Лаўрэн маўчаў, стаяў ля парога, як няпрошаны госць. Каўшырка ж, здаецца, зусім забыўся пра сваю бяду. Дастаў з торбачкі хлеб, сала, пачаў іх рэзаць на стол і гаварыў:
— Каб жа ведаў, чалавеча, дзе спатыкнешся... У майго суседа Мікіты Доўгага карову ў полі маланкай забіла. Кароў дваццаць хадзіла, а Ілля, прарок еты самы, толькі ў яе пацэліў. А кароўка дробненькая была, невялічкая.
«Ну і душа ў чалавека, — думаў пра Каўшырку Антон. — З крэменя. Іншы б ужо слёз поўную дзежку наплакаў. А гэты сала рэжа, нават пасміхаецца...»
Антон не пайшоў дадому. Нешта затрымала яго ў гэтай хаце. Відаць, чужое гора, якому хацелася паспачуваць, на якое хацелася паглядзець, хоць і халаднела ад яго ўсярэдзіне. Як прыкмеціў Антон, гэта было больш Лаўрэнава гора: быццам Лаўрэнаву карову ўкралі.
Антон ужо даўно заўважыў, што ў нечым яны падобныя, ён і Лаўрэн Лапыцька. Не заўсёды яму падабалася гэтае падабенства, нават не хацеў ён яго, але што зробіш? «Чым мы падобныя? — седзячы на старым Лаўрэнавым сянніку, пакутліва думаў ён. — Пэўна, адзінотай сваёй. Жывём, як сіроты, сярод людзей...»
Нарэшце Лаўрэн трохі ачомаўся, падышоў да Каўшыркі, вінаватым голасам сказаў:
— Што ж будзем рабіць, Дзяніс?
— А што рабіць? — узняўся з лавы Каўшырка, і аказалася, што ён на галаву вышэйшы за Лаўрэна. — Ты будзеш маліцца, а я буду песні спяваць.
Яны зноў змоўклі. Кожны думаў пра сваё. Мякка біўся ў мутныя шыбы снег. І тут дзверы расчыніліся, і ў хату ўвайшоў Мішка Сырамалот. Зняў з галавы белую ад снегу шапку, стукнуў ёю аб калена, весела сказаў, звяртаючыся да Каўшыркі:
— Ідзі забірай сваю рагулю.
На нейкае імгненне ўсе анямелі.
— Няўжо знайшлі? — першы апамятаўся Лаўрэн і выбег на двор.
За ім выйшлі Каўшырка з Антонам. Каўшырка, хоць вочы ў яго радасна свяціліся, ішоў надта спакойна. Быццам яго нічога не цікавіла. На двары стаяла і галодна мыкала чырвона-бурая карова. Адзін рог у яе быў абламаны, на другі накінута вяроўка. Мішка адвязаў вяроўку ад плота, горда глянуў на Каўшырку. Той трохі патаптаўся, збіў шапку на патыліцу, сказаў:
— Мая ж чорная была, а ета чырвоная.
— Бяры. Малако ўсё роўна белае будзе, — уклаў яму ў руку вяроўку Мішка. — Гэтую карову наш чмялёўскі рэўком табе дае. Сам таварыш Бацюта сказаў, каб далі. Ён хацеў сюды падысці, ды жонка ў яго захварэла.
Каўшырка разгублена глядзеў то на Мішку, то на карову. Ён думаў, што над ім жартуюць, і соп носам. Мішка раптам схапіў карову за рог, рэзка павярнуў яе галаву да Каўшыркі:
— От, чалавек... Бяры, табе кажуць. Савецкая ўлада табе дае.
У Каўшыркі закалаціліся рукі. Ён узяў вяроўку, наматаў яе на шырокую чырвоную далонь.
— Братачка, — сказаў ён Мішку, і голас ягоны ўздрыгнуў. — Век цябе буду помніць. Дзеці мае за цябе будуць маліцца...
Каўшырка па-дзіцячы ўсхліпнуў, выцер рукавом вочы. Тады апамятаўся і Лаўрэн Лапыцька. Зняў шапку, пакланіўся Мішку ў пояс:
— Ну і ўдружыў, Сырамалот. З шыбеніцы, можна сказаць, зняў. А Бацюту Андрэю я таксама аддзякую... Сёння ж аддзякую.
Твар у Лаўрэна пасвятлеў, памаладзеў. Лаўрэн падышоў да каровы, пачаў яе гладзіць. Карова глядзела на яго сумнымі вільготнымі вачамі.
І толькі Антону ўсё гэта не спадабалася. Вельмі ж ужо зрабілі Мішку нейкім героем. Дзякуюць, ледзь рукі не цалуюць. А ён і нос задраў. Антон адышоўся ўбок і лапцем калупнуў снег на прызбе.
Каўшырка адразу ж пачаў збірацца ў дарогу. Хуценька напакаваў сваю торбу, нават адмовіўся ад снедання. Быў ён узрушана-шчаслівы, насвістваў сабе пад нос.
Прыкладна праз паўгадзіны ён рушыў з вёскі. Усім моцна паціснуў рукі, Лаўрэну хацеў заплаціць за начлег, але той адмахнуўся ад грошай, як ад агню.
Неба тым часам пасвятлела. Вецер ссунуў хмары на захад, і блакітная паласа неба заззяла над зямлёй. З хатаў павыходзілі людзі. Каўшырка ішоў па вуліцы, ведучы за сабой карову. Карова нізка апускала галаву, нюхала снег. Каўшырка, прыўзнімаючы шапку, кланяўся, развітваўся з усімі, усміхаўся. Людзі гаварылі яму:
— Ну што, знайшоў сваё малако?
— Як карову зваць будзеш?
Каўшырка слухаў-слухаў іх, а потым весела шпурнуў на снег шапку:
— Дзе я яе прыдбаў? У Чмялях? Значыць, і назаву яе — Пчала.
Ён узрадаваўся, што прыдумаў карове такую добрую мянушку. Таргануў вяроўку, прысвіснуў:
— Пайшлі, Пчолка.
Разам з каровай ён выйшаў з вёскі, узабраўся на парослы хвойнікам узгорак, памахаў адтуль шапкай, спусціўся ў лагчыну і знік у белым снежным полі.
Усім стала трохі сумна, што болей ніколі не сустрэнуць яны Каўшырку. Быццам і не было яго.
Читать дальше