— Адступаем! Адступаем! — разнеслася наўкол.
Кузьма, прыгінаючыся, пабег назад з траншэі. Здавалася, вось-вось рухне на зямлю неба. Кузьму заляпіла вочы гарачым пяском, кінула, як трэску, у нейкую яміну. Тут канаў рыжы барадаты салдат, стагнаў, схапіўшыся рукамі за жывот, з якога выпаўзалі на снег сінія кішкі.
— Ой, мама... Ой баліць...
Кузьма пабег ад салдата, балюча стукнуўшыся каленам аб кола ад фурманкі, упаў, усхапіўся і зноў пабег. Ён бег праз густы чорны дым і ўсё не мог забыцца, як ідзе пара ад чалавечых кішок. І тут яго, як бы з-пад зямлі, нехта паклікаў:
— Радзімовіч...
Аддалялася артылерыйская кананада, рэзкі марозны вецер разганяў дым, усё наўкола вярталася да жыцця, святлела, і Кузьма ўбачыў Івана Кіпцюрчыка. Падпаручнік быў без шапкі, з ускудлачанымі валасамі і белым тварам. Яго амаль па шыю засыпала зямлёю ў варонцы. Толькі тырчала галава. Ён, відаць, быў паранены, бо моршчыўся.
— Радзімовіч... — зноў ціха пазваў, быццам выдыхнуў, Кіпцюрчык.
Кузьма разгублена спыніўся, не ведаў, што рабіць. Яго клікаў паранены, клікаў свой, але ж гэта быў Кіпцюрчык, ад аднаго голасу якога калісьці пачынала трывожна ныць душа. Кузьма стаяў і маўчаў, глядзеў, як пакрываюцца снегам бровы падпаручніка.
З агню і дыму выходзілі між тым, зрабіўшы сваю страшную крывавую работу, салдаты. Пячатка бою, які толькі што адгрымеў, яшчэ ляжала на іхніх стомленых, закопчаных тварах. Сёння яны засталіся пакуль што жывыя, і радасць свяцілася ў іх вачах.
Падышоў Іван Юшкоў, былы металіст з Екацярынабургскай губерні, ссутулены, чорнавалосы, з апушчанымі ўніз, нібы памочанымі ў вадзе, вусамі. Глянуў на Кузьму, на Кіпцюрчыка, галава якога, быццам бручка, тырчала з зямлі, спачатку здзівіўся, потым спахмурнеў. Рукі ягоныя дробна дрыжалі. Падышлі яшчэ салдаты, ціхія, засяроджаныя: Ягор Пчалаводаў, Іван Бычыхін, Іван Беламесных, Кандрат Лусковіч, Аўдзей Жабрэеў. Здавалася, не па ўзаранай снарадамі зямлі толькі што беглі і поўзалі яны, а вярнуліся з нябёсаў. Усе маўчалі. Раптам Юшкоў адвярнуўся ад Кіпцюрчыка, ад ягонай ускудлачанай галавы, бліснуўшы белым худым целам, спусціў з клубоў нагавіцы, сеў па патрэбе. Потым гэтае ж самае зрабілі іншыя, зрабілі ўсе, апрача Пчалаводава і Кузьмы. Яны сядзелі кружком, а ў цэнтры гэтага страшнага круга пагарды і помсты памірала, матлялася над зямлёй галава Кіпцюрчыка. Кіпцюрчык раптам усхліпнуў і адразу ж заціх.
— Пайшлі, хлопцы, — падцягваючы нагавіцы, сказаў Іван Юшкоў.
Потым у цеснай траншэі, на якую з чорнага зімняга неба падаў мяккі іскрысты снег, Кузьму ўсю ноч снілася адзінокая галава, што тырчала з мёрзлай зямлі. Галава на вачах ледзянела, рабілася бліскучая, гладкая, звонкая, адрывалася ад зямлі і кацілася проста на Кузьму. У яго ўсё замірала ў грудзях, ён хацеў уцячы, схавацца дзе-небудзь, але ногі не слухалі, быццам прымярзалі да зямлі. І тады ён крычаў ад страху, прачынаўся, бачыў чорнае неба над сабой, барадатую галаву Ягора Пчалаводава.
— Ты чаго крычыш? — пытаўся Пчалаводаў. І голас Пчалаводава напамінаў бацькаў голас. Кузьму здавалася: усё гэта ён сніць — траншэю, выбухі, смерць, кроў, сінія чалавечыя кішкі на белым снезе. Варта толькі некалькі разоў запар рэзка расплюшчыць і заплюшчыць вочы, страсянуць галавой, і ўсё сплыве, і застанецца бацька ў кажусе, абсыпаны снегам Сівец, што борздзенька бяжыць па глухой лясной дарозе. А ён, Кузьма, будзе ляжаць на спіне, тварам уверх, і мяккае пахучае сена будзе казытаць шчокі.
— Маладзён ты яшчэ, Кузьма, — казаў між тым Пчалаводаў, глыбей насоўваючы на галаву папаху. — Гэта кроў у табе крычыць. І свая. І чужая, тая, што праліў...
— Нікога я не забіваў і нічыёй крыві не праліваў. — Кузьму ўжо не хацелася спаць, і ён быў рады, што Пчалаводаў пачынае з ім гаворку. Пчалаводаў закурваў, хаваў цыгарку ў рукаў, кашляў. Потым упэўнена гаварыў:
— Забіў і ты. Хоць аднаго, ды забіў. Ужо год ваюем. Можа, і не хацеў пацэліць, а забіў. Але бог нам, воінам, адпусціць грэх, чалавечую кроў з душы здыме... Запомні: не плоць на вайне пакутуе, а дух...
Гэты самы Пчалаводаў здзівіў усіх тым, што ў час атакі кінуў у германца, які хацеў прапароць яго кінжалам, ручную бомбу, не вырваўшы з яе папярэдне чаку.
Германца ён толькі аглушыў і потым казаў усім, усміхаючыся ў светлую бараду:
«А навошта жывога чалавека рваць на шматкі? Я і так яму добра ўляпіў — будзе помніць...»
За гэта яму давялося пасядзець трое сутак на гаўптвахце, бо ротнаму, штабс-капітану Кукавераву, не спадабалася такая, нечаканая ў барадатага з пудовымі кулакамі асілка, гуманнасць.
Читать дальше