«Я тут пакуль усяго толькі адзін бальшавік, — трывожна падумалася яму, — як будзе жыць і працаваць Бацюта, так людзі будуць думаць пра партыю, пра Леніна».
Ён наддаў кроку. Тэкля даўно ўжо зачакалася яго дома. Бацюта спяшаўся да яе, і зноў яму ўспаміналіся словы Рыгора Крываноса, словы Яўхіма Сцепанюгі. І пад чорным начным небам ён падумаў: «Будзе бой, і будзе кроў, але мы пераможам. Чаму ўсе прывыклі думаць, што сіла павінна быць толькі жорсткай? Сіла можа быць і добрай. Вось чалавечыя душы — абедзве з граніту. Але адзін граніт чорны, а другі белы як снег...»
Назаўтра ў валасной управе, над дзвярыма якой яшчэ віднеўся след ад арла, пачаўся сход. Народу найшло з усіх вёсак. Сядзелі на лавах, на табурэтах, на падаконніках, сядзелі проста на падлозе. Даўно ўжо не збіраліся вось так, грамадою, і таму ўсе былі вясёлыя, узбуджаныя, шмат гаварылі. Здавалася, ад тытунёвага дыму не вытрымаюць сцены.
— Меней бы вы, мужыкі, смакталі гэту атруту! — крыкнула круглашчокая салдатка Агапка Шамаль і, зняўшы з галавы стракатую паркалёвую хустку, махнула цяжкой русявай касой.
— А я думаў, Агапка, што толькі бабы атрута, — грукнуў аб падлогу сваёй мыліцай Сямён-артылерыст.
— Бач ты, які гарачы, — павяла плячом Агапка, — ці не бабы гэта табе адну нагу адкруцілі?
— Пачынайце, — тоненькім галаском заверашчала Аўдоцця Крыванос, па вулічнай мянушцы — Сойка. — Пачынайце, а то карова шчэ не доена.
— А можа, пойдзем Сойцы карову паможам даіць, — падміргнуў суседзям Васіль Гаранок.
— Сойцы карову паможам даіць, — перадражніла яго Аўдоцця. — Каб цябе на тым свеце даіла.
— Грамадзяне, цішэй! Пачынаем сход, — наўмысна нізкім голасам крыкнуў Мішка Сырамалот і паважна адкашляўся. Быў ён у прыгожай светлай паддзёўцы, зграбны, тонкі; чуб, каб не рассыпаўся, змазаны маслам.
— Ну і хвацкі гэты арэхаўскі хлапец! — сказала старая падслепаватая Зайчыха.
— Дык і ты ж, бабка, шчэ нічога, — рагатнуў Сямён-артылерыст.
— Мяне ўжо, дзеткі, моль з'ела, — строга сказала Зайчыха і сцяла тонкія губы.
— Ціха, грамадзяне мужыкі і бабы! — зноў крыкнуў Мішка. Стол, за якім ён сядзеў, быў пакрыты чырвоным абрусам. Мішка ўстаў з-за стала, дачакаўся цішыні, пачаў гаварыць, зморшчыўшы лоб:
— Нам трэба выбраць уладу, сваю Савецкую ўладу, свой рэўком. Так, як усе мы хочам новай жызні і не жадаем зноў вярнуцца ў рабства да паноў-буржуяў, мы павінны са сваіх людзей вызначыць сабе кіраўнікоў, каб яны гарой стаялі за народнае дзела. Такія людзі ў нас ёсць, і я прашу вас іх называць, а са свайго боку называю каваля Андрэя Бацюту, бальшавіка, якога ўсе вы добра ведаеце, які за народ насіў жалезныя кайданы ў Сібіры.
— Бацюту! — дружна закрычала адразу некалькі галасоў.
— Сцепанюгу Яўхіма!
— Сцепанюга маўчун. Рыгора Крываноса пішы!
— Пятра Зайца!
— Запішы, Міхал, сябе, — трасянуў мыліцай Сямён-артылерыст.
Мішка ад ягоных слоў дужа пачырванеў і абедзвюма рукамі пачаў прыгладжваць за вушы валасы.
— Я лічу: трэба ў новую ўладу запісаць Кандрата Гаранка, — узняўся з падлогі, на якой сядзеў, Цімох Белазор, рыжавусы дзябёлы мужычок у лапленым жоўтым кажушку, вясковы бондар. Усе звалі яго Цімох Канчанбал, таму што некалі ён служыў у войску, быў афіцэрскім дзеншчыком і ў Чмялі прывёз ад свайго вечна п'янага афіцэра прымаўку: «І ні слова больш мне не гавары. І кончан был».
— Гаранок — добры гаспадар, працавіты, — трохі памаўчаўшы, дадаў Цімох і зноў сеў на падлогу. Некалькі хвілін ва ўправе стаяла цішыня.
— Колькі ты ў яго гарэлкі выжлукціў?! — крыкнула Агапка Шамаль, і ад яе крыку Белазор аж прыгнуў галаву. Агапка пачала завязваць хустку і глядзела на Мішку Сырамалота, што вёў сход, гарачымі ад гневу вачамі: — У гэтага Гаранка зяць быў гарадавы ў Бабруйску, людзей шабляй сек. І сам ён крывасмок. Не трэба мне такой улады, калі ў ёй Гаранок будзе.
Праз натоўп яна пачала праціскацца да парога.
— Пачакай, Агапка, — узняўся са свайго месца Бацюта і звярнуўся да сходу: — Таварышы сяляне! Выбар нашага сялянскага рэўкома — сур'ёзная справа. Мы даверым яму наша будучае, наш лёс і само жыццё.
Ён строга звёў бровы:
— Хто можа сказаць добрае пра Гаранка, хто за яго перад народам можа ручацца?
— У Гаранка і зараз партрэт цара з царыцай схаваны. У куфэрку на самым дне ляжыць. Хто не верыць, можа паглядзець. — Сямён-артылерыст загрымеў сваёй драўлянай нагой, а гэта значыла, што ён вельмі раззлаваны.
— Не з нашага ён агарода! — крыкнуў Людвік Перуноўскі.
Читать дальше