У турме ўсе зняволеныя былі разбіты на дзесяткі на чале са старшыной. У дзесятку Юшкова былі Кузьма, Беланогаў і яшчэ чатыры казакі-ўральцы і чатыры салдаты з 2-га Сібірскага палка. Часам старшаму ці каму-небудзь з дзесятка турэмнае начальства нават дазваляла схадзіць у горад па прадукты. Вось і сёння, трохі пагаварыўшы з Кузьмой, Юшкоў сказаў:
— Заўтра пойдзеш у горад. Ну не радуйся, не радуйся вельмі... Не адзін жа пойдзеш, а з наглядчыкам Рашатняком з трэцяга блока. Прыглядайся, як там на волі. Пакуль што нічога большага ад цябе не трэба...
Доўга ў гэту ноч чакаў Кузьма світання. А яно, як назло, усё не прыходзіла. У камеры было цёмна, як у дамавіне. Нехта цяжка ўздыхаў у сне, нехта ўсхліпваў. Высока, пад самай столлю, было прарэзана вузенькае закрачанае акенца, але як ні напружваў Кузьма зрок, нічога не ўбачыў — значыць, і на вуліцы была глухая восеньская ноч, без зорак, без ліхтароў. Недзе там горбіліся пад ледзяным ветрам вартавыя, ціха ападала на халодную зямлю лісце. Хіба мог ён падумаць калі-небудзь, што будзе арыштаваны, што будзе ляжаць, падкурчыўшы ногі, на мулкіх дошках? Каб хто сказаў раней, у вочы плюнуў бы такому чалавеку. А зараз вось ляжыць у камеры, не спіць, прыслухоўваецца да цемры, і дзіўны спакой на душы і на сэрцы, быццам нічога не здарылася, быццам так і трэба. А напэўна, так і трэба. Бо, калі б было інакш, не ляжалі б зараз побач з ім такія харошыя, слаўныя людзі, як Юшкоў, як Беланогаў. Значыць, так трэба...
Назаўтра, на ранішняй праверцы, да Кузьмы падышоў Рашатняк, глянуўшы паўз твар вялікімі алавянымі вачыма, сказаў:
— Ты ў горад ідзеш? Збірайся. 5
Юшкоў на развітанне моцна паціснуў Кузьму плячо, падміргнуў.
Ужо калі выйшлі з турмы, Рашатняк пакруціў у руцэ свісток, напомніў:
— Ты паступаеш пад маю поўную адказнасць. Калі збяжыш, сукін сын, усяму твайму дзесятку гніць на нарах да страшнага суда. ;
У горадзе ззяла сцюдзёная краплістая раса. Была яна на шыбах дамоў, на дахах, на вадасцёкавых трубах. Асляпляльна сінела неба. Горад быў, як толькі што народжанае дзіця, чысты, крыклівы і пакуль што яшчэ незразумелы.
З Серпухаўскай вуліцы выйшлі на Захар'еўскую. Кузьма прагна глядзеў на людзей. Даўно ён не бачыў гэтулькі народу! Пераважалі вайскоўцы і жанчыны. На тылавікоў ён толькі на імгненне кідаў пагляд. Падумаеш — героі! Гэта тут у вас такія важнецкія вусы і бліскучыя боты, і вы ходзіце, як індыкі, горда выкругліўшы грудзі. А трапілі б на фронт, у акопы, у гразь і кроў! Жанчыны яго цікавілі куды больш. Большасць з іх былі прыгожыя, вясёлыя, гаваркія. У доўгіх спадніцах, у капялюшыках. Некаторыя ішлі, трымаючы абедзве рукі ў нейкіх невялікіх футравых мяшках. «Гэта яны так грошы ці ключы ад сваіх кватэр ад зладзеяў хаваюць», — падумаў Кузьма, бо ніяк інакш не мог сам сабе растлумачыць прызначэнне футравых мяшкоў.
На Захар'еўскай селі на конку.
— Не зявай, — строга сказаў Рашатняк, калі зайшлі ў вагон.
Спераду вагона пад доўгім драўляным брылём, нібы пад паветкай, сядзеў рамізнік з пугай у руках, якога ўсе называлі кандуктарам. Кандуктар, маршчыністы, згорблены дзядок у акулярах, шлёгаў пугай коней. На конскіх спінах ззяла раса. Ззяла яна і на рэйках, па якіх скрыгацеў, калаціўся дрогкі вагон. Кузьма прасунуў галаву ў акно, што было прарэзана якраз насупраць спіны кандуктара, спытаўся:
— Дакуль едзем, бацька?
— Да завода Фрумкіна, — не павярнуўшыся, адказаў дзядок і нязлосна шлёгнуў пугай крайняга з тройкі каня.
— Но, пляснівы!
Ніколі яшчэ не быў Кузьма ў такім вялікім горадзе. Высокія камяніцы з бліскучымі зіхатлівымі вокнамі, у якіх адбіваліся людзі, коні, аўтамабілі; мноства чыста апранутага, важнага з выгляду народу; яркія шыльды на магазінах, золата афіцэрскіх пагонаў, шэра-зялёныя, адпаліраваныя тысячамі ног, каменні бруку; пакручастыя і, здавалася, бясконцыя рэйкі пасярэдзіне вуліцы; гукі, пахі — усё гэта кружыла галаву, ён адчуў сябе такім маленькім, нязграбным, бездапаможным, аж пахаладзела ўсярэдзіне.
«Нехта ж тут жыве, — супакойваў ён сам сябе. — Ёсць жа і з вёскі людзі, сюды перабраліся — жывуць. Нават з нашых Чмялёў Рыгор Шамаль...»
Але гэта слаба дапамагала — ён адчуваў сябе мурашкай, якой трэба перапаўзці бязмежнае жытнёвае поле, дзе калоссі захінаюць сонца.
— Гэй! ты што — заснуў? — тыцнуў яго кулаком пад рабрыну Рашатняк. — Выгружайся...
Кузьма ўздрыгнуў, борздзенька выскачыў з вагона, памкнуўся ісці далей па вуліцы, але Рашатняк схапіў яго за рукаў:
Читать дальше