— Я тут улада, — сказаў, раздзімаючы ноздры, паручнік.
Легіянеры вынеслі з хаты ўслоны. Сялянам здзіралі з плячэй кашулі, валілі тварам уніз на ўслоны. Адзін легіянер садзіўся чалавеку на шыю, другі навальваўся на ногі, трэці хвастаў шомпалам. Спіны ў мужыкоў былі белыя, незагарэлыя. Як і вядзецца, усё лета ў самую спёку, на касавіцы і на жніве хадзіў чалавек у кашулі. З-пад шомпалаў пырснула кроў.
Калі паклалі на ўслон Івана Канцавога, ён не крычаў, не войкаў, толькі жмурыўся, быццам снег сляпіў яму вочы.
— Дай мне. — Садоўнік выхапіў з рук у легіянера чырвоны шомпал. Потым прыкусіў жоўтымі зубамі губу, ударыў з усяго пляча: — Да косткі рассяку! Пабачу — ці чорная костка...
Канцавы заплюшчыў вочы, сцяў зубы і маўчаў. Пэўна, гнеў абудзіў у старым садоўніку маладую сілу, і шомпал аж свістаў у яго руках.
— Не чакай, не закрычу, — расплюшчыў мутнае ад болю вока Канцавы. — Сабака ты сівы... Ападак чарвівы з яблыні струхлелай...
Антон стаяў збоку, слухаў, як тонка і востра свішчуць шомпалы, і па ўсім целе ў яго расцякаўся холад. Гэта быў нейкі вар'яцкі сон. Цяжка было паверыць гэтаму. Але была — ён бачыў яе — кроў. Яе прагна ўбіраў у сябе снег і сам чырванеў. З кожным чалавекам, якога валілі на ўслон, снег рабіўся ўсё болей чырванейшы.
Раптам паручнік падбег да старога, адштурхнуў яго ад услона, глянуў наўкола бліскучымі шалёнымі вачамі.
— На! — працягнуў ён Страху шомпал. — Бі!
Страх уздрыгнуў, узяў шомпал, неяк бокам ступіў да ўслона, размахнуўся і шлёгнуў па чырвонай спіне.
— Бі! — крыкнуў паручнік Гайкевічу.
Аркадзь крыва ўсміхнуўся і таксама пачаў лупцаваць селяніна. Потым біў Сташэўскі. Гэты хвастаў старанна, умела, аж палякі загледзеліся.
Скончыў, выцер з твару пот, падышоў да Антона, сказаў:
— Трохі разагрэўся...
І вочы ў яго блішчалі.
Між тым да хаты Івана Канцавога збеглася ўся вёска. Жанчыны, трымаючы дзяцей на руках, галасілі. Мужчыны спадылба глядзелі на ўсё, што адбываецца, хмурыліся.
— Бяры! — падаў паручнік шомпал Антону.
Нясцерпна зіхцеў снег. Па гэтым снезе трэба было ступіць чатыры крокі. Да ўслона. Да знявечанай голай чалавечай спіны. Са снегу тырчала нейкая чорная галінка. Чамусьці падумалася, што вясной яна была зялёная, шумела ў небе.
У чалавека плечы былі нібы ў просе, у дробных бледных вяснушках. Ён ляжаў і ўздрыгваў усім целам. Шомпал апякаў далонь. Рука была цяжкая і адначасна млявая, так, як быццам яе пераляжаў. Хацелася сагнуцца і ў чыстым снезе апаласнуць, адмыць ад крыві шомпал. Ён ступіў апошні крок. На вузкім услоне трымцела перад ім белая чалавечая спіна, чакаючы пакуты. Зусім нядаўна, у кастрычніку, ён сам стаяў, прывязаны да бярозы. Ён узмахнуў рукой, ударыў. Спіна ўздрыгнула. Чалавек цяжка, перарывіста задыхаў. Антон заплюшчыў вочы, кінуў шомпал і пабег ад услона.
З сенцаў у Івана Канцавога легіянеры выкацілі бочку, поўную жыта.
— Не падзялілі, — пацёр сухія рукі садоўнік. — Не паспелі...
Жыта высыпалі проста на снег. Яно расцякалася па снезе, як жывое. Паручнік загадаў падвесці Радомскага. Спытаўся, паказаўшы на жыта:
— Ты рабаваў?
— Я браў тое, што належыць народу. І аддаваў народу...
Вяроўкі ўпіваліся Радомскаму ў цела, і ён моршчыўся.
— І ты пасля гэтага паляк? Для паляка святыя законы прыватнай уласнасці.
— Я паляк. Я з Польшчы Касцюшкі і Канарскага. Я з той Польшчы, якая заўсёды змагалася супраць рабства і якую вы ўтапталі ў гразь.
— Маўчы, пёс! — Паручнік сціснуў кулак, але не ўдарыў звязанага, загадаў: — У бочку яго!
Радомскага запхнулі ў бочку, вялікімі цвікамі прыбілі зверху накрыўку. Потым легіянеры пакацілі бочку па дарозе, так, як дзеці, робячы снегавікоў, качаюць снежныя круглякі. Проста за вёскай было глінішча — вялікія глыбокія ямы з крутымі схіламі. Тут летам капалі гліну. Легіянеры разагналі бочку і пусцілі яе па схіле. Падскокваючы, яна памчалася ўніз. Яна кацілася доўга-доўга, і ўвесь час следам за ёю віхурылася снегавое воблачка.
Паручнік аддаў каманду збірацца. Калі ўжо селі ў фурманкі, да паручніка падбег садоўнік, папрасіў ціха, кланяючыся:
— Вазьміце мяне з сабой...
Шчокі ў яго дробна дрыжалі. Паручнік засмяяўся:
— Ты мне болей не патрэбен. Ідзі ў лазню, пад свой палок, ці да іх... — Ён паказаў рукой на жанчын, што маўкліва стаялі каля скрываўленых услонаў.
Садоўнік пасінеў, каўтнуў паветра і асеў на снег.
Зноў пабеглі насустрач халодныя палеткі, узгоркі, з якіх вецер змёў снег, бела-зялёныя лясы. Снег скавытаў пад палазамі, быццам яму было балюча. Неба, ледзяное, крухмальнае, ціснулася да зямлі, нібы хацела пагрэцца ля цёплых вясковых комінаў.
Читать дальше