— Гром бы разбіў такое жыццё, — сказала яна, хацела заплакаць, але ўбачыла на печы Прахора і лінула на яго сваю злосць, як халодную ваду з конаўкі: — Чаго ты там, як дзед стогадовы, разлёгся? Усё кніжачкі чытаеш, дзякрэты. Так табе зямлю і дадуць, у кошыку прынясуць — бяры. От, гасподзь мой высокі, у людзей мужчыны як мужчыны, а гэты...
— Сціхні! — крыкнуў раптам Прахор.
Дзіна здзіўлена глянула на бацьку — калі ён такі смелы зрабіўся?
А Прахор ужо злазіў з печы, і за ім падалі, грымелі смалякі, што сушыліся там.
Ён падышоў да жонкі, рашуча пачухаў лысіну, сказаў ужо цішэй:
— Сціхні. Чаго верашчыш, як курыца? Дарэмна дзякрэт не напішуць. Чую: дарэмна не напішуць...
Ён узняў угору палец і колькі часу трымаў яго так.
— Знайшоўся прарок, — хмыкнула Аўдоля, але злосць у яе ўжо прайшла, і яна, уздыхнуўшы, разам з Дзінай пачала збіраць вячэру.
«Што ж рабіць? — думала Дзіна. — І чаго я падышла да той елачкі? Ці мала іх у лесе. Нічога б не ведала, ні пра што б не думала».
Яна запальвала ў печы, глядзела, як агеньчык бяжыць па сухім палене. Вось быццам паслізнуўся, сарваўся з палена, але ж які ўпарты — зноў учапіўся за кавалачак бяросты, пераскочыў адтуль на сучок, далей, далей, і вось ужо гудзе полымя, страляюць вуголлі. Глядзіш — і твару, і вачам балюча, і ўсё-ткі не хочацца адводзіць вачэй, бо ёсць нешта ў агні такое, што прыцягвае чалавечую душу, чаго не выкажаш словамі. — А яму ж там холадна ў той зямлянцы, — падумала яна раптам пра Баўтрука. — Зіма хутка, мароз зямлю скуе... І зноў яна жахнулася: божа ж мой, што рабіць? Ён быў нядобры, злы, быў вораг усяго сяла, але ж ён чалавек, хворы і адзінокі, ён, напэўна, у сваёй схованцы ўсё жыццё сваё перадумаў: і быць не можа, каб сэрца яго не памякчэла, бо не дарма ж людзі кажуць: гора вучыць.
Калі добра сцямнела і запалілі свяцец, Дзіна падышла да печы і асцярожна кранула брата за нагу:
— Антон, давай на сяло сходзім. Казалі, у Перуноўскіх вечарынка будзе. Мішка гарбаты з Запольцаў іграць прыйдзе.
Антон сеў на печы, працёр кулаком вочы, моўчкі пачаў абувацца.
Яны пайшлі ўздоўж платоў па хісткіх слізкіх кладках, што ляжалі ў гразі. Старыя ліпы, нябачныя ў цемры, глуха шумелі над вёскай. Ліпы шумелі яшчэ тады, калі Дзіны і Антона не было на свеце, калі іхнія дзяды былі такімі маладымі, як яны. Каля Перуноўскіх стаялі хлопцы і дзяўчаты, рыпаў гармонік, нехта лена стукаў у бубен. Гразь чвякала пад нагамі.
— Людвік не пускае. От шляхцюк — заеўся, — пачулі яны вясёлы голас Мішкі Сырамалота. — Гайда да майго Лаўрэна.
Лаўрэн Лапыцька пусціў усіх у хату, сам залез на печ і глядзеў адтуль, як стары цецярук. Вочы яго слязіліся ад тытунёвага дыму, у русых вусах былі хлебныя крошкі.
Дзіна падалася да дзяўчат, а Антон стаў каля парога — адсюль усё відаць, а сам нікому вочы не мазоліш. Гарбаты Мішка з Запольцаў сядзеў у куце пад абразамі і іграў «сербіянку». Твар яго быў нерухомы, нібы высечаны з шэрага палявога каменя. У круг яшчэ ніхто не выходзіў, толькі Мішка Сырамалот узяў вялікую медную конаўку з вадой і пырскаў з яе ваду на падлогу.
Нарэшце завіхурыўся танец. Хлопцы клалі дзеўкам на плечы рукі, колькі імгненняў, як сонныя, тапталіся на адным месцы, патраплялі ў лад музыцы, і потым, нібы хто гарачай галавешкай раптоўна апякаў ім пяткі, падскоквалі і пачыналі кружыцца, з прытупам, з прысвістам, з форсам, ды так, што аж уваччу дваілася. Вецер ішоў па хаце ад доўгіх дзявочых спадніц. У кожнай дзеўкі ў рукаве была вышываная насоўка. Дзеўкі абмахваліся імі, выціралі пот з твару. Потым, пасля вечарынкі, на цёмнай вуліцы хлопцы будуць прыставаць да дзяўчат: «Падары мне хустачку...»
Антон, як і большасць яго аднагодкаў, стаяў у парозе, глядзеў на расчырванелыя, потныя твары тых, што танцавалі, на лямпу-дзесяцілінейку, што ўздрыгвала пад столлю. Рыпелі, калаціліся маснічыны. Малодшы Сцепанюгаў хлопец з усяе сілы лупіў па туга нацягнутаму бубну дубовай качалкай. Багі з абразоў здзіўлена глядзелі на гэтыя імклівыя і шумныя скокі.
Антон умеў танцаваць — Дзіна навучыла, але ў круг выходзіць яшчэ саромеўся. Ды і, па праўдзе сказаць, ён лічыў гэта несур'ёзным заняткам. Гэта для такіх, як Мішка Сырамалот, — яны і нагамі падрыгаць, і языком памалоць ахвотнікі. Але вунь і Міхейчыкаў Іван у круг выйшаў з Франяй Перуноўскай. Шустры Капыток, нічога не скажаш.
Іван параўняўся з Антонам, глянуў на яго, нічога не сказаў, быццам не ўбачыў. Антону стала горача. Усё дзьмецца, усё злуе. А што ж было тады рабіць яму, Антону? На таго звяругу сотніка кінуцца, галаву сваю скласці? Усе вы разумнікі, усе героі — і Капыток, і Мішка Сырамалот, і сам Бацюта.
Читать дальше