«Ён жа такі, як усе, чалавек», — думала Дзіна. Як сляпы свайго кіёчка, трымалася яна толькі адной гэтай думкі, не давала іншым хоць на імгненне авалодаць сабой. Яна прыйшла на балота, сунімаючы дыханне, ціха падкралася да елачкі, нахіліла яе набок і кінула ў чорную смярдзючую яміну свой клунак. Сама ж нават не глянула туды, хуценька павярнулася і амаль пабегла назад. Ёй здавалася, што ў яе зараз спыніцца сэрца. Вецер шумеў у галлі, выкрасаў з вачэй халодныя слёзы. Калі яна ўжо выходзіла з балота, елачка над схованкай ледзь прыкметна прыўзнялася, і Баўтрук паглядзеў ёй услед.
У Чмялях ужо некалькі дзён па-сапраўднаму гаспадарыла зіма. Людзі, хто як мог, зжалі свае палосы, выкапалі бульбу, нарыхтавалі каровам сена, пазатыкалі дзіркі ў хатах, каб не дзьмуў сівер. Адзіная турбота засталася яшчэ ў людзей — нарыхтоўка дроў. Але патрохі і з ёю справіліся: хто на сваім, хто на чужым коніку з'ездзілі ў лес, і па ўсёй вёсцы пад паветкамі зазвінелі пілы і загрукацелі сякеры. Бяры бярэма дроў, нясі ў хату, кладзі ў печ ці на комінак, і загудзе, заспявае полымя. І гэта гарачая песня заглушыць маркотны спеў халоднага ветру за сцяной. Сядзі ў хаце і чакай канца зімы. Так яно і было б, каб не чырвоны сцяг, што ўжо другі месяц палымнеў над маёнткам. Гледзячы на гэты сцяг, не мог чалавек заснуць бесклапотным мядзведзевым сном. У чалавека дужэлі рукі, смялела душа.
...А снег усё падаў і падаў на зямлю. Аднойчы Дзіна пайшла ў лес і ўбачыла, што Баўтрукова схованка пустая. Елачка была звалена набок, глыбокія сляды-яміны вялі ў лес. Непадалёку валяўся кажух, які на дробныя кавалачкі расшкуматалі ваўкі. Баўтрука ж не было. Холад выгнаў яго з нары.
Бацюта прыехаў з Бабруйска, і адразу ў хаце Людвіка Перукоўскага сабраліся ўсе чмялёўскія камітэтчыкі. Людвік, які збіраўся пілаваць дровы, кінуў paj боту і пачаў завіхацца каля стала. Разам з жонкай Агатай, маўклівай, худой, з карычневай радзімай плямай пад вокам, прынёс са стопкі капусты, кіслых агуркоў, нарэзаў хлеба, сала, потым падышоў да ложка, нагнуўся і дастаў адтуль вялікі, аплецены лазой буталь.
— Не трэба гэтага, Людвік, — быў запярэчыў Бацюта, але астатнія не падтрымалі яго, моўчкі глядзелі, як налівае гасцінны гаспадар светла-рудую самагонку ў «панскія кілішкі» — чарачкі ка высокіх ножках.
Бацюта сядзеў на покуце, выцягнуўшы пад сталом стомленыя ногі, аглядаў хату. Спраўная хата была ў Людвіка. З тоўстых, адно да аднаго, сасновых бярвенняў, пакрытая дранкай, з сенцамі і клеццю. У сенцах замест драўлянай падлогі быў глінабітны ток. Насупраць вялікай пабеленай печы Людвік навёў палаткі. Праз усю хату пад столлю цягнуўся патрэсканы, адпаліраваны да мядзянага бляску шост, на якім вісела, сушылася дзіцячае адзенне. Разам з Людвікам жылі два яго сыны, Росця і Жэня, з сем'ямі, і таму ў хаце было не павярнуцца ад дзяцей. Перуноўскія толькі што паабедалі. Бацюта бачыў, як малодшая Людвікава нявестка Хадосця прыбірала стол, што стаяў каля печы. Яна была нечым незадаволеная, сярдзіта шпурляла брудны посуд на прыпечак.
— Чаму ж яна толькі адну палавіну стала прыбрала? — пацікавіўся ў Людвіка Бацюта.
— Гэ, — весела паказаў цесна пасаджаныя зубы Людвік. — Мае нявесткі наравістыя. Кожная толькі сваю палавіну стала прыбірае. Хоць ты рассякай стол на дзве палавіны.
Калі выпілі па чарцы, Рыгор Крыванос, высокі кучаравы, з перакошанай ад старога ранення ніжняй сківіцай, за што яго ў вёсцы злыя языкі дражнілі «крываляпы», спытаўся:
— Як там у горадзе, Андрэй? Што чуваць пра новую ўласць?
— Новая ўласць стаіць крэпка, хлопцы, — Бацюта абапёрся на стол локцямі, па звычцы пачаў грызці свой жоўты вус. — Праўда, там, у Бабруйску, ёй цяжэй было дарогу прабіць, чым у нас. Бой быў. На радыёстанцыі на Бярэзінскім фарштаце афіцэрыкі былі заселі. Давялося гранатамі іх адтуль выкурваць. І ў Савеце гарлахваты сядзелі — бундаўцы ды эсэры. І іх турнулі. Цяпер там бальшавікі сілу ўзялі. Таварышы Бральніцкі і Серабракоў у іх за галоўных. Быў я на адкрыцці клуба, «Рабочы і салдат» называецца. Гэта падобна на тое, што ў маёнтку Незабітоўскага наш Мішка Сырамалот замышляе. Але там гэта і весялей, і баявей.
Усе глянулі на Мішку Сырамалота, які трошкі пачырванеў, але адразу ж нахмурыўся, і сам перайшоў у наступ:
— То ж гарадскія, Андрэй. Іх, як маткі раджалі, дык у мёдзе качалі. Ты скажы лепш, што з зямлёй рабіць будзем.
— Во, скажы гэта самае. Увесь народ хвалюецца, — Пятрок Заяц аж хіснуўся наперад, наставіў белыя, адмарожаныя ў каляды вушы.
Читать дальше