— Пакінь, Мацвей, конікаў, што за вёска без конікаў. А Княжбор мо ж то яшчэ вёска. I ён пакінуў іх Махахею, пашкадаваў не столькі коней, колькі таго ж Махахея, згадаў, як праводзіў некалі ноч і сам каля тых жа конікаў, нешта ўсё ж вельмі добрае было ў тых дзіцячых пачах каля цяпельца, нешта чыстае і свежае, хаця і зябкае, нешта адчынялася яму тады ў Княжборы і Махахею, ды так дарэшты і не адчынілася. Пайшоў ён ад Княжбора, коней і конюха Махахея. Здаецца, адным днём кінуў-рынуў усё і пайшоў, паскакаў па Бялянцы, палахлівай кабылцы, дачцэ камандзірскага выязнога жарабца, якога пакінула калгасу воінская часць, што вызваляла Княжбор ад немцаў. Жарабец той акульгавеў, пакуль дайшоў да Княжбора, а пад Княжборам яго яшчэ і куля адзначыла. I хацелі яго ўжо прыстрэліць, але бабы заступіліся: вайна яго хоць і пакалечыла, а ўсё ж ён конік, мужык. I ў аглоблі, і ў плуг можна, усё ж не па сабе ці на карове араць. Кульгавага таго жарабца, што так цвёрда і не стаў на ногі, разадралі потым ваўкі, але ён паспеў усё ж пакінуць патомства — Бялянку. Яе і ўзяў, калі вярнуўся з фронту, пад свой пачатак Цімох Махахей. Ад той Бялянкі павяліся і пайшлі ў Княжборы коні. Да іх і вярнуўся зноў цяпер Махахей. I, заўсёды абкружаны дзецьмі, што невядома адкуль і з'явіліся ў Княжборы, быў шчаслівы, бы сам памаладзеў. I Мацвей, старшыня калгаса, зайздросціў яму, зайздросціў свайму конюху, зайздросціў чалавеку, які стаў конюхам толькі дзякуючы яму, яго літасці. Кожную хвіліну ён мог змяніць гэтую сваю літасць на гнеў, накінуць Махахея без нічога, але той, здавалася, не разумеў гэтага і не думаў аб гэтым. У яго была работа, справа, дзесятак-паўтара карослівых конікаў. I ён услугоўваў гэтым конікам, не прызнаючы над сабою яго, Мацвеевай, улады, ні яго літасці, ні яго гневу. Мацвей спачатку тлумачыў усё гэта простасцю жыцця, яснасцю клопатаў і турбот, іх аднаскіраванасцю. Але цяпер, шыбуючы ад сажалак рыбгаса і сваёй азіміны, разумеў, што гэта не тлумачэнне. Не проста было пражыць і пракарміцца конікам у яго гаспадарцы, у новым Княжборы, як, пэўна, не проста пражыць і пракарміцца кожнай жывой істоце і кожнаму чалавеку, што жыве па зямлі. Куды прасцей памерці, не жыць зусім, зусім нічога не рабіць. Стаяў Княжбор некранутым, і но ўсё было проста ў той яго першастворанай некранутасці. Былі балоты, была вада — вялікая бяда. Вялікая, але не смяртэльная, княжборцы ўжо звыкліся з ёю. Па сапраўднаму нядобра было не княжборцам, а камусьці іншаму, другому ці трэцяму, што жыў далёка ад Княжбора, каму кожны год запазычваў Княжбор, таму што зямля, занятая пад вёскаю балотамі, гуляла. Асушылі балота, і той другі ці трэці атрымаў свой кусок хлеба. Але зрабілася невыносна рыбіне, і не толькі рыбіне, а і самому княжборцу, яму, Мацвею, таксама невыносна. Як жа прымірыць усіх і ці магчыма такое. Ці магчыма, каб было адначасова хораша жабе і буслу, які тую жабу паядае. Дзе і як можна знайсці такую раўнавагу і такое міралюбства. Ці будзе калі-небудзь так па зямлі, і калі ніколі не будзе, дык ці варта наогул жыць на гэтым свеце. Ці будзе яму, Мацвею, на зямлі, якую ён нераніцаваў, так хораша, як хораша Махахею каля яго конікаў. I чаму Махахею каля конікаў хораша, а яму ў крэсле старшыні не надта? Не ў коніках жа справа. А ў чым тады, у чым? Не ў тым жа, што конюху проста, а старшыні ўсё складана. Усе б кінуліся ў конюхі, толькі ж нешта ж не кідаюцца, лезуць у старшыні больш. I конюх, і старшыня — людзі, і зямля, на якой яны жывуць,— адна, адзін яны хлеб спажываюць, адным паветрам дыхаюць. Але конюх сёння вечарам, як і ўчора, як будзе і заўтра, і паслязаўтра, збярэ каля сябе хлапчукоў. Яны прыйдуць да яго ўжо са сваімі аброцямі, таму што аброцяў сёння на кожнага калгаснага коніка ўжо не хапае, зацугляць конікаў, што прыгледзелі сабе загадзя, і з гікам і свістам памчаць па вясковай вуліцы. I Махахей будзе калывацца адзаду іх на сваёй ужо амаль што сляпой Бялянцы, глытаць пыл і ўсміхацца, гледзячы, як заходзіць сонца, на распушаныя хвасты і грывы коней, што скачуць у гэтае барвовае сонца. А яму, Мацвею, наканавана зусім іншая дарога. Яму трэба недзе здабыць толу ці дынаміту, хаця гэта не праблема, гранітны кар'ер побач, і там толькі і чуваць выбух за выбухам. Галоўнае, яму наважыцца на гэты свой выбух. I ён ужо амаль што наважыўся.
А дома чакала яго Надзька. Убралася ва ўсё новае, прычоску навяла «полюби меня с разбега», а стаяла сярод гармідару за гародамі, дзе толькі пазаўчора яшчэ было балота, а цяпер зеўрала пашчу нрамыіна.
— Ты як на вяселле прыйшла запрасіць мяне, Надзюха.— Мацвей паспрабаваў пажартаваць, але адчуў, што жарту не атрымалася, не той настрой быў у яго і ў Надзькі, пэўна, хаця Надзька і мацавалася, спрабавала яму нават усміхнуцца, але вусны ж і выкрылі яе, папаўзлі, задрыжалі.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу