Афіцэрская зямлянка была выкапана ў схіле высокага пясчанага ўзгорка, пад трайным накатам з тоўстых сасновых бярвенняў. Туды не пранікала дзённае святло, і таму палілі стэарынавыя свечкі. Кузьма браў пукі свечак і ўтыкаў іх проста ў сцены.
У Кукаверава ўвесь час балелі зубы, і ён хадзіў, абвязаўшы тоўстую няголеную шчаку шаўковай насоўкай. Моршчыўся ён заўсёды — дрэннае ці добрае гаварылі яму. Часта да афіцэраў прыходзілі сёстры міласэрдзя з лятучага лазарэта. Яны ўразілі Кузьму: танклявыя, дужа прыгожыя, у строгіх чорных сукенках, у белых касынках з чырвонымі крыжамі. Яму нават здалося напачатку, што яны выпраменьваюць святло.
«Ведама, гарадскія, — успамінаючы свае Чмялі і чмялёўскіх дзяўчат, — думаў Кузьма, — кожны дзень па хунту мыла змыльваюць, а ў дзікалоне, пэўна, купаюцца».
Была сярод іх адна, якую ўсе звалі графіня. Высокая, чорнавалосая, вочы чорныя-чорныя, як вечаровае неба. «Графская дачка ці жонка, — разважаў сам з сабою Кузьма. — Бач ты, і яна ў акопы пайшла...»
Афіцэры і іхнія госці часта пілі. Кукавераў моршчыўся, казаў:
— На хворы зуб! — і спрытна куляў чарку.
Здзівіла Кузьму, што прыгожыя сёстры міласэрддзя п'юць, як і мужчыны.
Калі выпівалі, паручнік Стахееў, кучаравы, светла-русы, браў гітару з блакітным бантам. Гітара ў ягоных руках, здаецца, плакала, так сумна іграў ён.
— Вы песіміст, паручнік, — казала графіня, — у вашым узросце трэба іграць мажорнае. Такое, каб крылы за спінай вырасталі.
— Ах, графіня, — сумна і прыгожа ўсміхаўся Стахееў, — у гэтых акопах згніюць самыя моцныя крылы. Падумаць толькі: мы страцілі ўжо васемнаццаць губерняў.
І спяваў:
Гэй ты, Русь мая,
Русь дзяржаўная,
Ты радзіма мая
Праваслаўная.
— Імперыя вялікая, — чырванеў ад выпітага Кукавераў. — Матухну Расію ні манголы не скарылі, ні Банапарт. Будзем спадзявацца на божую літасць...
— Трэба спадзявацца на гарматы і салдат, Аляксандр Міхайлавіч. Як не хочацца думаць, што надыдзе дзень, і ў «Рускім слове» ў спісах загінуўшых надрукуюць: «Паручнік Стахееў. Вечная яму памяць».
— Фі, паручнік, — гнеўна зводзіла бровы графіня. — Не трэба ж так раскісаць. А нашы салдаты — героі. Падыдзіце, калі ласка, сюды, — звярнулася яна неяк да Кузьмы, што прынёс Кукавераву пакет, — вып'ем за перамогу нашай зброі.
Кузьма, які хацеў ужо выйсці з зямлянкі, ад нечаканасці нават спатыкнуўся. Ніхто нідзе ніколі не называў яго на «вы». А графіня сама падышла да яго з маленькай залочанай чаркай у руцэ:
— Выпіце...
Яе вочы ў паўзмроку зямлянкі здаваліся шэрымі. Кузьма разгубіўся і не ведаў, што рабіць.
— Выпі, Радзімовіч, — літасціва дазволіў Кукавераў.
Усе афіцэры павярнуліся да Кузьмы. Паручнік Стахееў глядзеў на яго, на графіню, церабіў доўгімі вузкімі пальцамі бант на гітары, іранічна ўсміхаўся.
Гарэлка, як вар, апякла ўсё ўнутры. Графіня глядзела на Кузьму прыгожымі вачыма, і на яе белай тонкай шыі ўздрыгвала сіняя жылка. Кузьма выцер рукавом губы, папрасіў дазволу выйсці, і калі ўжо зачыніў цяжкія, абабітыя бляхай дзверы, пачуў за спінаю голас Стахеева:
— Ён так глядзеў на вас, графіня. І ведаеце, што ён думаў: чаму яна падае такую маленькую чарку?
Там, у зямлянцы, дружна зарагаталі. А ў Кузьмы пацямнела ўваччу: захацелася поўнай жменяй зачэрпнуць шэрага мокрага пяску, убегчы ў зямлянку і шпурнуць гэты пясок у нахабны рот, што сказаў такія словы. Але ён быў салдат, просты салдат у брудным, прапаленым ля кастроў шынялі, ён быў чарвяк пад бліскучым ботам паручніка, і ён толькі глыбока ўздыхнуў і схаваў свой гнеў на самае дно душы.
«Яны ўсе пагарджаюць мной, — думаў ён, ідучы ў свой узвод, бо толькі Пчалаводаў мог зразумець яго. — Хто я для іх? Чорны мужык, які смярдзіць гноем, з якога можна смяяцца колькі ўлезе. А ці смяялася графіня?» Ён многае аддаў бы, каб даведацца пра гэта. Чамусьці Кузьму здавалася, што яна, такая "далікатная і прыгожая, не можа смяяцца з чужой бяды. Яму зноў, аж да болю ў грудзях, захацелася дадому: там зараз ідзе ціхі снег, кладзецца на палосы, на стрэхі хат, там маці паліць у печы, глядзіць на полымя, абіраючы бульбу, і ўспамінае яго. А бацька з Антонам пайшлі пад паветку, сякуць дровы або рамантуюць сані. І так мірна там, так бела ад снегу. Здаецца, скінуў бы шынель, цяжкія боты і босы пабег туды, і родная зямля сагравала б ногі.
Ва ўзводзе ён знайшоў толькі Пчалаводава і Жабрэева. Яны ўзрадаваліся яго прыходу.
— Юшкоў і Лусковіч у лазарэце, — сказаў Пчалаводаў, — Юшкоў, дурная галава, хацеў смеласць сваю паказаць: вылез на бруствер і пачаў там на гармоніку іграць. Ну германец, ведама, і пекануў яго па казённым месцы. А ў Лусковіча нешта з жыватом. Аж пазелянеў хлопец... А ты чаго такі сярдзіты?
Читать дальше