Ён змоўк, пагладзіў па галаве Сяргейку, што сядзеў на ложку са свістком у руцэ. Потым зноў загаварыў:
— А можа, і сапраўды, збіўся хлопец з дарогі. Нядобрыя людзі не ў той бок павялі. Дык што — адразу на ім крыж ставіць? Я не вялікі філосаф, Кузьма. Не было, чэсна сказаць, мне калі вучыцца. Але сёе-тое чытаў, людзей разумных слухаў, зараз ночы над кнігамі сяджу — час даганяю. І вось што я думаю. Чалавек, у душы сваёй, складаецца як бы з дзвюх палавін. У адной — мітусня жыцейская, клопаты, зайздрасць, нават жорсткасць. А ў другой — мудрасць, роздум і розум, чалавечнасць. Я так мяркую: нам, бальшавікам, трэба бачыць і цаніць у чалавеку перш за ўсё гэту другую палавіну, палавіну, якой ён да сонца павернуты.
Ён сам, здавалася, здзівіўся свайму адкрыццю, колькі хвілін стаяў моўчкі. На вуліцы ішоў снег. Праз невялікае акенца лілося ў барак сіняватае халоднае святло. Прарэзліва свіснуў у свісток Сяргейка. Рылюк схамянуўся, прагнаў з твару задуменнасць.
— На Беларускім з'ездзе, кажаш, брат твой быў? — ціха сказаў ён, павярнуўшыся да Кузьмы. — Там ён мог усяго наслухацца, там для Саветаў чорнай фарбы не шкадавалі. А ў хлопца душа маладая, нявопытная — мог паверыць. Прыгожымі размовамі пра радзіму, пра матчыну зямлю ў каго хочаш слязу з сэрца можна выбіць. Нацыяналісты, вядома, таксама любяць Беларусь. Але як? І якую Беларусь? Яны любяць Беларусь фальваркаў і хутароў, цэркваў і касцёлаў. Беларусь учарашнюю. І я, як беларус, не магу згадзіцца, не магу дапусціць, каб мой народ у іхніх руках зрабіўся народам-марыянеткай, каб яны на ягонай спіне ехалі ў рай... Нацыянальнае трэба сёння спалучыць, зліць з сацыяльным, з рэвалюцыйным. Беларускі народ заслужыў лепшай долі, і ён сёння змагаецца за яе. Крыўдна, калі твой брат акажацца палітычным дальтонікам, не зможа разгледзець, пад які сцяг стаць — белы ці чырвоны. Але я думаю, Кузьма, што ўсё будзе добра.
Ён дастаў з-за пазухі газету, разгарнуў яе:
— Вось што гаворыць наш Саўнарком у сувязі з роспускам нацыяналістычнага з'езда. «...Гэта барацьба не супраць працоўнага народа Беларусі, які адзін мае права рашаць пытанне аб нацыянальным самавызначэнні, і толькі сам народ можа правільна вырашыць яго ў інтарэсах працоўнага сялянства і рабочых. Гэта барацьба супраць рускай і беларускай буржуазіі, якія спрабуюць падмануць і заняволіць працоўныя масы ўсялякімі абыходнымі і прамымі шляхамі і спосабамі. Мы ўпэўнены, што беларускі народ з намі, таму што яго інтарэсы — гэта і нашы інтарэсы, яго ворагі — нашы ворагі».
— І яшчэ:
«...Народ сам разбярэцца, дзе яго ворагі, дзе яго сябры, і не дазволіць падмануць сябе.
...Няхай жыве свабодны беларускі працоўны сялянскі і рабочы народ!»
Кузьма ўважліва слухаў яго і думаў: які ўсё ж цяжкі і складаны час перажываюць людзі, якой павінна быць пільнай душа ў кожнага чалавека, каб не заблудзіць, каб не памыліцца.
Праз некалькі дзён прыйшоў у барак Юшкоў і яшчэ з парога сказаў:
— Танцуй, Кузьма. Адпускаем цябе на пабыўку дамоў. Аж на цэлых дзесяць дзён. Ты кроў за рэвалюцыю праліў, і рэвалюцыя пра цябе не забылася. Збірайся, і заўтра ж можаш ехаць.
— Праўда? — не паверыў Кузьма.
Яму чамусьці здалося, што Юшкоў жартуе.
— Калі я табе хлусіў? — пакрыўдзіўся Юшкоў. — Кажу, збірайся — значыць, збірайся. А можа, лепш у
каравул пойдзем?
Адразу пачаліся зборы. Кузьма вельмі хацеў з'ездзіць у вёску з сям'ёй. Але Праскоўя адмовілася, сказала, што дужа многа работы на фабрыцы, і яе як члена камісіі рабочага кантролю не адпусцяць.
«Адпусцілі б, — падумаў Кузьма. — Папрасілася б, і адпусцілі б. Цяпер у начальстве нашы людзі ходзяць. Яны б зразумелі. Проста баішся ты, Праскоўя, паказвацца на вочы свякрусе і свёкру. Скажуць яшчэ, што затлуміла маладому хлопцу галаву, з дзіцем на шыі ў яго павісла. Але ўсё роўна ж трэба некалі да ладу ўсё даводзіць, з'ездзіць да сваёй новай радні. Ну што ж, — вырашыў ён, — хай гэты раз яшчэ не едзе, хай трохі асмялее, а Сяргейку я абавязкова з сабою вазьму».
Праскоўя з нос збілася — рыхтавала падарункі свёкру і свякрусе. Абабегала ўсе крамы, схадзіла на рынак. Вярнулася стомленая, задыханая, з пакункамі і клункамі. Села на крэсла, сказала:
— Народу там, як на пажары. І ўсе нешта прадаюць. Хто сала, хто боты. Нават казу бабка прадавала. Ёсць адзежа, ёсць грамафоны і гармонікі...
— Гармонікі? — раптам перапытаў Кузьма. — Слухай, Праскоўя, давай купім гармонік.
— Ды навошта ён нам? — здзівілася Праскоўя. — Які з цябе музыка? А Сяргейка яшчэ малы.
Читать дальше