— Я сын ваш,— сказаў ён гнеўна, разумеючы, што ад бацькоў яму сёння нечага чакаць падтрымкі.
Маці прыгнечана маўчала.
— А дзе магіла наша? — таксама гнеўна спытаў яго бацька. Нам няма дзе і прылегчы, адпачыць няма дзе і на тым свеце.
Але ж і ў Чортавай прорве ніхто больш не патоне і не захлынецца,— адказаў ён бацьку. Няма больш Чортавай прорвы.
— Няма больш і сына ў нас,— і заламіла рукі, загаласіла Галоскаю-галасніцю, пачуўшы гэтыя словы ад свайго чалавека, маці. I Мацвей замёр, уражаны гэтым яе галашэннем. Ён зразумеў, хто блукае і галосіць Галоскаю ўначы каля Княжбора і па кім тая Галоска галосіць, чыю правіну загладжвае яна, спрыяючы так людзям, лечачы іх дзяцей. Зразумеў і сам кінуўся прэч, насустрач жаўтавокаму страшыдлу. Але страшыдла ўжо не было, замест яго стаяў і чакаў Мацвея Жалезны Чалавек.
— Ты ж у Княжборы павінен зараз знаходзіцца,— сказаў яму Мацвей, бы яны былі даўно ўжо знаёмыя, ледзь не сябрамі былі.
— А я паўсюдна,— адказаў яму Жалезны Чалавек.— Ты зірні, паглядзі на мяне больш уважліва.
Мацвей паслухаўся, прыгледзеўся да Жалезнага Чалавека і пачаў паволі адступаць.
— Куды, куды? — скрыпуча пасміхнуўся Жалезны Чалавек.— Куды ты ад сябе дзенешся?
— Не, не можа быць, такога не можа быць,— адмаўляўся верыць сваім вачам Мацвей.
— Не можа быць і не будзе, канечне, калі ты жывеш без таямніцы, цуду і аўтарытэту,— усё такім жа скрыпучым механічным голасам працягваў здзекавацца з яго Жалезны Чалавек, сам жа ён, Мацвей, і не будучы і былы, а такі ж, якім быў ён зараз.
— Ты ж сам пажадаў, каб без цуду, таямніцы і аўтарытэту, вось перад табой і расчынілася ўсё. Дазволілася ўсё пабачыць і спазнаць.
— Я ж зусім не гэтага жадаў, хутчэй за ўсё меў на ўвазе зусім іншае, толькі не гэта.
— Ведаю,— запэўніў яго Жалезны Чалавек,— здагадваюся, хаця ты і хаваўся ад мяне, а больш ад самога сябе хаваўся. Хаваў душу, твар свой ад самога сябе, ад самага блізкага сабе чалавека, таму і няма каля цябе такога чалавека, няма. Але я пакажу табе твой твар.
— Не трэба.
— Трэба! Не паяднана высокае ў чалавеку з будзённым.
— Ты лжэш!
— Гэта ты лжэш! Нават тут, нават сёння, найвышэйшаму суду лжэш. Высока ўзнёсся, вышэй Шахрая нават. Ды што Шахрай... Ніякіх законаў, ніякіх межаў не прызнаеш. У чалавекаў ужо, кажуць, пастрэльваць пачаў, дынамітам забаўляешся...
— Няпраўда, я не забаўляюся. Не забаўка то была, і не сабе ж я рупіў.
— А каму?
— Вось ім,— Мацвей паказаў па шарэнгі Махахеяў, Барздык, Роўд, што ўсё яшчэ стаялі непадалёку ад іх.
Яны ж толькі што адказалі табе, трэба гэта ім ці не. Маці твая і бацька адказалі.
— Яны не ведаюць і не могуць яшчэ ведаць адказу. Адказаць могуць толькі жывыя, што ядуць хлеб, які даў я ім, дзеля якога выракся самога сябе, не пашкадаваў і сябе.
— За гэта якраз яны і судзяць цябе, таму што, выракаючыся сябе, ты здрадзіў, выракся і іх. I так кожны раз, выракаючыся нечага, ты выракаўся былога і пачынаў класці паклоны новаму, хлусіў, падманваў сам сябе. А калі пераадолеў у гэтым падмане сябе, угаварыў сваё сумленне, заспакоены, пачаў падманваць усіх іншых, усіх запар. I зараз ты стаіш на хлусні, на лжы.
— Не, на зямлі. I трывала, дзвюма нагамі.
— Зірні пад ногі сабе.
Ён стаяў на тым самым страшыдлу, трактары з жоўтымі фарамі, які ганяўся за ім. Трактар рабіў, але матор яго быў нібы загнаны, соп ціха і стомлена.
— Ён жа праг мяне задушыць, ён жа колькі ўжо стагоддзяў ганяецца за мною і дыхнуць не дае мне.
— Не ён цябе, а ты яго заганяў. Канечне, вельмі выгадна і зручна ўсё зваліць на яго. Ён не апратэстуе, любую тваю правіну возьме на сябе. Але навошта тады ты, навошта? Ты ж нарадзіў яго, каб вызваліць рукі, а не душу. I няхай машына застанецца машынай, а чалавек чалавекам. I кожны адказвае за сваё: машына — за машыннае, чалавек — за чалавечае. А ты ж чалавечае перакладваеш на машыну, душу ёй сваю прыпісаць хочаш, грахі ўсе свае ўскладаеш на машыну, хаця быў і застаешся ты не толькі разам з ёю, але і над ёю. I табе за яе адказваць, а не ёй за цябе, таму як ты паперад яе на зямлі з'явіўся. Ты ўзяў зямлю ў першароднасці і квецені і без смецця і паскудства. Чыстымі былі туманы, вольнымі птушкі, пладзіліся жывёлы твае, пладаносілі дрэвы, яшчэ Княжбор дастаўся табе ў першароднасці і першастворанасці лясоў, рэк і крыніц, верхавых і нізавых балот, але ты кінуўся, улёг перарабляць яго, муляла вока табе першастворанасць, крануў ты неруш, крануў і сябе. I цяпер ужо тваё ўласнае дзіця, машына, створаная табой жа, і шкодзіць табе ж. Хутка ты сам сабе будзеш шкодзіць, ужо шкодзіш, ужо лішні сам сабе, імкнешся пераступіць і цераз сябе. Але я табе не дазваляю, не даю. I тваё шчасце, што ў цябе ёсць я, што пакуль яшчэ існую.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу