— Ён біў цябе тады ў лесе?
— Івана біў. Мяне толькі памагаў звязваць.
Антон асцярожна ступаў па цёмнай вуліцы, і зноў бачылася яму Яніна, яе чорныя вочы, яе ўсмешка.
«Яна зараз кладзецца спаць», — са шчымлівай цеплынёй падумаў ён.
З цемры паклікалі:
— Антон, пастой.
Падышоў Мішка Сырамалот, у руцэ заціснута цыгарка, іскры з яе падаюць на зямлю. Каля плота, на лавачцы, бялеўся дзявочы кажушок.
— Прыйдзі заўтра ў маёнтак, — сказаў Мішка, а сам усё глядзеў у бок лавачкі.
— Чаго?
— Работу табе знойдзем.
Мішка, цяжка перавальваючыся, пайшоў да лавачкі.
Назаўтра Антон паснедаў, пачаў памагаць бацьку складваць паветку. Бярвенні былі лежаныя, сухія, і таму ён насіў іх адзін. Бацька толькі раўняў вуглы, рассцілаў мох. Часам бацька браў старэнькі ровень, у якім пад зеленаватым шклом бегала кропля паветра, прыкладваў яго да сцяны, жмурыў вока:
— Ну-тка, што наш брахун пакажа...
Антону было смешна, што бацька ровень заве брахуном. Ад работы Антон разагрэўся, адчуў, як у руках і ў скронях моцна запульсавала кроў. Толькі адно не давала яму спакою: дзеля чаго Мішка ўчора сказаў прыйсці ў маёнтак? Ён за апошні час звыкся з тым, што з ім мала хто гаворыць, што яго нават цураюцца. Крыўдна, вядома, было, але ён супакойваў сам сябе: не ўсе ж павінны быць такімі ўдальцамі і гарлахватамі, як Мішка і Іван Міхейчык. Некаму трэба быць у цяньку, рабіць чорную работу і не вытыркацца наперад. Ёсць коні, што вечна цягнуць свой цяжкі плуг, і ёсць стаеннікі, што толькі ведаюць — гарцаваць і красавацца.
Кончылі класці сцены, і Антон не вытрымаў — не стаў памагаць бацьку ўсцягваць страху.
— Вечарам зробім, — сказаў ён. — Хай сцены трохі асядуць, — а сам хуценька шмыгнуў у хату, спаласнуў з твару пот, апрануў навейшую світку і рушыў у маёнтак. Яшчэ здалёк заўважыў: над маёнткам у халодным бела-шэрым небе трапечацца чырвоны сцяг.
У флігелі ён сустрэў Матруну Сазанавец — цяпер усе яе звалі — Матруна Гаршкова. Яна глянула на Антона не вельмі ласкава, але запрасіла сесці, а сама, не разгінаючыся, нажом скрабла вялізныя чорныя чыгуны.
— А дзе ж народ? — нясмела спытаўся Антон.
— З раніцы, як усхапіліся, паехалі ў лес дровы нарыхтоўваць. Бабруйскі рэўком дужа прасіў. Мой таксама там... — Яна здзьмухнула з ілба спатнелую светлую пасму валасоў, глянула на Антона: — А ты чаго прыйшоў?
— Нешта Мішка Сырамалот учора сказаў. Вось я і прыйшоў.
— Мішка сказаў? — адразу падабрэла Матруна. — Тады чакай — на абед павінны ўсе заявіцца.
Антон выйшаў з флігеля, паволі пайшоў па двары. Пакуль ён гаварыў з Матрунай, у прыродзе адбыўся цуд: над дваром пачалі кружыцца першыя сняжынкі. Спачатку яны былі нясмелыя, бязважкія. Прамень сонца, што прарваўся праз белую воўну хмар, асвятляў іх, і яны ляцелі з неба, як сярэбраныя іскры, як бліскучыя, зіхатлівыя зорачкі. Снег спарнеў, гусцеў, мяккай, але трывалай сцяной адгарадзіў ад Антона наваколле. Ціха-ціха было наўкола, толькі чуўся шорхат, слабы і няўлоўны, быццам тысячы белых матылькоў адначасна ўзмахнулі крыльцамі. Антон хадзіў па двары, рукамі і ротам лавіў сняжынкі, і пад нагамі ў яго замест чорнай непрыгожай зямлі рассцілалася мяккая пухкая бель. З флігеля выскачыла Матруна з чыгунамі ў руках, паглядзела на неба, на белыя дрэвы, на стрэхі, на белую Антонаву шапку, засмяялася. І Антон адчуў, што ў яго сэрца ўваходзіць радасць, нейкі празрысты, ціхі спакой.
Нарэшце з-пад лесу паказаліся фурманкі. Снег заляпіў коням грывы, здавалася, нехта накінуў ім на шыі белыя торбы, і коні беглі ціха, асцярожна. Снег яшчэ не асеў, не зацвярдзеў, ад колаў фурманак заставаліся чорныя палосы.
— Здароў, Антон, — мякка саскокнуўшы з фурманкі, сказаў Мішка Сырамалот. — Пойдзем спачатку пасёрбаем гарачанькага...
Разам з Мішкам прыехалі Сцяпан Гаршкоў, Мікіта Сцепанюга, Рыгор Заяц, Іван Міхейчык. Увайшлі ў флігель, знялі адубелыя ад холаду кажухі, рукаўкі, селі за стол.
— Бяры лыжку, чаго стаіш? — сказаў Антону Сцяпан Гаршкоў. Антон прымасціўся на краёк лаўкі, няўпэўнена торкнуў лылску ў вялізную гліняную міску, з якой, як дым, вілася густая пахучая пара. Але ніхто не заўважыў ягонай разгубленасці. Усе дружна варушылі сківіцамі, і Матруне праз колькі часу давялося даліваць у міску капусту.
— Добрыя бараны ў графа Незабітоўскага, — ірваў мяса белымі шырокімі зубамі Мішка. — Заўтра трэба яшчэ аднаго зарэзаць.
«А ты ахвочы да чужога мяса», — падумаў Антон. Ён адагрэўся, шморгаў носам, быў злосны на сябе і на ўсіх.
Читать дальше