Яны пацягнулі па снезе плуг наўкол усяго двара.
— Тры баразёначкі трэба зрабіць і малітвы святыя пачытаць. І тады не пройдзе злы дух у хату, — прашамкала бяззубым ротам Еўка.
Плуг цяжка ўразаўся ў мокры прытаптаны снег. Пакручастая баразна аббягала плот, потым ішла каля паветкі, заварочвала за хату. Еўка, а за ёй і Аўдоля ўвесь час шапталі малітвы, хрысціліся. Антон стаяў каля плота і глядзеў на маці. Ніколі яшчэ не бачыў яе такою: твар завостраны, валасы распусціліся, на твары застыла каменная пакора: паднясі агонь да вачэй — не ўздрыгне. Маці ішла, усім целам нахіліўшыся наперад, напружыўшы спіну і ногі. Ён бачыў, як рэзка выступілі ў яе на скронях і на шыі сінія жылы. Пот заліваў маці вочы. Яна часта спатыкалася, цяжка дыхала, але, здавалася, гатова была прайсці з гэтым плугам праз усю зямлю.
— Цьфу, — не вытрымаў Прахор. — Дзівіцеся, людцы: дзве кабылы. Адна старая, другая трошкі маладзейшая. Каму трэба палосу ўзараць?
Ён махнуў рукой, унурыўшы галаву, пайшоў туды, дзе на месцы стопкі дыміліся чорныя галавешкі.
А Еўка з Аўдоляй пачыналі другі круг. Плуг ішоў усё цяжэй, усё павольней. Аўдоля развязала хустку, кінула яе на снег. З усіх бакоў сыходзіліся людзі, глядзелі, маўчалі. Антону было шкада маці, было крыўдна і сорамна за яе. Можа, упершыню ён убачыў, якая яна ўжо старая, змучаная і непрыгожая ў гэтай сваёй змучанасці.
«Людзям што? — думаў ён, адчуваючы шчакой холад яловай жэрдкі, — пастаяць людзі, паглядзяць, пасмяюцца і пойдуць дамоў. Вунь нават Людвік Перуноўскі прыбег».
Яму раптам стала горача. Захацелася крыкнуць, разагнаць людзей. Ён зайшоў на двор, сеў на сасновую калоду, якую разам з бацькам учора прывёз з лесу. На плоце вісела гладышка, і ў ёй тоненька спяваў вецер. «Хто гэта зімой гладышкі на плот вешае?» —неяк лена падумалася яму. Гарачыня прайшла, саступіўшы месца злосці. Успомнілася, як прыходзілі да Дзіны Іван Міхейчык з Мішкам Сырамалотам, каб праведаць што-небудзь пра Баўтрука, як плакала Дзіна. «Гэта яны яе ў агонь піхнулі, — падумаў ён. — Рахманыя, як авечкі, а кусаюць балюча. Ніколі болей не пайду ў маёнтак».
Яго раптам скаланула ад холаду. Ён устаў, выйшаў з двара. Захацелася сустрэць Яніну, расказаць ёй пра ўсё. Але не. Яшчэ не хапала, каб Яніна ўбачыла, як ягоная маці цягне плуг. Трохі падумаўшы, Антон пайшоў да Лаўрэна Лапыцькі.
Лаўрэн не грэўся, як звычайна, на печы. Разам з нейкім сівым і лысым дзядзькам ён сядзеў за сталом, на якім стаялі міска квашанай капусты і бутэлька з гарэлкай, напалову выпітая.
Антон нерашуча патаптаўся ў парозе.
— Заходзь. Чаго стаіш? — падбег да яго Лаўрэн і за руку пацягнуў да стала.
— Гэта ж во ў мяне чалавек папрасіўся пераначаваць, — гаварыў ён, наліваючы Антону гарэлкі. — Карову купіў. Аж са Слуцка вядзе...
Лысы дзядзька, ужо трохі п'янаваты, весела падміргнуў Антону і раптам заспяваў тонкім пісклявым голасам:
Із-за Слуцка,
Із-за Клецка,
Едзе служба
Маладзецка-а-а...
— Бачыш, які ў мяне вясёлы госць, — пахваліўся Лаўрэн Антону. Але сам быў сумны, толькі памачыў губы ў гарэлку, сядзеў, перакочваў у бяззубым роце хлебную скарынку.
— Я сам пра сябе скажу, чалавеча, — засмяяўся лысы дзядзька і павярнуўся да Антона: — Выпі спачатку ёта каліва...
Гарэлка, здаецца, абпаліла горла. Антон папярхнуўся.
— Укусі капусты, — падсунуў яму талерку дзядзька. — Агонь з душы здыме... Дык сам я Дзяніс Каўшырка. Дзяцей у мяне восем душ. Хата ё і гаспадарка ё. А жонка ўвосень памерла. Наступіла нагой на ржавы цвік. Застаўся я адзін, як месяц у небе. А тут і карова ў балота правалілася і прапала. Ну і надумаў я новую карову купіць — дзецям жа трэба нешта есці. Швагер мой каля Слуцка жыве, ён мне нараіў ету кароўку. І вось са Слуцка, на Друць, да Бялынічаў іду. Чулі пра такія?
— Чулі, — махнуў галавой Лаўрэн. — Там усе людзі з белымі валасамі.
— Ну і ўпаліў, — ад смеху вочы ў Каўшыркі звузіліся ў малюсенькія шчылінкі. — Ды ты глянь на мяне — я цяпер лысы, а раней багаты волас меў. Рыжы ў мяне волас, ангельскі. Так што розныя людзі там жывуць.
Антон еў нясмачную, пераквашаную капусту, глядзеў на Каўшырку.
Дзіўны чалавек і гаворыць неяк дзіўна, не так, як у Чмялях. Гаворыць «ета», «ё».
— Дзядзька, — спытаўся Антон, — вось вы па зямлі прайшлі. Як народ жыве?
— Народ, чалавеча, жыве. Куды яму дзецца, народу? Улада новая, так я разумею, правільная. За мужыка стаіць. Ды толькі кожны ўладу ету па-свойму разумее, на свой капыл. Адзін ад яе паболей ухапіць хоча, другі крычыць, што сябра ёй самы лепшы. А ўчора за здароўе цара-бацюшкі маліўся.
Читать дальше