Антон сядзеў у фурманцы, згорбіўшыся, прыціснуўшы падбародак да грудзей. Не хацелася ні на кога глядзець. Не хацелася глядзець на свае рукі. Ён ненавідзеў гэтых людзей. Ён з агідай думаў, што дыхае тым жа паветрам, што і яны. І ён ужо быў звязаны з імі, звязаны крывёю. Кроў, хоць яе не было на руках, ланцугамі скавала ягоныя рукі. «Я біў чалавека, — думаў ён. — Безабароннага чалавека, якога ўпершыню ўбачыў, які не зрабіў і не мог зрабіць мне нічога благога. А я лічу сябе чалавекам. Ды я ўтрая горшы, чым нават гэты паручнік. Паручнік б'е таму, што ў яго такая служба, такі абавязак, што ён тут чужаніца. А я?..»
Ён глядзеў на спіны сваіх спадарожнікаў і са страхам думаў, што нічым не адрозніваецца ад гэтых людзей. Яны білі, але і ён жа біў. Хто паверыць, што ён не хацеў біць? Тыя жанчыны павераць, што стаялі з дзецьмі ка руках і галасілі? Тыя жанчыны, каб іхняя воля, утапталі б яго нагамі ў снег, выдзерлі б яму вочы. І ўсё было б справядліва і правільна.
Так, з такімі думкамі і перажываннямі, даехаў ён да Асіповічаў. Ён зусім змёрз, ледзь варушыўся. Але гэта ніколькі не палохала — на душы была дрымотная абыякавасць. Легіянеры пабеглі ў будынак вакзала па кіпецень, пабег і фурман-сандамірац, і тады Сташэўскі лёгка саскочыў на прытаптаны снег, сказаў:
— Ну, тут мне з вамі ўжо не па дарозе.
— Куды ж ты пойдзеш? — здзівіўся Гайкевіч.
За гэтыя чатыры дні дарогі ўсе асвойталіся і звярталіся адзін да аднаго на «ты».
— Свет вялікі, — шматзначна ўсміхнуўся Сташэўскі і абтрос з шыняля сена і снег.
Ён неяк адразу пасвяжэў, падцягнуўся, у вачах загарэлася ўпэўненасць і сіла. Антон успомніў, як ён біў селяніна, — біў ад поўнай душы, шчыра і прывычна, быццам у карты гуляў.
Сташэўскі глянуў на Антона вясёлымі вачамі, спытаўся:
— Брата Кузьму ўбачыш?
— Не ведаю... Можа, і ўбачу, — адказаў Антон і ў думках здзівіўся: навошта гэта Сташэўскаму?
— Убачыш — перадай прывітанне. Перадай, што прагну яго пабачыць.
Сташэўскі наставіў каўнер шыняля, збіраючыся ісці. Відно было, што ён задаволены сабой.
— Ад каго прывітанне? Ад цябе, Сташзўскага?
— Не ад Сташэўскага, а ад Стахеева, — Сташэўскі ўсміхнуўся, павярнуўся да Гайкевіча і Страха: — Панове, прашу прабачыць мне мой невялічкі маскарад. Я Стахееў. Сташэўскі — гэта проста фікцыя, маска, якую носяць, каб на пэўны час схаваць свой сапраўдны твар.
Ён пакланіўся ўсім і пайшоў з выглядам пераможцы, крыху накульгваючы. Антон здзіўлена глядзеў яму ўслед. Вар'ят нейкі, ды ўсё. Быў Сташэўскі — стаў Стахееў. Усю дарогу гаварыў пра Каіна і Авеля, пра Кузьму ўспамінаў... Які ж яго «сапраўдны твар»?
Як толькі выехалі за Асіповічы, падзьмуў сустрэчны вецер, узнялася завіруха. Коні ледзь ішлі. Сані правальваліся ў глыбокія сумёты, якімі была перамецена дарога. Без Сташэўскага ў санях стала прасторней, але затое і ветру было болей прастору. Антон стаў захутвацца і намацаў у кішэні званок. Дастаў яго, пакруціў у руках.
— А дзе ж ваш чацвёрты? — павярнуўшыся, спытаў паляк. Убачыў званок, выхапіў яго ў Антона з рукі, засмяяўся: — Добрая штучка!
Потым саскочыў з саняў, прывязаў званок да дугі, цмокнуў языком:
— Як на вяселлі паедзем.
Сані рвануліся насустрач ветру. Дзынкнуў званок. Потым асмялеў, зазваніў гучна і пералівіста. Так і паехалі. Спераду, з бакоў і зверху — завіруха, калючы снег, пранізлівы вецер. А пад дугой — званок. Пад польскай дугой званок, які званіў нядаўна на скірмунтаўскім з'ездзе. Слухаючы яго галашэнне, ехаў Антон далей ад бацькавай хаты, у снегавую замець, у белы вір завірухі, у невядомасць.
У Кузьмы было прастрэлена левае плячо. Дзён дзесяць ён ляжаў у вайсковым шпіталі, потым, калі палягчэла, выпісаўся дадому, у барак. Праскоўя аж учарнела. Не адыходзіла ад яго ні на хвіліну, мяняла бінты, папраўляла падушку, коўдру, прыносіла ў ложак піць і есці. Яна схуднела за гэтыя дні, шчокі запалі, нос завастрыўся, толькі вочы па-ранейшаму былі прыгожыя, гарэлі адданасцю і любасцю. Сяргейка таксама амаль увесь час быў дома, рэдка калі выходзіў на вуліцу. Гуляў на падлозе каля Кузьмовага ложка, з бярозавых паленцаў, з трэсак і кавалкаў цэглы будаваў крэпасць. Нагуляўшыся, ціха садзіўся каля Кузьмы, пытаўся:
— Татка, а цябе папраўдзе паранілі? Горш было, калі Праскоўя ішла на фабрыку. Сяргейка засынаў, і Кузьма сам-насам заставаўся са сваёй хваробай і сваёй адзінотай. У параненай руцэ яшчэ не патух боль. Часам, асабліва, калі на вуліцы пачыналася адліга, боль ажываў, вострымі зубамі ўядаўся ў цела. Доктар казаў, што куля зачапіла косць.
Читать дальше