— А не баяўся ты з кароваю ісці? — пацікавіўся Лаўрэн. — Рознага ж люду бадзяецца цяпер па дарогах.
— Хіба я дурны? — пацёр чырвоную лысіну Каўшырка. — Я днём іду, а ноччу ў добрых людзей пераначую. Вот у цябе папрасіўся. А страх ё. Страх у чалавеку з малых гадоў сядзіць. Я сам, праўду вам скажу, страху нядаўна набраўся. І не ад бандзюкоў якіх-небудзь, а можна сказаць, па глупству. Зяць мой Ахрэм памёр — бервяном у лесе забіла. Ну, пахавалі яго, хаўтуры зрабілі, дачка пайшла з дзецьмі ў маю хату начаваць, а я — у яе хату. Ляжу на печы, сплю. І раптам чую — цюк-цюк... Быццам хто па хаце ходзіць. Вочы расплюшчыў — цемра кругом. Думаю — здалося. Толькі зноў быў задрамаў, чую зноў — цюк, цюк, цюк... Ходзіць. Па хаце ходзіць, і нібы на капытках якіх. Здранцвеў я, не дыхаю. А яно ўжо да печы ідзе. І вот ужо нібы на ўслончык узлазіць, што каля печы стаіць. Валасы ў мяне дыбам узняліся. Ляжу і хрышчуся. А яно зноў ад печы адышлося. Так усю ноч і пракалаціўся, як ліст асінавы.
Каўшырка ўздыхнуў, наліў яшчэ гарэлкі.
— А што далей было? — спытаўся зацікаўлены Антон і азірнуўся на акно, каля якога сядзеў.
— Анічога, — лоўка кульнуў Каўшырка сваю чарку і крэкнуў. — Бачыш: жывы я. Нават кароўку сабе купіў. Ета, ведаеце, што было? Парасё было. Брат мой, Рыгор, прынёс яго маёй Мархве, дачцэ. У мяшку прынёс і паклаў каля печы. А парасё ета дурное паляжала, паляжала, адагрэлася і пайшло па хаце гуляць...
Каўшырка паглядзеў на Лаўрэна з Антонам, засмяяўся і заспяваў:
— Гарэліца-пітуліца,
А хто ж к табе прытуліцца,
Як я памру?
— Вясёлы ты чалавек, — з сумам сказаў Лаўрэн. — А я вось так не магу...
Ён устаў з-за стала, прайшоўся па хаце, сеў на лаву, ашчаперыў галаву рукамі. Заціх, быццам скамянеў. Было чутно, як свішча за акном вецер.
— І мяне жыццё ў полымя кідала і ў гразі качала, — пасур'ёзнеў Каўшырка. — Але жыць жа трэба. Жыць трэба, чалавеча. Пакуль кроў у табе ё. Ты, бачу я, на пні засох. А жыццё такіх сухіх людзей абыходзіць. Цябе б на кут — замест абразоў...
Антон убачыў, як уздрыгнуў Лаўрэн. Здалося, зараз ён пакрыўдзіцца, раскрычыцца, нават з хаты выганіць госця. Але прайшла хвіліна, другая, а Лаўрэн маўчаў.
«Ну і целяпень ты, дзядзька, — падумаў Антон, — слоўца за сябе не можаш закінуць...»
— А ты жанаты, хлопец? — спытаўся ў Антона Каўшырка.
— Не, — адказаў Антон. — Думаю жаніцца... — І пачырванеў.
— Ета добрае дзела. — Каўшырка масціўся на лаве на начлег. Паклаў пад галаву сваю палатняную торбачку, развязаў на нагах аборкі. — Жонка і качаргой можа пад гарачую руку пачаставаць, і па душы разануць, як піла, але нам, мужчынам, яна заўсёды падтрымка. Мая Тэкля добрая была...
Ён перахрысціўся на абразы, лёг, нацягнуў на галаву світку і амаль адразу захроп.
— Я пайду, дзядзька. Спакойнай вам ночы, — сказаў Антон Лаўрэну.
— А чаго ж ты прыходзіў?
— Ды так, — адказаў Антон.
Ён прыйшоў дадому, з парога пачуў, як стогне Дзіна. Асцярожна падышоў да сястры, пагладзіў яе па валасах, спытаўся:
— Дужа баліць, Дзіяка?
Дзіна глянула на яго ўдзячнымі вачамі, цераз сілу ўсміхнулася. На хату і на вёску апускалася начная цішыня. Толькі адзін гук заставаўся ў ёй да самай раніцы. Было чутно, як шашаль точыць старое дрэва.
Раніцой Антон прачнуўся ад бацькавага голасу.
— Ты чуеш, Аўдоля, — гаварыў Прахор. — У Лаўрэна Лапыцькі карову сёння ноччу ўкралі...
— У яго ж нямашака каровы. — Аўдоля сядзела на ўслончыку і абірала ў чыгунок бульбу на снеданне.
— Дык не яго карову. Папрасіўся ў яго пераначаваць нейкі не наскі чалавек. Вёў карову, кажуць, з-за Слуцка...
Антон хуценька апрануўся і выбег на вуліцу. Ноччу была завіруха. Каля варотцаў і каля прызбы намяло вялізныя гурбы мяккага сіняватага снегу. Уверсе гурбы канчаліся пакручастымі брылямі, на якіх курэў снежны пыл.
Лаўрэн Лапыцька, як уюн, круціўся на сваім двары, раз-пораз падбягаў да хлеўчука, усё абмацваў прабой. І цёр рукавом чырвонага кажуха вочы, усхліпваў:
— Напільнікам перарэзалі... Ах, нелюдзі! Што ж я чалавеку чужому скажу, як у вочы гляну?
Каўшырка ў адной кашулі стаяў каля плота. Твар у яго быў разгублены, белы. Здавалася, ён яшчэ не зусім зразумеў, якая бяда яго напаткала. Убачыўшы Антона, паклікаў:
— Ідзі сюды, хлопец!
Антон спалохаўся: а што, калі Каўшырка падумае, што ўчора ён наўмысна так позна сядзеў у Лаўрэна? Загаворваў зубы, а ў гэты час з хлява выводзілі карову.
Але Каўшырка, сумна ўсміхнуўшыся, сказаў яму:
— Бачыш, хлопец, як дзела ета павярнулася? Сядзелі мы тут, байкі баілі, а ліхі чалавек не спаў...
Читать дальше