— Пра зямлю Другі Усерасійскі з'езд Саветаў сказаў. Мы ж ужо чыталі яго дэкрэт. Зямля ў радавых сялян і радавых Казакаў не канфіскуецца. Сам Ленін пад гэтым свой подпіс паставіў. А вось што яшчэ Ленін гаворыць. — Ён дастаў з кішэні акуратна складзеную газету, пачаў чытаць: «Валасныя зямельныя камітэты павінны неадкладна браць усе памешчыцкія землі ў сваё распараджэнне, пад самы строгі ўлік, захоўваючы поўны парадак, ахоўваючы строга былую памешчыцкую маёмасць, якая зараз стала агульнанародным набыткам і якую пагэтаму сам народ павінен ахоўваць».
Бацюта зноў акуратна склаў газету, сказаў:
— Быў я ў Бабруйску ў рэўкоме, і вось што бабруйскія таварышы прасілі вам і ўсяму сялянству перадаць: арміі і насельніцтву патрэбен хлеб. Народная рэвалюцыя павінна даць хлеба краіне. Падвозьце хлеб у гарады, дзе ваенна-рэвалюцыйныя камітэты набудуць яго ў вас. У
Ён раптам сустрэўся з цікаўным позіркам белагаловага хлапчаняці, які з палаткаў сачыў за тым, што адбывалася ў хаце.
— Чый гэта? — спытаўся Бацюта ў Людвіка.
— Госцяў. Меншы. — Людвік стукнуў далонню па худым вострым калене: — Паўлік, чаго ты там, чортаў хлопец, нікаеш? Галаву шчэ не разбіў?
Хлапчук схаваў галаву за посцілку, якой былі завешаны палаткі. Там, на палатках, ціхенька засмяялася адразу некалькі дзяцей.
— Я думаю, хлопцы, — гаварыў Бацюта, а дзіцячы смех усё стаяў у яго ў вушах, — трэба нам стварыць свой валасны рэўком. Падлічым усю маёмасць у маёнтку, перамераем зямлю і вясной яе падзелім. Нам трэба заўтра ж склікаць сход у валасным праўленні, народу паведаміць, каб з Запольцаў і з хутароў прыйшлі.
Усе згадзіліся з яго прапановай, толькі Рыгор Крыванос сказаў:
— Адну ўладу разбілі, другую сабе на шыю саджаем. А ці нельга, каб неяк без улады, каб па душы ды па сумленні?
Бацюта глянуў яму ў вочы:
— Нельга, Рыгор. Праз дзесяць, дваццаць гадоў, можа, і можна будзе, а цяпер нельга. Думаеш, Незабітоўскі і другія панкі так сабе аддадуць сваё багацце? Біцца будуць, да смерці біцца. А значыць, трэба сіла, трэба ўлада.
Яўхім Сцепанюга, які ўвесь час маўчаў, раптам, пачырванеўшы ад хвалявання, таксама пачаў гаварыць:
— Уласць, вядома, трэба. Гэта я разумею. У кожным дзеле павінен быць гаспадар. А вось скажы ты мне, Андрэй, вот увесь час думаю, — ён змоўк, яшчэ болей пачырванеў, — я думаю, а што, калі ўсё гэта... ну, як сон? Вось прачнёмся мы заўтра, а ні Савецкай улады, ні дзякрэтаў яе няма. І нават Леніна няма. Быццам усё гэта прыснілася. Што рабіць будзем? Мне ж мой Мікіта чытаў з кніжкі, што яшчэ даўней, як і нашых дзядоў на свеце не было, Сцяпан Разін і Пугачоў за народ ваявалі. І ўсё-такі павезлі іх паны-дваране ў жалезных клетках.
Усе сціхлі, чакалі, што адкажа Бацюта. Ён нахмурыўся, узяў у рукі лыжку, круціў яе. Было чутно, як недзе на вуліцы рыкае галодная карова, як сняжынкі б юцца ў акно. Нават дзеці на палатках прыціхлі. Бацюта ўзняў галаву, але не глядзеў на Сцепанюгу, сказаў:
— Баішся за ўладу... Можа, гэта і добра, што баішся. Значыць, перажываеш, думаеш. А я адно скажу: не сон гэта. Тысячы людзей крывёю і жыццём сваім на катаргах і на барыкадах плацілі за гэта. І мы не аддадзім назад тое, што заваявалі. Народ не аддасць.
Калі выйшлі на вуліцу, ужо цямнелася. Бацюта падняў угору твар. З чорнага неба ляцелі сняжынкі, садзіліся на лоб, на шчокі. Ён на хвіліну ўявіў, якая страшная вышыня над ім, і ўсюды снег, снег...
Ззаду пачуліся крокі. Яго даганяў Мішка Сырамалот. Параўняўся, аддыхаўся, сказаў, гледзячы ў твар:
— Дык ты, праўда, Андрэй, думаеш, што мы дарэмна там, у маёнтку, песні і вершы развучваем?
Снег раставаў у яго на шчоках, і Мішка быў падобны на мокрае разгубленае шчаня. Бацюта засмяяўся, весела таўхнуў яго пад бок:
— Ды ты што, Міша? Ні ў якім разе не кідайце гэтага занятку. Мне казалі, што ты там самы лепшы акцёр. Зайду як-небудзь пагляджу.
Мішка чамусьці зняў шапку, твар ягоны пасвятлеў.
— Ну то я пайду дадому, — шчасліва выдыхнуў ён. — Да заўтра, Андрэй.
Бацюта адзінока ішоў па вуліцы. Снег мякка свяціўся ў цемры. У снега быў нейкі незвычайны колер, колер маладзіка, што ўзыходзіць над вясенняй зямлёю.
«Харошыя людзі, — думаў Бацюта, — як яны хочуць жыць лепей, разумней, святлей. Як хінуцца яны да праўды».
Ён раптам спыніўся. Да шчымлівай сліны ў роце яму захацелася чамусьці закурыць, хоць ён кінуў курыць яшчэ ў сібірскай ссылцы. Маўчала вёска. Жоўтыя скрылькі акон былі рассыпаны ў глухой цемры. Там, за вокнамі, жылі людзі, якія паверылі яму.
Читать дальше