— Запомніць нашы Чмялі, — усміхнуўся Мішка Сырамалот. — Не ў кожным сяле карову даюць...
І тут Антон не вытрымаў. Непрыязнасць да Мішкі, якую да гэтага стараўся нічым не выказаць, успыхнула ў ім з новай сілай.
— Кожны можа чужую карозу даць, — буркнуў ён.
— Як гэта — чужую? — здзівіўся Мішка.
— З графскай фермы.
— Ну, брат, — аж спыніўся Мішка, — ты што — з неба зваліўся? Рэвалюцыя ж. Усё, што было графскае, стала наша.
— Усё роўна чужая. Сваю б ты не аддаў.
— Несазнацельны ты чалавек, Радзімовіч, — Мішка пасур'ёзнеў і ўпершыню назваў Антона па прозвішчу. — З сялянскай працоўнай сям'і, а ў галаве ў цябе шляхецкая мякіна. Яшчэ пра Спартака збіраўся сачыняць... Які ты Спартак: цябе б і блізка не падпусцілі да спартакаўскага войска...
— Будзь ты Спартаком, — злосна выдыхнуў Антон. — Праўда, носам не выйшаў, але нічога — з тваім языком усяго даб'ешся.
Ён крута павярнуўся і амаль пабег ад Мішкі і Лаўрэна. Злосць туманіла яму вочы. Хопіць! У яго ёсць свая галава, і ён не дасць вадзіць сябе на павадку. Вадзіце графскіх кароў, а яго, Антона, не чапайце. А Лаўрэн размяк. Купілі за карову. Вось табе і маўчун.
Спяшаючыся, ішоў Антон па вуліцы і здалёк убачыў: каля іхняй хаты сядзіць на лавачцы нейкі чалавек. Утуліў галаву ў плечы, рукі сашчэплены на каленях. Хто б гэта мог быць? Бацька ніколі б так не рассеўся сярод белага дня. Калі надарыцца вольная хвіліна, бацька лепей шмыгне куды-небудзь у гумно ці пад паветку, далей ад жончыных вачэй.
«А можа, Кузьма вярнуўся з войска?» — аж захлынуўся ад радаснай здагадкі Антон.
Але гэта быў не Кузьма. Атрасаючы з чорных штаноў снег, хукаючы на рукі, з лавачкі падняўся Аркадзь Гайкевіч. Быў ён акуратна паголены, чысты, вясёлы, але вочы чырвоныя — пэўна, недаспаў. Ён паціснуў Антону руку сваёй халоднай рукою. Антон узрадаваўся нечаканаму госцю. Гэты хоць не будзе павучаць на кожным кроку.
— Як жывеш, Антон? — спытаўся Гайкевіч.
Голас у яго быў ціхі, стомлены.
Антон глянуў на яго новыя белыя буркі ў чорных бліскучых галёшах, сумнавата ўсміхнуўся:
— Не так, як у горадзе. У нас тут свая публіка: коні ды свінні.
— А я толькі што з вашага павета, з Ігумена прыехаў, — не прыняў яго жарту Гайкевіч. — І адразу да цябе. Збірайся, братка, у Менск.
— У Мінск? — здзівіўся Антон. — Чаго? У мяне там родзічаў няма.
— У цябе там будзе аж за тысячу родзічаў. 15 снежня Усебеларускі кангрэс збіраецца. Лёс краю свайго будзем вырашаць.
— А мне чаго туды ехаць?
— Ты, братка, будзеш дэлегатам ад Чмялёўскага валаснога земства. Уся Беларусь збіраецца. Ад кожнай губерні, кожнага павета людзі павінны прыехаць. І ад бежанцаў нашых, па белым свеце раскіданых. Ад пяцідзесяці сем'яў адзін дэлегат. І ад ваякоў-беларусаў. Пяць тысяч ваякоў пасылаюць аднаго свайго чалавека. Будуць таксама дэпутаты Устаноўчага сходу ад Беларусі. На Вялікі Народны збор, Антоне, паедзеш.
Гайкевіч гаварыў гэта ўрачыстым голасам, вочы ў яго ззялі.
— Мяне ж ніхто туды не выбіраў. Як я паеду? — разгубіўся Антон.
— У нас не выбіраюць. Цябе, як дэлегата, запрашае Беларуская рада. І ўсіх так. Я ў павеце наконт цябе дамовіўся. Толькі, — Гайкевіч сцішыў голас, — нікому пра гэта ні слова. Не трэба, каб лішнія вушы чулі. Асабліва новым сённяшнім начальнікам не прагаварыся. Хто ў вас тут у начальстве цяпер ходзіць?
— Каваль Бацюта. З нашых — Яўхім Сцепанюга, Мішка Сырамалот і яшчэ чалавек пяць...
— Ну во. Гэтым не трэба ведаць. Яны нас не дужа шануюць...
Ён сказаў слова «нас» так, быццам быў, самае меншае, стрыечным братам Антону.
— Бацьку ж з маці я павінен сказаць, куды паеду, — нахмурыўся Антон. Ён ужо цвёрда вырашыў: як бы там ні было — паедзе ў Мінск. Ніхто не можа яму забараніць. Хоць раз на белы свет трэба глянуць, людзей убачыць. У душы ён быў вельмі ўзрадаваны: з Чмялёў запрасілі яго, толькі яго.
— Бацькам можаш сказаць, — дазволіў Аркадзь. — Я ведаю: яны ў цябе неязыкатыя. Бо табе мандат і пропуск на з'езд, — дастаў ён з унутранай кішэні паліто доўгую жаўтаватую паперыну, — а во трохі грошай: на білет. Грошай яшчэ вазьмі з сабой і з'есці чаго, бо ў Менску з харчаваннем слаба. І заўтра выбірайся ў дарогу. Як прыедзеш, адразу пытайся, дзе гарадскі тэатр. З'езд будзе ў тэатры. Ну, братка, не падводзь мяне. А я пабягу. Мяне фурманка на Ігумен чакае.
Ён паціснуў Антону руку, павярнуўся і пайшоў. Ад яго галёшаў на снезе заставаўся прыгожы след — дробненькія кружочкі і зорачкі. Антон сеў на лавачку, паглядам правёў Гайкевіча да павароткі. Над галавой, ушчыміўшыся ў плот, голым голлем шумела сліва. Непадалёку выбегла з хаты Франя Перуноўская без хусткі, з голымі па локаць рукамі. У дзіравым вядры несла жар з печы, сыпанула яго ў снег. Чырвоныя распаленыя вугольчыкі аж запішчалі ў халодным снезе, а над тым месцам, куды яны ўпалі, узнялося воблачка белай пары. Франя ўсміхнулася Антону і зноў пабегла ў хату. «Заўтра я еду ў горад», — падумаў Антон, і яму зрабілася трывожна і весела.
Читать дальше