна ладавалі яны і сваё жыццё, падзяляючы яго на рабочыя і нерабочыя гадзіны, гадзіны, адведзеныя на выхаванне дачкі, заняткі медыцынаю, як яны называлі самаадукацыю. I каля іх Мацвей пачуваўся спакойна, але няўтульна, як у чужым горадзе ці нават чужой краіне. Яны лячылі яго цела, але нічым не здольныя былі дапамагчы душы, а апошнім часам яго нешта стала падводзіць сэрца, то спяшалася, малаціла, што малатарня, і не ў грудзях, а недзе каля лапатак, то замірала, падкочвалася камяком да горла. Маладыя ўрачы клапаціліся аб яго здароўі, і яго вельмі кранаў іх клопат. Але яны ніяк не маглі паверыць, што ў яго, такога маладога, такое зношанае сэрца, ён жа ўвесь час жыў у вёсцы на свежым паветры. I, як гэта ні дзіўна, тут яны сыходзіліся з дзедам Дзям'янам. Той таксама ніяк не мог зразумець: што гэта такое — першая ўборачная, і ўжо сэрца. «Не, не той старшыня пайшоў,— гаварыў дзед Дзям'ян,— вось раней быў старшыня: чобаты ды брызентавік, і зносу не ведаў старшыня, а ўвесь дзень на нагах. А цяпер і на машыне, і ў чаравічках-лакірках — і сэрца».
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу