Кузьма неяк вельмі хутка пасябраваў з Пчалаводавым. Калі выпадала вольная часіна, яны зручней масціліся дзе-небудзь у зацішку і пачыналі гаворку. Больш гаварыў Пчалаводаў. І ўвесь час рукі яго былі нечым занятыя: то ён лапіў шынель альбо штаны, то сушыў анучы.
— Баскі ты хлопец, Кузьма, — гаварыў Пчалаводаў, — па-нашаму, па-ўральску, значыць, добры. У дваццаць гадкоў толькі сям'ю заводзіць, дзеткамі абсыпацца, а ты ў акопах і днюеш і начуеш. А я, здаецца ўжо, і нарадзіўся салдатам. З дзевяноста дзевятага года прызыву...
Ён змаўкаў, задуменна глядзеў некуды ўдалячынь, відаць было — успамінаў сябе маладога.
— З Тагіла я. З Ніжняга Тагіла. Ёсць яшчэ Верхні. У нас там заводаў, як грыбоў у лесе. Гудкі гудуць, вечарам агонь на паўнеба — у мартэне плаўку даюць. Маё сямейства на Выі жыве — ёсць такі ў Тагіле пасёлачак. Жонка Дар'я, дзеткі, тры раты. Ужо пра мяне, відаць, і забыліся. А прозвішча ў нас Пчалаводавы. Хто такое прыдумаў? Ніколі ж пчоламі ні дзед, ні прадзед не займаліся. Вось у мяне сусед. Дык яго прозвішча Жалязноў. Гэта ўжо наша, уральскае. У нас жа кругом жалеза. Нашым жалезам мы і германца б'ём. Толькі вось што я думаю: навошта жывога чалавека жалезам зністажаць? Чалавек жыць павінен.
— Дзядзька Ягор, — пытаўся Кузьма (ён Пчалаводава зваў дзядзькам), — як ты думаеш: калі вайна скончыцца?
— Як нас паб'юць, Кузьма. Як нікога ўжо не застанецца ў салдаты браць.
— Хто ж тады на зямлі жыць будзе?
— Цар Мікалай з Вільгельмам-кайзерам.
— А Жабрэеў кажа, — Кузьма азірнуўся па баках, — цара трэба скідваць...
— Можа, і так. — Пчалаводаў лапіў шынель, які парваў аб калючы дрот, і іголка так і мільгала ў яго тоўстых, жоўтых ад тытуню, пальцах. — Жабрэеў вучоны — яму відней...
— Як жа без цара можна жыць?
— А так, як я без свайго бацькі, царства яму нябеснае, жыву. Дваццаць гадоў, як бацьку на гары Благадаці каменем задушыла. А я жыву, і дзяцей на ногі паставіў.
Слухаць такія словы было нязвыкла, страшнавата.
Але Кузьму зноў і зноў хацелася чуць іх. Так было ў дзяцінстве, калі ён разам з Антонам забіраўся на абламаную верхавіну вольхі высока над ракой і скакаў адтуль галавой уніз у ваду. Кожны раз аж сэрца замірала, але зноў хацелася скокнуць, быццам нехта падпіхваў.
Пра рознае гаварылі ў акопах. Іван Юшкоў, зямляк Пчалаводава, часам пацягваўся да хрусту ў касцях, уздыхаў:
— Эх, як там мая Антаніна? Ляжыць недзе, бедная, у халодным ложку, мужа ўспамінае...
— Так яна па табе і засумавала, — падколваў хто-небудзь, — тылавікоў хапае. Яны, як бугаі адкормленыя. А што бабе трэба? Пагладзіць, пашкадуе які-небудзь, яна і рукі ўгору, як германец, — забірай у палон...
— Мая не такая, — цямнеў тварам Юшкоў.
— Усіх вайна разгарачыла. А што твая? І яе нехта ціскае...
— Ну ты, падла, — усхопліваўся, як звер, Юшкоў. — Я табе зараз зубы палічу.
Пра жанчын гаварылі з нейкай злосцю, груба, быццам помсцілі ім за сваю адзіноту. Шмат хлусілі пра свае перамогі над жанчынамі. У гэтай хлусні і ў гэтай злосці былі свае прычыны: усім не хапала цеплыні, звычайнай увагі, якая так патрэбна чалавеку, асабліва калі чалавек кожны дзень ходзіць ля смерці.
У канцы лютага на левы фланг палка падвялі некалькі рот ратнікаў апалчэння. Апалчэнцы былі сытыя, вясёлыя, чыста апранутыя. У тыле яны назапасілі гарэлкі. Гарэлка падагравала іхнюю ваяўнічасць і патрыятызм. Апалчэнцы з пагардай глядзелі на шэрых акопнікаў, брудных, вашывых, лічылі іх палахліўцамі. Тыя ў сваю чаргу адразу іх узненавідзелі і пачалі называць «крыжаносцамі».
— Хай «крыжаносцы» ваююць, — гаварыў Юшкоў, стаўшы да ветру.
З акопаў апалчэнцаў вецер даносіў дружны смех, гугнявую песню грамафона.
— Іч ты, развесяліліся, — нават ціхманы Кандрат Лусковіч не вытрымліваў, пляваўся.
— Нічога. Хутка і ім сумна стане. — Белавалосы Жабрэеў узнімаў каўнер шыняля, жмурыў сінія вочы. — Для іх каля нямецкіх акопаў на калючым дроце георгіеўскія крыжы павешаны.
— Скулу ім у бок, а не крыжы. Ім драўляных крыжоў падвязуць, — гарачыўся Юшкоў, але Пчалаводаў, строга глядзеў на яго, гаварыў:
— Пра смерць не ўспамінай, хлопец. Яна і так за плячамі стаіць...
Неяк над акопамі пакруціўся варожы аэраплан, скінуў бомбы. Выбухам забіла Івана Бычыхіна, што быў веставым у камандзіра роты. Штабс-капітан Кукавераў прызначыў веставым Кузьму. Не хацелася Кузьму адрывацца ад сваіх хлопцаў, з якімі ўжо пасябраваў за гэтыя месяцы, але Пчалаводаў сказаў:
— Ідзі, ідзі... Яно, вядома, сярод афіцар'я многа паскуд. Але ж усё-ткі зацішней, не так лоб пад кулю падстаўляць будзеш.
Читать дальше