Я памкнуўся выйсці. «Куды вы? Не ўдасца ўхіліцца ад галасавання», — перапыніла Бугаёва. У мяне ўсё затрымцела, але стрымаўся і спакойна адказаў: «Калі вас так цікавіць, куды іду, можаце мяне праводзіць…» Варвара Іванаўна зарагатала: «Ну, палучыла?» — «Гэта нахабства! Бачыце, да чаго яны дайшлі». У калідоры дрыжачаю рукою прыпаліў папяросу, выйшаў у двор і затуліўся ад рэзкага ветру за сцяною. Думаў, перачакаю, пакуль перабушуюць страсці і разапнуць гэтую мілую новую ахвяру. Але памыліўся. Вярнуўся, калі прымусілі гаварыць Валю. «Каго любіць і ненавідзець, справа мая асабістая. А вас, Наталля Іванаўна, вызваляю ад агіднай місіі мерзнуць пазавуголлю і сачыць, куды і калі я іду. Я выходжу замуж за Івана Рудога». Зацягнулася нямая сцэна, як у «Рэвізоры» Гогаля. Маўчанне парушыла Бугаёва: «Ну, цяпер усё ясна. Хто за хадайніцтва перад райкамам камсамола і райана, прашу галасаваць. Смялей, смялей, таварышы». Яна свідравала кожнага сваімі вузкімі драпежнымі вачыма. Дырэктар не то падняў руку, не то пачухаў за вухам. Я сядзеў унурыўшыся, нібы глухі. «Ну а вы?!» — «Мне сорамна ўсё гэта слухаць. Нельга ў далікатных адносінах шукаць палітычную падкладку. А каб не псаваць ваш пратакол, запішыце — ссыльны ўстрымаўся».
З таго педсавета мінула ледзь не сорак гадоў, а сорам точыць маё сумленне: устрымліваецца баязлівы, бязвольны і беспрынцыпны чалавек. У кожнага павінна быць цвёрдая пазіцыя: або — або. Я павінен быў сказаць усё, што думаў, але страх за сям’ю не дазволіў лезці на ражон, тым больш што нічым не дапамог бы Валі. Наталля Іванаўна далажыла б Пушыкаву пра салідарнасць, блок, ледзь не арганізацыю ссыльных, а там нядоўга завесці і новую справу на рэцыдывістаў.
Мне агідна было заходзіць у настаўніцкую, сустракацца з трыма раз’юшанымі жанчынамі з паталагічнаю патрэбаю ламаць лёсы і душы сумленных людзей, таму на перапынках затрымліваўся з вучнямі ў класе і на калідоры і толькі забягаў змяніць класны журнал.
Валю Салаўёву выжылі са школы на першым годзе работы. Яна з годнасцю і пагардай сустрэла незаслужаныя абразы і знявагі, не прасіла ні ў кога літасці, не пісала скаргаў. Перанесла свой чамаданчык да Івана, надзела целагрэйку і гумовыя боты, завялі яны парсюка, вясною засадзілі соткі і былі абое шчаслівыя.
Я ведаю і далейшы лёс гэтай сям’і. Як толькі вызвалілі Івана, яны паехалі ў Вышні Валачок, Валя была настаўніцай і дырэктарам школы, абое ўступілі ў партыю, выгадавалі трое дзяцей.
Я часам і цяпер успамінаю сваю слабасць, і сумленне грызе і раздзірае душу, як кароста.
Агляд пачаўся ў Доме культуры выступленнем раённай сярэдняй школы. Удзельнікі канцэрта ў прыгожых касцюмах добра спявалі, дэкламавалі, добра выконвалі танцы народаў розных рэспублік, паставілі сцэны з п’есы «Цімур і яго каманда». У зале сядзела амаль уся школа, і, як футбольныя балельшчыкі, усе апладзіравалі нястомна.
Пасля перапынку выступалі мы. Літмантаж, частушкі, вянок франтавых песень прайшлі з поспехам. А спектакль «Мікіта Кажамяка і Змей Гарыныч» зачараваў усіх гледачоў. Царскія і баярскія ўборы зіхацелі блёсткамі, здалёк парыкі з панчошак здаваліся сапраўднымі лысінамі, а калі з лязгатам і свістам вылятаў на сцэну «сапраўдны» даўжэзны, з шыпамі на спіне, з агеньчыкамі ў вачах і з шырока разяўленай пашчай Змей Гарыныч, зала замерла, а малыя ад страху палезлі пад лаўкі. Схватка Мікіты са Змеем стала вяршыняй спектакля. Мільгаў падсвечаны чырвоным ліхтаром блішчасты меч, ад яго ўдараў адлятала адна змяіная галава, на яе месца высоўвалася другая, і так некалькі разоў. Эфект быў незвычайны. У канцы ўсе прысутныя стоячы апладзіравалі артыстам таежнай сямігодкі. На сцэну прыбег загадчык райана павіншаваць з поспехам і загадаў не здымаць касцюмы: праз гадзіну трэба будзе ўсё паўтарыць яшчэ раз для насельніцтва райцэнтра за пэўную плату.
Мясцовы радыёвузел так разрэкламаваў нашу праграму, што ў клуб людзі пайшлі натоўпамі. Былі занятыя ўсе месцы і праходы. Падбадзёраныя пахвалою самога Маеўскага, мае артысты стараліся як ніколі. Маленькі басавіты Мішка Пшанічны, засунуты ў змяінае тулава, вырабляў такія выкрунтасы, што зала аж раўла і бясконца апладзіравала.
Неспадзявана мы занялі першае месца, а грошы, выручаныя за наш спектакль, пайшлі на прэміі ўсім удзельнікам. Другое месца заняла раённая школа. Пакрыўджаныя тупалі і свісталі, крычалі: «Няправільна!», патрабавалі перагляду, але рашэнне журы было канчатковае. Мы пачалі складаць свой «рэквізіт», як на сцэну з малым сынком зайшоў сам Пушыкаў. Ён першы кіўнуў мне і загадаў паказаць хлапчуку, што гэта за змей, з чаго зроблены і як свецяцца вочы, бо малы думае, што прывезлі з тайгі жывую пачвару. Пушыкаў пахваліў удзельнікаў і буркнуў мне: «Здорава ў вас выходзіць».
Читать дальше