— Што ж ты такое нарабіў, Валодзя? — калі ўжо з'елі вячэрнюю баланду, кіпень з рэдкімі скрылькамі бручкі, спытаўся ў Кабскага Беланогаў, меднатвары рыжавусы казак-уралец. Яшчэ ў першы дзень Кабскі сказаў, што яго завуць Вальдэмарам, але гэта імя перайначылі на Валодзю, так больш зразумела.
— Грамадзяне, гэта ваенная тайна. — Кабскі заўсміхаўся. Яго чорныя вочкі весела заблішчалі. Быў ён прысадзісты, тоўсты, з кругленькім жыватком. Шчокі пульхныя, мяккія, валасы чорныя, кароткія, на скронях трохі ўжо сівыя. Цяжка сказаць, колькі было яму гадоў, — можна было даць і трыццаць, а можа, і ўсе пяцьдзесят. Гледзячы ад настрою, ён быў то малады, то стары.
— Ая-яй, Валодзя, — умяшаўся ў размову і Юшкоў, — нешта ты, брат, туман на сябе наводзіш. А мне ўжо неяк падумалася: ці не падаслалі цябе да нас: вынюхаць, значыцца, чым дыхаюць бунтаўшчыкі.
— Мяне? Падаслалі? — Кабскі саскочыў, як мячык, са сваіх нараў, узяўшы рукі ў бокі, стаў перад Юшковым. Вочы яго палымнелі гневам. — Вы дрэнна ведаеце Кабскага. Я сам — іхні вораг... — Кароценькім пальцам ён тыцнуў некуды ўверх, у столь, пад якой вакол цьмянай лямпы таўкліся начныя матылькі. — Ненавіджу дэспатаў... Уласнымі рукамі гатоў руйнаваць любыя бастыліі!
Усе ў камеры ажывіліся. Ведалі: на Валодзю найшло красамоўства, і зараз толькі паспявай слухаць. Кузьма таксама зручней уладкаваўся на мулкіх карах. Яго заўсёды цікавілі вось такія людзі: нечым непадобныя на іншых, не заўсёды зразумелыя. Яны, як ужо высвятлялася потым, маглі быць смешныя, наіўнаватыя, нават, па сялянскіх мерках, трохі дурнаватыя, але яны былі чэсныя ў сваёй наіўнасці, сваёй прысутнасцю яны асвятлялі шэрае, як турэмныя сцены, жыццё.
— Ну добра, — казаў між тым Кабскі, стоячы ў праходзе паміж нараў, — як на святой споведзі, скажу вам — хацеў я зарабіць лёгкую капейку. Вайна, кроў, слёзы, а Вальдэмар Кабскі, чалавек без бога ў душы, карцёжнік і п'яніца, але пакуль што не запойны, захацеў пагрэць каля гэтага вялікага кастра рукі. Заўважце, дарагія грамадзяне, толькі захацеў. А ўжо тысячы людзей да яго грэлі: і вялікія князі, і ваенныя міністры, і дэпутаты Думы. Што я раблю? Прыходжу да мінскага гарадскога галавы Кашчанкі і кажу яму: так і так, як патрыёт, хачу ўнесці сваю лепту ў перамогу. Хачу арганізаваць добраахвотны народны фонд дапамогі расійскім афіцэрам-героям. Для прыліку выклаў спачатку сваіх грошай, колькі было, а потым даў аб'яву ў газеты — і закруцілася машына. Нясуць мне хто грошы, хто капшук вышываны. Нясуць, заўважце, больш дамы, і прытым ва ўзросце. Ну, я кажу, вядома, дзякуй, забіраю іхняе дабро, і тут ужо спрыт рук... Адным словам, нядоўга я ўсім гэтым дамачкам дзякуй казаў. Сюды яны не здагадваюцца перадачу прынесці...
Ён змоўк, весела глянуў на ўсіх. Цень ад яго, шырокі і кароткі, калыхаўся на бруднай шэрай сцяне.
— Людзі кроў пралівалі, а ты, значыцца, Валодзя, з гэтых жа людзей і цягнуў, — строга бліснуў пукатымі жоўтымі вачыма Беланогаў.
— Заўважце, з салдата ніткі не ўзяў. Усё з афіцэраў, так як яны прыгнятальнікі і аракчэевы.
— Ды ты, Валодзя, ідэйны злодзей, — зарагатаў Юшкоў.
— Які я злодзей? — пакрыўдзіўся Кабскі. — Я яшчэ не паспеў украсці. А наконт ідэй скажу адно: я супроць усякай улады, супроць гвалту над сабой. Я за рабінзонаў, незалежных ад грамадства.
— Бач ты яго, — здзівіўся Юшкоў і падышоў да Кабскага бліжэй. — У турме, вядома, улада нікому не падабаецца, а выйдзеш на волю — трэба ж будзе недзе галаву прыхіліць, у некага дапамогі папрасіць. Улады, брат, розныя могуць быць.
Ён трохі памаўчаў і зноў паўтарыў:
— Улады, як і людзі, розныя могуць быць.
Але Кабскі загарачыўся:
— Розныя, розныя... Усе людзі падобныя, асабліва іх шкілеты.
Гэта была адна з многіх фраз, прыдуманых ім, на ўсялякія выпадкі жыцця.
— Хітра кажаш, — таргануў сябе рукой за доўгі вус Юшкоў. — У мяне вось сябра дарагога, земляка забілі. Паручнік Стахееў, шкура афіцэрская, застрэліў.
Дык я, па-твойму, з гэтым Стахеевым, з гэтым зверам падобны?
Ён стаяў насупраць Кабскага, даўгалыгі, касцісты, чорны, і глядзеў яму проста ў вочы, і цяжка, напэўна, было вытрымаць гэты пагляд, бо Кабскі раптам замітусіўся, заўсміхаўся, ляпнуў сябе кароткімі ручкамі па сцёгнах і, крэкчучы, палез на нары. Там ён доўга варочаўся, уздыхаў, прыцмокваў языком.
Юшкоў падышоў да Кузьмы, нахіліўся над нарамі:
— Спіш?
— Ды не, — узняўся з нараў, сеў Кузьма. — Слухаў, як ты Кабскага агітуеш.
— Ат, — махнуў рукой Юшкоў, — гэты Кабскі хітрэй за нас за ўсіх...
Читать дальше